Хiрург з душою мастака

Імя Віталя Платонавіча Федарука, загадчыка хірургічнага аддзялення Маларыцкай ЦРБ, добра вядома многім у раёне. Яго залатыя рукі, высокі прафесіяналізм не аднаго маларытчаніна паставілі на ногі, вярнулі да паўнацэннага жыцця.

Нарадзіўся і вырас Віталь Платонавіч у вёсцы Купічэў Валынскай вобласці Украіны. Пасля заканчэння сярэдняй школы паступіў у Ковельскае медыцынскае вучылішча (1964г.),  потым – у Гродзенскі медыцынскі інстытут, які закончыў у 1979г. На першае рабочае месца быў накіраваны ў г.Лунінец, а з 1 чэрвеня 1981г. па сённяшні дзень нязменна працуе ў Маларыце.

Мара стаць хірургам узнікла яшчэ ў дзяцінстве. Акрамя таго, моцна хацелася быць і мастаком, напісаць многа карцін і арганізаваць персанальную выставу. У душы падлетка гэтыя два пачаткі пастаянна вялі паміж сабою барацьбу, то адзін на нейкі час перамагаў, то другі. Аддаць перавагу чамусьці аднаму Віталь Федарук так і не змог канчаткова нават і да сённяшняга дня. Яго чуйная душа “разрываецца, дваіцца” паміж тым і тым. Але рашэнне паступаць не ў акадэмію мастацтваў, а ў медыцынскі інстытут сфарміравалася ўжо ў 7 класе. Дапамог выпадак. Неяк хлопец з падазрэннем на апендыцыт трапіў у бальніцу. Ужо нават ляжаў на аперацыйным стале. Пакуль хірургі рыхтаваліся да аперацыі, чамусьці моцна спужаўся, боль знік сам па сабе, і, каб ніхто не бачыў, ціхенька вярнуўся ў палату. Медперсанал стаў шукаць уцекача па аддзяленню.

— Потым мяне ўрачы яшчэ раз уважліва агледзелі,- успамінае Віталь Платонавіч,- і вырашылі “не рэзаць”, а паназіраць, што будзе далей. Але нічога не здарылася, і мяне адпусцілі дадому. Да гэтага часу так і жыву са сваім апендыцытам. Пасля таго выпадку цвёрда вырашыў вывучыцца на хірурга, бо хацелася дапамагаць тым, хто пакутуе ад хваробы.

Сваю працу Віталь Федарук вельмі любіць, хоць і нялёгкая яна, вельмі адказная, напружаная. І патрабуе, безумоўна, вялікіх затрат фізічных і душэўных сіл, бо аперыруе амаль кожны дзень. Калі ад яго залежыць жыццё чалавека, то які можа быць выхадны? Тым больш, што за мінулы год аператыўная актыўнасць па раёну вырасла на 50%, а ў некаторыя месяцы нават на 70%. Для Віталя Платонавіча Федарука праца хірурга без перабольшання – мастацтва, але толькі медыцынскае, спецыфічнае. Гэта – мастацтва вылечвання людзей. Прыгажосць вынікаў працы хірурга нельга ўбачыць імгненна. Яны праяўляюцца праз некалькі тыдняў, месяцаў ці нават год. Віталь Платонавіч атрымлівае задавальненне ад таго, што чарговы хворы стаў на ногі. У яго такі характар, што і дома, і ў выхадныя думае пра сваіх пацыентаў з аддзялення, тэлефануе, цікавіцца станам іх здароўя. А з “цяжкімі”, здаецца, кладзецца спаць і ўстае.

— Мой доктарскі прынцып: пускаць уперад розум, а не рукі. Прааперыраваць не штука, — па-філасофску заўважае Віталь Федарук. — Галоўнае – выхадзіць чалавека. І калі атрымліваецца так, як прагназавалася, то на душы становіцца прыемна. Так павялося з самай першай аперацыі на востры апендыцыт, якую  зрабіў у субінтэрнатуры. Хоць і асісціраваў вопытны ўрач, але ўсю паўнату адказнасці нёс я.

Кожнага хворага ў нейкай ступені ўрач В. П. Федарук успрымае як свайго сямейніка, роднага чалавека. І калі ўлічыць той факт, што ў мінулым годзе з 417 аперацый амаль 300 зрабіў Віталь Платонавіч, то радня атрымліваецца вялікай, якая прырастае з месяца ў месяц, з году ў год. Федарук-хірург выдатна памятае сваіх былых пацыентаў, тых, хто трапіў пад яго нож і 5 год назад, і 10, і 20. Пры сустрэчы заўжды абавязкова цікавіцца іх самаадчуваннем і справамі. Не забывае ў такія моманты шчырае, цёплае слова сказаць і падбадзёрыць чалавека.

Калі выпадае вольны час, Віталь Платонавіч дастае мальберт, алейныя ці акварэльныя фарбы, пэндзлі і аддаецца другой сваёй стыхіі – маляванню (дарэчы, захапіўся гэтым у 13 гадоў, а ў час вучобы ў інстытуце на 0,5 стаўкі працаваў мастаком). Асабліва любіць “фатаграфаваць пэндзлем” розныя пейзажы і сцэны палявання. Калі карціна невялікая і простая, то гатовай атрымліваецца за некалькі гадзін, калі складаная і вялікая, то творчы працэс займае некалькі дзён. Адлюстраванае на палотнах Віталя Федарука – гэта своеасаблівая споведзь пра глыбінныя імкненні душы. Яго карціны  асэнсаваныя, усвядомлена пабудаваныя, напоўненыя аптымізмам і вераю ў жыватворную сілу мастацтва. За сваё жыццё Віталь Федарук намаляваў не адно жывапіснае палатно на высокім прафесійным узроўні, але большасць з іх проста падарыў сябрам і знаёмым.

Мікалай Навумчык.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.