“Вартавыя” Зарычкі

На карце Маларытчыны даўно няма ўжо населенага пункта Зарычка. Але старажылы Хаціслаўскага сельсавета дакладна назавуць тое месца, дзе некалі размяшчалася схаваная ў самай глыбіні лесу маленькая вёсачка. Праўда, вёскай Зарычку і раней, калі тут было 10 дамоў і ў кожным – немалая сям’я, амаль ніхто не называў. Для ўсіх гэта быў прыгожы хутар. Цяпер у лясным царстве на месцы былой Зарычкі засталося ўсяго некалькі дамоў, якія аднесены па прыналежнасці да вёскі Мельнікі. Але і Ірына Фёдараўна Струнец, і Еўдакія Адамаўна Ківачук, якія так і засталіся жыць у лясным гушчары, лічаць сябе жыхарамі Зарычкі, яе, як жартуе Ірына Фёдараўна, вартавымі.
Прызнацца, адпраўляючыся ў дарогу, прадчувалі, што хутар за вёскай Сушытніца, да якога трэба дабірацца па лясных дарогах, знайсці будзе няпроста. І, напэўна, блукаць нашай рэдакцыйнай машыне давялося б доўга. Але пашанцавала. Хутаранкі, да якіх мы збіраліся ў госці, на вялікае свята – яблычны Спас — прыехалі ў Хаціслаўскую царкву. Тут мы іх і сустрэлі. А таму ў нас былі свае праваднікі, з якімі блукаць па невядомых лясных дарогах мы ўжо не баяліся. Дамы Ірыны Фёдараўны і Еўдакіі Адамаўны, як высветлілася, знаходзяцца адзін ад аднаго на адлегласці амаль у кіламетр, прычым кожная з жанчын можа ўпэўнена сказаць: “Мая хата з краю…”. Бо амаль ад парога кожнай пачынаецца лес.
Ірына Фёдараўна Струнец у Зарычку прыехала з Украіны, калі выйшла замуж за беларускага хлопца. З сям’і яна была небагатай, з малых гадоў ведала цяжкую працу, таму адразу пайшла працаваць на ферму, якая была тут жа, у Зарычцы. На яе долю, лічыць Ірына Фёдараўна, выпала ўсяго сем гадоў шчаслівага жыцця. Шчаслівага, бо была яна ў пары, было на каго паспа­дзявацца ў цяжкай рабоце, было каму яе, маладую, пашкадаваць. За гэты час нарадзілася двое дзетак. Малодшаму сыну ішоў другі годзік, калі ў дом прыйшла бяда – цяжка захварэў і раптоўна памёр муж. З таго часу Ірына Фёдараўна засталася адна. Каб падняць дзяцей, трэба было працаваць за дваіх, паспяваць і ў калгасе, і дома. І рыдлёўку добра ведалі яе працавітыя рукі, і серп, і касу.
— Мне ж хацелася, каб мае дзеці не пакутавалі ад таго, што яны напалавіну сіроты. Я і дзве каровы трымала, і свінаматку, каб капейку якую мець. І на ферме была загадчыцай, асемянатарам, фуражырам і малаказборшчыцай. Трыццаць гадоў у калгасе адрабіла. А потым і на пенсіі мясцовай гаспадарцы таксама спатрэбілася. Вось ужо восем гадоў вартую пчальнік, які размешчаны побач з хутарам, — расказвала пра сваё няпростае жыццё пажылая хутаранка.
Размова з Ірынай Фёдараўнай пачалася яшчэ ў дарозе. І вось мы на яе хутары. Ля дома дружным брэхам сустракаюць гаспадыню яе верныя сябры – сабакі. Нарэшце, супакойваюцца. І вакол усталёўваецца такая цішыня, што нават чутна, як вецер лісце дрэў перабірае.
— Пойдзем, я пакажу вам, якая ў нас тут прыгажосць, — прапануе Ірына Фёдараўна. І мы адпраўляемся за ёю. Наш павадыр па сцежцы вядзе нас уздоўж лесу да прыгожага вадаёма. Некалькі хвілін сочым, як у люстэрку вады адбіваецца чароўны малюнак блакітнага неба і белых аблокаў, удыхаем свежае паветра.
— Свае мясціны я люблю бязмежна, — пры­знаецца Ірына Фёдараўна і ціхенька, быццам па-сакрэту, дадае: – Праўда, думала ўжо адсюль паехаць. Цяжка ад таго, што вакол нікога няма. Прасіла нават у старшыні, каб мне дапамог дом перавезці. А ён спытаў: “А ці ж вы без свайго хутара зможаце жыць? Такога ж хараства нідзе больш няма…“ І праўда, падумала, напэўна, не змагу. Тут ранкам пеўні спяваюць, зязюля куе, дрэвы лісцем шэпчуцца. А водар які…
— З нашай спадарожніцай ідзем назад.
— Вось тут, на полі, — праводзіць далей экскурсію Ірына Фёдараўна, — стаялі дзве хаты, іх даўно вывезлі, а вось там, ля лесу, адна яшчэ стаіць, але ўжо нежылая, гаспадароў даўно няма. Побач жыве яшчэ адзін чалавек, але ён рэдка тут бывае. Вось і ўладару адна, сачу за тым, каб вакол парадак быў.
…З галінкі зрываецца яблык і падае на зямлю. У цішыні гук прыцягвае ўвагу да яблыні ля хаты.
— Пастарэлі ўжо мае дрэвы, ды і дом старэнькі стаў зусім, яго яшчэ бацькі мужа будавалі, — распавядае Ірына Фёдараўна і, жартуючы, дадае: – Калі б побач і дзеці жылі, і шэсць унукаў, і двое праўнучкаў, дык месца было б мала, а самой і такой хаткі хапае. Летам я ўсё больш на вуліцы, бо і ў двары работы шмат.
Цяпер, праўда, гаспадарка ў Ірыны Фёдараўны невялікая, усё ж восьмы дзясятак чатыры гады назад размяняла. Але ж яшчэ і пару бараноў трымае, і курэй. Сялянская загартоўка кожную вясну цягне гаспадыню на агарод, дзе абавязкова ў яе павінна расці і бульбачка, і цыбулька, і іншая гародніна. А ў сезон грыбоў і ягад з ранку Ірына Фёдараўна ў лесе.
— У халадзільніку ў мяне летам заўжды слоік ягад стаіць. Аўталаўка прыедзе ці іншы госць наведаецца, ёсць чым пачаставаць. Мне не шкада, а людзі, можа, успомняць некалі, што была такая бабуля-хутаранка.
…Дарога вядзе далей у лес, па ёй дабіраемся да хаты Еўдакіі Адамаўны Ківачук. Яна, як і Ірына Фёдараўна, у Зарычцы жыве ўжо 49 гадоў. У адзін год у іх вяселле было. Гула тады вёсачка, усе разам такія добрыя падзеі святкавалі. А іх было нямала, бо і жыхароў у Зарычцы тады некалькі дзясяткаў было. Толькі ў доме Ківачукоў, які шэсць гадоў будавала маладая сям’я перш чым аддзяліцца ад бацькоў, гадавалася сямёра дзетак. За школьнікамі аўтобус штодня прыязджаў.
Той час Еўдакія Адамаўна ўспамінае з лёгкім сумам. Маладосць,галасы дзетвары, якія ўзрушвалі лясную цішыню, гоман суседзяў ля дома… Усё гэта ў добрым, далёкім мінулым. Цяпер у доме жыве жанчына адна, вось ужо 11 гадоў прайшло з таго часу, як яна аўдавела. Дзеці раз’ехаліся, і прасторны дом, які будавалі з разлікам на вялікую сям’ю, здаецца, стаў яшчэ большым. Але Еўдакія Адамаўна толькі рада таму, што дзеці ўладкаваліся хто ў горадзе, хто ў суседніх вёсках. Маладым патрэбна работа, сучасныя ўмовы жыцця. А ў Зарычцы ёсць толькі прыгожая прырода. Палюбавацца гэтай прыгажосцю і дапамагчы маці яны пастаянна прыязджаюць. Сёлета пачастункаў для іх — поўны сад. Добра яблыкі ўрадзілі. Яблынь у садзе Еўдакіі Адамаўны шмат, а гатункаў яблыкаў на іх яшчэ больш, бо яна сама садавод-аматар, умее на любую яблыню зрабіць прышчэпу.
— Летам дні пралятаюць хутка, работы шмат на агародзе, ды яшчэ коз трымаю, курэй, таму неяк і думкі не прыходзяць, што побач няма нікога. Вось зімою, калі ўсё снегам замяце, дык тады горш, даводзіцца ў доме сядзець.
Але, прызнаецца Еўдакія Адамаўна, час яна прызвычаілася бавіць за работай – пляце кошыкі. Гэтай справе навучылася яшчэ ў дзяцінстве, калі разам з іншымі дзецьмі на пашы жывёлу пасвіла. Цяпер умельства і ад суму выручае, і для гаспадаркі карыснае.
Хоць жывуць Ірына Фёдараўна Струнец і Еўдакія Адамаўна Ківачук у аддаленні ад іншых вёсак, але іх хаты, за што дзякуюць жанчыны, не адрэзаны ад цывілізацыі. І электрычную лінію тут нядаўна абнавілі, і магазін на колах усё неабходнае прывозіць кожнай з дастаўкай пад самы дом. Таму ні на што хутаранкі не крыўдуюць і не скардзяцца. Нават на лёс свой адзінокі. Яны лічаць, што, відаць, так трэба было, каб яны засталіся апошнімі жыхарамі Зарычкі, “вартавымі” сваіх чароўных лясных мясцін.
Святлана МАКСІМУК.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 30.08.2014 г.

Добавить комментарий


http://medicaments-24.net

avtopoliv-gazonov.kiev.ua/avtopoliv/

happykids.kiev.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!