Разам з году ў год вядуць жыццёвы карагод

…Прыемны пах смажаніны, які даносіўся з ветрам з хаты Кіцеляў, падказваў: тут рыхтуюцца да свята. І сапраўды. 78-гадовая гаспадыня, якой на выгляд можна было даць не больш як 60 гадоў, жвава завіхалася ля печы. Як нам удакладніла, запякае кураціну. Зрэшты, Яўгенія Ігнатаўна Кіцель любіць гатаваць. І хаця яна спецыяльнай адукацыі не мае, у яе добра ўдаюцца пірагі і булкі і многае іншае, чым яна любіць частаваць самых дарагіх для яе гасцей – сваіх дзяцей і ўнукаў. У той дзень гаспадыня рыхтавалася не толькі да Сёмухі, але і да сямейнай урачыстасці – 60-годдзя іх шлюбнага саюза з мужам Міхаілам Антонавічам. Яна ведала, што іх вялікая сям’я, а гэта разам з унукамі і праўнукамі 25 чалавек, на Сёмуху, а менавіта на яе даводзіўся юбілей, абавязкова збярэцца разам, таму ёй і на гэты раз шчыра хацелася пачаставаць сваіх блізкіх і дарагіх людзей нечым смачненькім.
Забягаючы наперад, скажам, што Яўгенія Ігнатаўна, калі мы патэлефанавалі ёй пасля свята, дзялілася сваімі ўражаннямі, расказвала, як было весела і цікава, як віншавалі іх дзеці і ўнукі, нават па тэлебачанні ў іх гонар выконвалі песні. А песні і спяваць Кіцелі таксама любяць. Сама Яўгенія Ігнатаўна расла ў сям’і, дзе песню справядліва лічылі асалодай душы. У маладосці яна разам з братам Анатолем і сястрой Верай ну проста здзіўлялі ўсіх песняй “Пшаніца залатая”, чуючы якую ў слухачоў замірала сэрца не толькі ад зразумелых зямных слоў, але і ад сугучнасці прыгожых і чыстых галасоў выканаўцаў. Іх хацелася слухаць і слухаць.
Жыццярадаснасць, аптымізм,  якім ну проста заражалі нас нашы героі ў час знаёмства з імі, відаць, адыгралі не апошнюю ролю і ў тым, што выглядаюць  Міхаіл Антонавіч і яго спадарожніца Яўгенія Ігнатаўна, як кажуць, на ўсе сто. Хаця за плячыма – вялікая жыццёвая дарога, багатая на поспехі і няўдачы, на радаснае і не зусім.
…Міхаіл Антонавіч успамінае 50-ыя гады. У маі яны справілі вяселле, а ў хуткім часе яго забіраюць у армію. Служыў у Мурманску 3 гады. Калі прапанавалі прайсці курсы па падрыхтоўцы вадзіцеляў, згадзіўся, ведаючы, што ў той час яны былі на вагу золата. Асабліва ў калгасах, якія толькі ствараліся і дзе не было спецыяльна падрыхтаваных кадраў. Таму калі прыйшоў з арміі, Міхаіл Кіцель уладкаваўся на работу вадзіцелем. Балазе, у калгас ужо набылі першы і адзіны аўтамабіль “ЗІС-5”.
— Не толькі вадзіцелі, але і машына была ў той час у калгасе на вагу золата, — успамінаў Міхаіл Антонавіч. — Яна ж  адна, а работ шмат. Найперш яе тады задзейнічалі на дастаўцы з Кобрынскага цаглянага завода цэглы, бо ў 1960-61 гадах вялося актыўнае будаўніцтва школ у Малінаўцы, Паўлопалі,  Дарапеевічах, Чарнянах. Дарогі тады былі абы-якія,  хутка не паедзеш, тым больш гружаны, таму і было, што цэлы дзень у дарозе прападаеш. Дома мала і знаходзіўся.
20 гадоў Міхаіл Антонавіч працаваў загадчыкам гаража, а калі ў гаспадарку набылі новы цяслярны станок, старшыня, ведаючы, што ў Міхаіла Кіцеля залатыя рукі і кемлівая галава, перавёў яго на работу ў цяслярны цэх.
Вопыт, які быў тут набыты, спатрэбіўся і потым, калі Міхаіл Антонавіч пайшоў на заслужаны адпачынак. Ён сваімі залатымі рукамі абуладкаваў хатні млын, каб жонка не гнула спіну ля жорнаў. Дзякуючы намаганням гаспадара,  у Кіцеляў з’явілася і свая электрамаслабойка, хаця павазіцца з ёй давялося больш чым год.
— Кароў было дзве,  — расказваў Міхаіл Антонавіч, — малака давалі многа, таму масла даводзілася біць амаль кожны дзень. Рукамі доўга і марудна, вось я і прыдумаў, як замяніць ручную працу.
Яўгенія Ігнатаўна 22 гады адпрацавала ў паляводстве. А яшчэ 14 гадоў – паштальёнам.
— Шмат у нашых мясцінах у той час было хутароў. І да іх трэба было дабрацца ў любое надвор’е, пры любых абставінах. Бо некаму трэба было тэлеграму тэрміновую занесці, некаму пісьмо заказное, ды і карэспандэнцыі тады не столькі было, колькі цяпер. Тады мы ледзьве сумку падымалі. А   перад святамі, дык і ў сумку ўсё не ўмяшчалася. Адных толькі паштовак віншавальных сумка была.
…Домік на ўскрайку Вялікага Паўлопаля,  дзе жывуць Міхаіл Антонавіч і Яўгенія Ігнатаўна Кіцелі, — такі, як і большасць у вёсцы: па-гаспадарску дагледжаны, з прасторным дваром, на якім так дарэчы драўляная лазня, пабудаваная ўласнымі рукамі гаспадара. Ля дома – акуратна разбітыя градкі, дзе пасаджана гародніна.
Цвіў бэз, заліваліся рознагалоссем птушкі — жыхары лесу, што знаходзіцца побач з домам. Як замілоўвае душу такая прыгажосць у прыродзе! Жыві і радуйся! Жывуць і па-ранейшаму радуюцца жыццю і гэтыя людзі: Міхаіл Антонавіч і Яўгенія Ігнатаўна Кіцелі. І ніяк не паддаюцца сваім гадам.
в. Вялікі Паўлопаль.
НА ЗДЫМКУ: Міхаіл Антонавіч і Яўгенія Ігнатаўна КІЦЕЛІ.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.


доставка воды в офис киев

подробно

yarema.ua/curtaine/rimskie-shtory