Усю работу – “адной левай”

13 жніўня адзначаецца міжнародны дзень леварукіх людзей. Афіцыйна падлічана ўжо, што каля 10 працэнтаў насельніцтва зямлі – ляўшы. А гэта значыць, што тых людзей, хто ўсё робіць левай рукою, – мільёны. У 1992 годзе ўпершыню было адзначана неафіцыйнае свята – дзень ляўшы. І заклікана яно напомніць вытворцам тавараў, што важна ўлічваць і зручнасць для леварукіх людзей. Бо цяпер уваходныя дзверы, замкі, розныя прылады і нават камп’ютарная мышка створаны для праварукіх людзей. А яшчэ гэты дзень – падстава яшчэ раз зрабіць акцэнт на тое, што людзі, якія маюць асаблівы ген леварукасці, не павінны адчуваць сябе “няправільнымі”. Бо, як адзначаюць псіхолагі, ляўшы валодаюць вялікім творчым патэнцыялам. Спіс людзей, якія ўсё рабілі “адной левай”, вельмі багаты . Гэта Марк Твэн, Леанарда да Вінчы, а таксама Бетховен, Рахманінаў, а яшчэ Юлій Цэзар і Аляксандр Македонскі, Напалеон Банапарт і Карл Вялікі, Уінстан Чэрчыль, Жанна Д’Арк і іншыя. У тым, што і сёння сярод леварукіх людзей ёсць шмат адораных, творчых, сапраўдных майстроў сваёй справы, няма сумнення.
…Бацька Ганны Карнееўны Быцюк быў ляўшою. Але леваю рукою ён віртуозна спраўляўся са справай шаўца. Шыў абутак умела, спрытна. Але калі ў сваёй дачкі з самага маленства заўважыў прыкметы ляўшы, вельмі строга забараніў трымаць за абедам у левай руцэ лыжку, а потым, калі пайшла ў школу, пісаць левай рукою. Бацькі хацелі, каб іх дачка была звычайнай дзяўчынкай, нічым не адрознівалася ад іншых. Ды і ў той час, а дзяцінства Ганны прыпала на пяцідзясятыя гады, ставілася задача ў школе абавязкова перавучыць дзяцей леварукіх. Падпарадкоўваючыся бацькам і настаўнікам, Ганна выводзіла ў сшытку правай рукою літары і лічбы, трымала ў правай руцэ іголку, калі вучылася шыць і вышываць, правай рукою рабіла ўсё на кухні. Але якімі б строгімі ні былі парадкі, ген ляўшы, які ёсць у чалавеку, і з гэтым не спрачаецца навука, абавязкова бярэ сваё. Нават не заўважаючы таго, ужо дарослай Ганна Карнееўна многае пачала рабіць леваю рукою. Пойдзе ў лес па ягады, пачне збіраць іх правай рукой — неяк няёмка атрымліваецца, марудна. А левай – спрытна работа ідзе. Так і бульбу капаць, і агарод палоць, і посуд мыць.
— Я разумею бацькоў. Яны дабра жадалі. Гэта цяпер ужо кажуць, што перавучваць ляўшу дрэнна, а тады пра такое не ведалі. Наадварот хацелі, каб іх дзіця было такое, як усе, — разважае Ганна Карнееўна.
Яна, аптымістычна ўспрымаючы ўсё ў жыцці, у тым, што з “ляўшы” бацькі спрабавалі зрабіць “праўшу”, бачыць і свае перавагі. Стоміцца правая рука, калі трэба шмат чаго нагатаваць да святочнага стала, яна можа нож у левую руку перакласці, ды і шмат іншай работы дзвюма рукамі рабіць – гэта час эканоміць. Нават вышываць можна як праваю рукою, так і леваю. А да вышыўкі ў Ганны Карнееўны адносіны асаблівыя. Родам яна з Украіны, а там вышытыя сарочкі, ручнікі заўжды карысталіся асаблівай павагай. Яшчэ ў гадоў дзесяць маці навучыла дачку рабіць прыгожы крыжык на тканіне. З таго часу Ганна Карнееўна пастаянна займаецца вышыўкай. Калі дзеці, якіх у маці было шасцёра, былі малыя, вышывала ім кофты, сукенкі, каб у прыгожым адзенні ў школу хадзілі. Потым за ручнікі прынялася, трэба было кожнай дачцэ на вяселле вышыць. Прыгожыя карціны, абрусы, сурвэткі заўжды былі ў доме, а чароўныя ручнікі Ганны Карнееўны з яркім прывабным узорам паехалі разам са сваякамі нават у Германію і Фінляндыю. Шаснаццаць гадоў назад жанчына з украінскай вёскі пераехала да дзяцей у вёску Олтуш. Калі працавала, часу на вышыўку было менш, цяпер, на заслужаным адпачынку, гэтай любімай справе, як прызнаецца, прысвячае ўвесь вольны час. Вышытымі ручнікамі, якія з любоўю аддае блізкім лю­дзям, як заўважае, можна было б засцяліць усю дарогу да яе маленькай радзімы. Так многа давялося вышыць іх Ганне Карнееўне. Калі прыехалі да жанчыны ў госці, яна зноў жа вышывала.
— Два ручніка на абразы вышываю ў падарунак дачцэ, — заўважыла Ганна Карнееўна, паказваючы прыгожыя вырабы, на якіх, быццам жывыя, радуюць вока яркія кветкі.
Вырабы, зробленыя рукамі, лічыць Ганна Карнееўна своеасаблівым абярэгам ад усіх бед, таму стараецца вышыць ручнікі і ўнукам, якіх у яе дзесяць, і праўнукам, якіх ужо васьмёра. Рада яна, калі і ёй дораць дзеці і ўнукі вышытыя вырабы. Самы дарагі падарунак для яе – вышытая дачкою ікона, якая цяпер займае цэнтральнае месца на сцяне. Ганна Карнееўна навучыла справе вышыўкі і дачок, і ўнучак. Але пакуль сама адкладаць убок іголку і нітку не збіраецца. Яшчэ ёсць нямала ўзораў, якія б хацела перанесці на вырабы, што парадуюць вока дарагіх ёй людзей і застануцца ім у спадчыну. І ці ёсць адрозненне, якой рукою яны будуць зроблены? Галоўнае, каб у іх была ўкладзена душа.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: Ганна Карнееўна Быцюк за вышыўкай.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 13.08.2014 г.

Добавить комментарий


аренда свадебных платьев

http://steroid-pharm.com

www.adulttorrent.org/details/breaking_it_a_story_about_virgins
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!