Натхненне родны край дае

Аказаўшыся па волі выпадку ў тым ці іншым куточку нашай Беларусі, кожны раз пераконваешся: багатая ўсё ж наша зямля на таленавітых людзей, цікавы яе летапіс, насычаны яркімі падзеямі, знамянальнымі датамі, дасягненнямі. Ганцаўшчына, дзе нядаўна праходзіў семінар рэдактараў абласных і раённых газет Брэсцкай вобласці, не выключэнне.
Дарэчы, арганізатарамі семінара выступілі галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама і абласная арганізацыя Беларускага саюза журналістаў.
Месцам правядзення семінара не выпадкова была выбрана Ганцаўшчына. 25 жніўня адзначалася 88-годдзе з дня нараджэння Васіля Праскурава – таленавітага журналіста, пісьменніка, заслужанага дзеяча культуры БССР, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР і прэміі Саюза журналістаў СССР, які на працягу 21 года ўзначальваў ганцавіцкую раённую газету “Савецкае Палессе”. Творчасць Васіля Фёдаравіча непарыўна была звязана з ганцавіцкім краем і людзьмі, якія тут жылі. На нарысах, у якіх журналіст і пісьменнік Васіль Праскураў праўдзіва адлюстроўваў жыццё роднага краю, вучыліся і вучацца многія пакаленні журналістаў. І перш за ўсё майстэрству слова, глыбіні думак, шчырасці. Акрамя таго, Ганцаўшчына – радзіма добра вядомых літаратараў, якія нарадзіліся, выраслі і працавалі тут і якія сваёй творчасцю ўнеслі важкі ўклад у нацыянальную літаратуру і культуру наогул. Гэта Алесь Каско, Міхась Рудкоўскі, Алег Кажадуб, Іван Кірэйчык, Уладзімір Марук, Віктар Гардзей, Іван Лагвіновіч і беларускі этнограф і фалькларыст Аляксандр Сержпутоўскі.
На цудоўныя творы, якія выйшлі з-пад пяра гэтых таленавітых людзей, іх натхняў родны край. Сёння на Ганцаўшчыне памятаюць пра кожнага з паэтаў, ганарацца кожным, пра што яскрава сведчыць Алея пісьменнасці, адкрытая тут некалькі гадоў таму назад.
Удзельнікі семінара наведалі бібліятэку імя Праскурава, дзе пазнаёміліся з юнымі паэтамі з дзіцячага ўзорнага творчага літаб’яднання “Верасок”, раённы краязнаўчы музей, рэдакцыю райгазеты “Савецкае Палессе”, літаратурна-этнаграфічны музей імя Якуба Коласа ў Люсінскім дзіцячым садзе-сярэдняй школе. Між іншым, Якуб Колас у 1902 годзе пачынаў сваю педагагічную дзейнасць тут, у вёсцы Люсіна.
Прыемныя ўражанні засталіся пасля наведвання аграсядзібы “55-ы кардон”. Некалі тут, у лесе, размяшчаўся піянерскі лагер. Але матэрыяльная база ў апошнія гады была настолькі зношанай, што немагчыма было размяшчаць тут дзяцей. Будынак лагера быў выстаўлены на аўкцыён і знайшоўся чалавек, які выказаў жаданне ўкласці ў гэты аб’ект уласныя сродкі і зрабіць з яго “лялечку”. Да паслуг гасцей “55-ы кардон” прапануе шматлікія забавы, у тым ліку рыбалку і паляванне. Тут можна праводзіць розныя мерапрыемствы, адпачыць усёй сям’ёй, зрабіць экскурсіі, наведаць лазню, пазаймацца спортам на спецыяльна абсталяваных пляцоўках. Ну, і вядома ж, адведаць стравы нацыянальнай кухні, пачаставацца класічнай юшкай.
Нельга было не выкарыстаць магчымасць і не наведаць Ізбійскі бор. Па адным з паданняў набожнаму селяніну ў сне з’явілася ікона Прасвятой Багародзіцы на тым самым месцы, дзе ў 1837 годзе знаходзілася царква. Прасвятая Багародзіца і абвясціла, што з гэтага часу яна будзе апякаць усіх, хто да яе звернецца. Каб пакланіцца гэтай іконе, у Ізбійскі бор штогод на свята Успення Прасвятой Багародзіцы прыязджае шмат багамольцаў. Так было і на гэты раз. Не абмінулі мы і яшчэ адзін помнік мінулага — волат-дуб, якому больш за 600 гадоў.
* * *
У малой зале Ганцавіцкага райвыканкама прайшоў “круглы стол” на тэму “Творчае адлюстраванне рэчаіснасці на старонках газет”, у час якога журналісты абмяняліся назапашаным вопытам і творчымі напрацоўкамі.
Ірына КАСЦЕВІЧ.
НА ЗДЫМКУ: хлебам-соллю сустракалі гасцей вучні Люсінскай школы; цікавай была экскурсія па Алеі пісьменнасці; волат-дуб, што дае станоўчую энергію; у бібліятэцы імя Праскурава.

Опубликовано в «ГЧ» 6.09.2014 г. 

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


https://photolifeway.com

кредит наличными киев

http://np.com.ua