Згуляем вяселле ў народным стылі?

Нашы продкі былі людзьмі мудрымі і да традыцый і абрадаў свайго краю адносіліся вельмі паважліва і надзвычай беражліва. Вясельны абрад лічыўся адным з найважнейшых, урачыстых, таму да яго падрыхтоўкі падыходзілі вельмі адказна.

— А ці можна цяпер узяць у Маларыце шлюб, які б цалкам адпавядаў народнаму стылю? — пытаюся ў Людмілы Гарбацэвіч, начальніка аддзела ЗАГС райвыканкама.
— Калі ў людзей ёсць цікавасць да мінулага, чаму б не прапанаваць ім правесці вясельны абрад па-ранейшаму, так, як было на Маларытчыне калісьці, — кажа Людміла Уладзіміраўна. – Цяпер пры ўрачыстай рэгістрацыі шлюбу мы выкарыстоўваем элементы народнага абраду. Маладых сустракаем хлебам-соллю. Яны становяцца на ручнік, цалуюць каравай, абменьваюцца пярсцёнкамі, акрамя таго, каравай перадаецца свату… Пры жаданні маладых можна ўнесці і іншыя элементы рэгістрацыі шлюбу. Трэба памятаць, што ў ЗАГСе праходзіць толькі адна частка ўрачыстасці. Усё астатняе – па-за межамі нашых сцен. Звычайна вяселле пачыналася ў нядзелю. А ў суботу, перад яго пачаткам, у маладой праводзіліся вянкі. Збіраліся дружкі, хлопцы, дзяўчаты. Яны разам плялі вяночкі. Затым садзіліся за стол, частаваліся, танцавалі… Аднак неабходна памятаць, што ў кожнай мясцовасці былі і свае асаблівасці, традыцыі правя­дзення вяселля.
— Мы таксама можам дапамагчы пры неабходнасці, — кажа Валянціна Струнец, дырэктар Маларыцкага раённага цэнтра народнай творчасці. — У нас ёсць узоры і ранейшага шлюбнага адзення маладых, і адноўленыя, дзякуючы намаганням Сцепаніды Сцепанюк, народнай майстрыхі з Дарапеевіч. Вытканыя і вышываныя кашулі і спадніцы абавязкова ў белым і чырвоным колерах. Таксама пры неабходнасці падкажам і нават дапаможам спячы каравай.
— Вяселле ў народным стылі, — гаворыць Людміла Гарбацэвіч, — свядомы выбар для тых, хто шануе традыцыі сваіх продкаў. А яшчэ гэта — выйсце для тых маладых, хто хоча зрабіць вяселле арыгінальным, запамінальным, не такім, як у іншых.
Прынята, што вяселлі гулялі тады, калі не было шматдзённых пастоў. У праваслаўных хрысціян гэта — прамежак з канца жніўня (пасля Успення Прасвятой Багародзіцы) і да першай нядзелі Каляднага посту (28 лістапада). Другі найбольш аптымальны перыяд — час зімовага Мясаеда, які пачынаецца 21 студзеня і заканчваецца напярэдадні Масленічнай нядзелі. Пасля гэтага пачынаецца Вялікі пост. Ёсць яшчэ адзін непрацяглы прамежак часу, калі дазвалялася гуляць вяселлі. Ён пачынаўся напярэдадні Сёмухі і заканчваўся Пятроўскім постам. Звычайна гэта другая палова мая — пачатак чэрвеня. Да такіх вяселляў народ адносіўся стрымана.
Але ўсё ж шчаслівае сямейнае жыццё не залежыць ад таго, у якім стылі праходзіць вяселле. Не дасць шчасця ў сумесным жыцці і шлюбнае адзенне маладых, колер строяў і прыгажосць зробленых фотаздымкаў. Усё залежыць толькі ад яго і яе, іх двух сэрцаў, якія любяць адзін аднаго і дзеля кахання здольныя пайсці на ўсё.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: Людміла і Андрэй Гарбацэвічы ў адзенні Маларыцкага строю.

Опубликовано в «ГЧ» 30.08.2014 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.