«Вясковая табала»

Дзіцячаму клубу аматараў фальклору “Вясковая табала”, які існуе пры Хаціслаўскім СДК, нядаўна пры­своена ганаровае званне “Узорны”. Заснавальнікам, нязменным кіраўніком, рэжысёрам, пастаноўшчыкам, сцэнарыстам і ідэйным натхняльнікам калектыву з’яўляецца Галіна Хомік.
— Галіна Іванаўна, клуб аматараў фальклору называецца “Вясковая табала”. Чаму менавіта так? Што абазначае назва?
— Слова «табала» я пачула ўпершыню ў в. Мельнікі. Яго ў сваім маўленні цяпер выкарыстоўваюць таксама і жыхары Хаціслава. Табала ў нашым населеным пункце– гэта збор, гурт дзяцей. Дыялектнае слова з сакавітым мясцовым каларытам. Яркае, гучнае, запамінальнае. Мы падумалі: чаму б не даць клубу аматараў фальклору такую ж назву? Хоць для разгляду прапаноўвалася амаль 50 варыянтаў. Аднак па тых ці іншых прычынах усе яны былі адхілены. А вось “Вясковая табала” неяк адразу запала ў душу. Таму было вырашана спыніцца на гэтай назве.
— Галіна Іванаўна, хоць Вы родам з Ратнаўскага раёна Украіны, але ўжо шмат гадоў збіраеце, прапагандуеце беларускі фальклор. Чаму так атрымалася?
— Мне даспадобы і ўкраінскі, і беларускі фальклор. Я вырасла на памежжы дзвюх краін, дзвюх блізкіх культур. У жыхароў Маларыцкага і Ратнаўскага раёнаў шмат агульнага, бо мы маем адных і тых жа продкаў. Нашы культурныя, моўныя сувязі заснаваны на даўніх і трывалых традыцыях. Асабліва яскрава гэта можна было назіраць у бытнасць СССР. Напрыклад, некаторы час існаваў інтэрнацыянальны ансамбль, які быў створаны з работнікаў Картэліскага ДК, дзе я раней працавала, і Макранскага СДК. Мы разам выступалі, спявалі народныя песні і ўкраінскія, і беларускія. Фальклорныя творы мне падабаюцца з дзяцінства. А калі пераехала жыць на Беларусь, дык захацелася глыбей пазнаёміцца з яе невычэрпным народным багаццем і, па магчымасці, захаваць яго для будучых пакаленняў.
— Чаму сталі працаваць з дзецьмі?
— У культуры я ўжо 30 гадоў. Амаль столькі ж часу працую і з дзецьмі. Праўда, раней гэта былі, я б сказала, эпізадычныя заняткі. На першым месцы знаходзіўся ансамбль народнай песні і музыкі “Хаціславяне”. Ён атрымаў званне “Народны”. Многа было паездак, гастрольных выступленняў. Усе сілы і ўвесь вольны час аддаваліся гэтаму калектыву. З дзецьмі займалася не так часта, як хацелася. З імі час ад часу развучвала прыпеўкі, некаторыя народныя песні. А вось потым пачаўся раённы агляд-конкурс абрадавага фальклору “Спадчына зямлі Маларыцкай”. Было вырашана прыняць у ім удзел. Мы не толькі ўдала выступілі, але і атрымалі перамогу. Гэта натхніла на далейшую працу. Пачаўся пошук. Мы сталі пастаянна ўдзельнічаць у творчых спаборніцтвах. Паступова крок за крокам, як кажуць, выйшлі на арбіту. Калектыў часта атрымліваў запрашэнні на розныя мерапрыемствы. Сур’ёзна і грунтоўна з дзецьмі зай­мацца пачалі ў 2012 г., калі сталі ўдзельнікамі рэспубліканскага фесты­валю фальклорнага мастацтва “Берагіня” ў г.п. Акцябрскі Гомельскай вобласці. Пасля “Берагіні” пачаўся новы этап дзіцяча­га клуба аматараў фальклору “Вясковая табала”. Змянілася стаўленне і саміх удзельнікаў да таго, чым займаліся і што прапаноўвалі гледачам на сцэне.
Галіна Іванаўна фальклор збірала і збірае не толькі ў Хаціславе і навакольных вёсках. Цікавыя народныя знаходкі яна “адкапала” ў в.Дарапеевічы ў Сцепаніды Сцепанюк і Анатоля Дзямянкі. Стала своеасаблівым адкрыццём і “Асопава полька” (в. Дарапеевічы), і “Полька Рузя” (в. Гвозніца). Вернута з небыцця і многае іншае.
— Народнага матэрыялу, арыгінальнага і самабытнага на Маларытчыне шмат, — кажа Галіна Хомік. – Задача ў тым, што неабходна паспець яго сабраць, запісаць, апрацаваць належным чынам, бо яго носьбіты паступова пакідаюць нас. Наш рэгіён багаты на фальклорную спадчыну: на розныя песні, танцы, легенды, паданні, казкі, прыпеўкі…
— Галіна Іванаўна, сёння “Вясковая табала” — гэта…
— Дружны, згуртаваны калектыў з 16 юных артыстаў: 8 хлопцаў і 8 дзяўчат ва ўзросце ад 8 да 18 гадоў з Хаціслава, Сушытніцы і Мельнік. “Вясковай табалы” не было б, каб не акампаніятары Віктар Галавій і Святлана Бяльчук, а таксама балетмайстар Алена Люльковіч. Вялікі дзякуй хочацца сказаць і адміністрацыі, усяму педагагічнаму калектыву Хаціслаўскай СШ за дапамогу і падтрымку ў рабоце. На рэпетыцыі мы прыходзім па плану. Аднак, калі збіраемся выступіць на нейкім конкурсе, фестывалі, то можам і кожны дзень. Бо любы нумар неабходна давесці да дасканаласці, адшліфаваць усе сцэнічныя дэталі, нюансы. Цяпер у нашым рэпертуары 20 народных танцаў, 10 песень і 5 абрадаў, а таксама – легенды, казкі, байкі, 10 сольных песень… Гэтага хопіць на вялікі канцэрт. Аднак на дасягнутым не спыняемся. Атрыманае высокае званне патрабуе і адпаведнай работы. Гледачы прывыклі, што калі “Вясковая табала” на сцэне, то гэта заўсёды свята, усмешкі, цудоўны настрой і многа станоўчых эмоцый.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: узорны дзіцячы клуб аматараў фальклору “Вясковая табала” Хаціслаўскага СДК са сваім кіраўніком Галінай Хомік.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 3.09.2014 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.