Пяцёрка Мікалая Барысюка

Сёння ў горадзе Пінску праходзяць абласныя дажынкі. Свой уклад у агульны каравай унесла і Маларытчына. І няхай ён не такі важкі, як, напрыклад, у хлебаробаў раёнаў-стотысячнікаў, нашы працавалі не горш. Дзякуючы іх руплівасці, вялікай адказнасці за лёс вырашчанага ўраджаю кожнага – ад радавога камбайнера і вадзіцеля да кіраўніка гаспадаркі і раёна, Маларытчына атрымала неблагі намалот. За сёлетняе жніво хлебаробы раёна выдалі з бункераў сваіх камбайнаў 39700 тон залацістага збожжа. 13 экіпажаў сталі тысячнікамі. На жаль, такога выніку аказалася недастаткова,
каб стаць пераможцамі ці прызёрамі абласнога спаборніцтва, але зусім не змяншае іх хлебаробскай значнасці і вартасці.
А вось Мікалаю Барысюку з СВК “Ланская” перавезенага ад камбайнаў хлеба цалкам хапіла для таго, каб стаць першым у вобласці сярод вадзіцеляў, якія працуюць на аўтамабілі маркі ГАЗ-53. Таму ён сёння ў горадзе над Пінай годна прадстаўляе Маларытчыну на абласным фестывалі-кірмашы “Дажынкі-2014”.
Варта адзначыць, што для Мікалая Іванавіча свята хлебаробаў у Пінску не першае. Дагэтуль былі яшчэ Столін, Маларыта, Бяроза, Ляхавічы. Але на тыя дажынкі вадзіцель з 37-гадовым стажам ездзіў у якасці прызёра абласнога спаборніцтва. То былі першыя і другія месцы. Працягам узятых вышынь стала першае. У пяты раз ён удзельнічае ў свяце хлебаробаў у якасці пераможцы.
Пачыналася ж усё ў далё­кім 1977 годзе. Менавіта тады выпускнік брэсцкага будаўнічага вучылішча з вёскі Багуслаўка па накіраванні ад ваенкамата пайшоў вучыцца на вадзіцеля. А калі атрымаў вадзіцельскае пасведчанне, то да набытай спецыяльнасці будаўніка ўжо не вярнуўся. І ў горад — таксама. Пасля службы ў арміі, дзе быў вадзіцелем, прыехаў на сваю маленькую радзіму. Тры гады працаваў у мясцовым калгасе “Бальшавік”.
— Калі “пайшоў замуж” у Галёўку, — жартуе мужчына, — уладкаваўся вадзіцелем у калгас “Дружба” на бартавы аўтамабіль.
А ў 1988 годзе гаспадарка атрымала новенькі ГАЗ-53, які кіраўніцтва гаспадаркі даверыла хоць і маладому, але ўжо вопытнаму і неабыякаваму да тэхнікі Мікалаю Барысюку. З таго часу машына і вадзіцель нібыта адно цэлае.
І мяняць яе на больш сучасную і высокапрадукцыйную Мікалай Іванавіч не згаджаецца. Яна для вадзіцеля нібыта сапраўдная “баявая” сяброўка, якую і “лячыць” уласнымі рукамі даводзіцца, і мыць, і фарбаваць, каб мела прэзентабельны выгляд. Бо машына – твар таго, хто на ёй працуе. Мікалай Барысюк ніколі не забывае пра гэта і разам са сваёй “баявой” сяброўкай заўжды адпавядаюць адно аднаму як у гаспадарцы, так і за яе межамі. А яны за такі доўгі і трывалы саюз дзе толькі не пабывалі. За амаль чатыры дзесяцігоддзі перавезена столькі розных грузаў, што і не падлічыць. А колькі кіламетраў дарог намотана?! Колькі гарадоў і населеных пунктаў было на іх агульным шляху?
І ў Пінску вадзіцелю да­водзілася бываць. Праўда, пазнаёміцца з горадам і з яго славутасцямі падчас камандзіровак не атрымлівалася. Затое сёння, пасля ўшанавання пераможцаў жніва, у Мікалая Іванавіча такая магчымасць будзе. А пасля вяртання дамоў сваімі ўражаннямі пра свята і горад абавязкова падзеліцца з жонкай Вольгай, якая з’яўляецца яго надзейным тылам і працуе ў гаспадарцы тэхнікам-асемянатарам.
Ці не шкадуе, што не стаў прафесіянальным будаўніком і звязаў свой лёс з вёскай і сельскай гаспадаркай? Ніколькі. Тут ён знайшоў сябе, тут выраслі іх з Вольгай дзеці – сыны Аляксандр і Уладзімір, дачка Святлана, якія падарылі бацькам ужо пяцярых цудоўных унукаў. Менавіта тут жыццё паставіла яму вялікую пяцёрку за працу на зямлі. Ды і будаўнічым ведам знайшлося прымяненне. Не, сабе дом Мікалай Барысюк не будаваў – разам з жонкай яны жывуць у хаце яе бацькоў, а вось дзецям з будаўніцтвам у вольны час ахвотна дапамагае…
Надзея ЯЦУРА.
На здымку: вось такі ён, Мікалай Барысюк.
Фота Алега Крэмянеўскага.

Опубликовано в «ГЧ» 6.09.2014 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.