Праблемы просяць рубля

Пытанні добраўпарадкавання гарадскіх вуліц, дваровых тэрыторый, газіфікацыі ў вёсках і інш. узнімалі грамадзяне ў час “прамой тэлефоннай лініі” з намеснікам старшыні райвыканкама Віктарам Сарокам.  Прапануем увазе чытачоў рэпартаж з “прамой лініі”.
Валянціна Раманаўна Калоша, жыхарка дома №10 па вул. Лермантава ў Маларыце:
— Віктар Раманавіч, добры дзень! Хачу ад імя жыхароў нашага дома задаць Вам такое пытанне. Перад абласнымі дажынкамі наш дом, як і многія ў Маларыце, быў капі­тальна адрамантаваны. Але адна праблема тады засталася нявырашанай: добраўпарадкаванне дваровай тэрыторыі. Як мне здаецца, такіх двароў у нас у горадзе, можа, больш і няма. Тут ні праехаць ні прайсці, асабліва пасля дажджу. Цэлае возера разліваецца. Ці плануюцца ў двары якія-небудзь работы па яго добраўпарадкаванні?
Віктар Сарока:
— Паважаная Валянціна Рама­наўна! Я ведаю пра Вашу праблему. Скажу, што пры наяўнасці фінансаў пастараемся яе вырашыць сёлета.
В. К.:
— Дзякуй, Віктар Раманавіч, за ўзаемаразуменне. Будзем спадзявацца, што сапраўды да канца года дваровая тэрыторыя ля нашага дома будзе добраўпарадкавана.
Наталля Сцяпанаўна Касянюк, жыхарка в. Ляхаўцы:
— Добры дзень, Віктар Рама­навіч! Тэлефаную Вам наконт газіфікацыі дамоў на нашай вуліцы Мельніцкай у Ляхаўцах. Як вядома, мы стварылі кааператыў, у якім 18 чалавек, 14 з іх – пенсіянеры. Чым усіх нас Вы можаце парадаваць?
В. С.:
— Пакуль нічым. Скажу, што ваш кааператыў не адзіны. На пачатак года ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта № 368 ад 2 чэрвеня 2006 года “Аб мерах па рэгуляванні адносін пры газіфікацыі прыродным газам эксплуатуемага грамадзянамі фонду” ў раёне створана 22 кааператывы. Маю на ўвазе кааператывы па будаўніцтву газавых сетак. Але, на вялікі жаль, работы па газіфікацыі не могуць праводзіцца адразу ва ўсіх кааператывах з-за недастатковага фінансавання іх. Скажам, пры патрэбнасці на гэты год грошай у суме 4 мільярды рублёў нам было выдзелена толькі 1 мільярд 600 мільёнаў. Таму газіфікацыя будзе праводзіцца згодна з чарговасцю фарміравання кааператываў і, зразумела, пры наяўнасці грашовых сродкаў.
Аляксандр Валянцінавіч Смірноў, жыхар дома №34 па вул. Лакціёнава ў Маларыце:
— Віктар Раманавіч, добры дзень! Звяртаюся да Вас ад імя жыльцоў дамоў, што па вул. Лакціёнава ў Маларыце. Новымі дамамі наша вуліца ўсё больш прырастае, легкавымі аўтамабілямі — таксама. А гэта значыць, што і нагрузка на дарогу вельмі вялікая. Ці будзе яна заасфальтавана?
— В. С.:
— Мы рады вам дапамагчы, паважаны Аляксандр Валянцінавіч, але пакуль няма такіх магчымасцей. Згодна з Указам Прэзідэнта нашай рэспублікі ад 7 лютага 2006 г. №72 “Аб мерах па дзяржаўнаму рэгуляванню адносін пры размяшчэнні і арганізацыі будаўніцтва жылых дамоў, аб’ектаў інжынернай, транспартнай і сацыяльнай інфра­структыры” інжынерная і транспартная інфраструктура, што забяспечвае мінімальны, неабходны ўзровень інжынернага абсталявання зямельных участкаў, — гэта капітальныя збудаванні і інжынерныя сеткі электразабеспячэння, сеткі водазабеспячэння, вулічна-дарожная сетка, якая абмяжоўваецца толькі вуліцай з праезнай часткай, забяспечанай пакрыццём пясчана-гравійнай сумессю. Хаця ўдакладню, што пытанне ваша будзе ў нас пастаянна на кантролі.
Жанна Валер’еўна Клюнчык, жыхарка дома №11а па вул. Міцкевіча ў Маларыце:
— Віктар Раманавіч, Вы, напэўна, ведаеце, што калі перад абласнымі дажынкамі наш горад рыхтавалі да свята, на вуліцы Міцкевіча ўстанавілі новыя апоры ліній электраперадач, нацягнулі электраправады. Але асвятлення на вуліцы няма і сёння. Хацелася б ведаць, з якой мэтай ставілі апоры і цягнулі электраправады, ды і наогул ці будзе на вуліцы Міцкевіча асвятленне?
В. С.:
— Прабачце, але пакуль нічога канкрэтна не магу Вам сказаць. Трэба высветліць, ці ёсць там асвятляльны провад, ліхтары. Дам даручэнне камунальнай службе, каб праверылі гэты факт і вырашылі вашу праблему.
Ж. К.:
— Дзякую.
Ірына КАСЦЕВІЧ.
НА ЗДЫМКУ: намеснік старшыні райвыканкама Віктар САРОКА.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 3.09.2014 г.

Праблемы просяць рубля: 1 комментарий

  • 07.09.2014 в 8:11 дп
    Permalink

    Все надо облагораживать. Освещать улицы, делать красивые дворы и ровные дороги. Тогда будут довольны люди и не стыдно будет и иностранца в гости пригласить.

Добавить комментарий


автоматический полив киев
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!