Што параіце, бацюшка?

На пытанні адказвае протаіерэй Віктар Паля­ціла, благачынны Маларыцкай царкоўнай акругі, настаяцель Свята-Мікалаеўскай царквы райцэнтра, кандыдат багаслоўскіх навук.
— Ці можна спавядацца, але ў той жа час не прычашчацца?
— І можна, і патрэбна. У практыцы Рускай праваслаўнай царквы склалася традыцыя, што перад прычашчэннем абавязкова павінна быць ачышчэнне сумлення, пост, устрыманне, малітоўная падрыхтоўка. Таму ў многіх людзей споведзь і прычасце злучыліся, калі можна так сказаць, у адну «працэдуру». Калі ідзеш спавядацца, то павінен і прычашчацца. Аднак гэта два самастойныя таінствы. Мы можам многа разоў спавядацца і ні разу не прыступаць да чашы. Саграшыў, пераступіў запавет Божы — спяшайся ачысціць душу пакаяннем і ўмацавацца на барацьбу з грахом.
У многіх манастырах існуе практыка, калі манахі адкрыта размаўляюць ледзь не кожны дзень з духоўнікам, адкрываючы яму ўсе рухі сваёй душы і атрымліваючы парады. Хоць гэта і не лічыцца споведдзю ў сэнсе таінства. У той жа момант няма неабходнасці «надакучваць» святару споведдзю, на якой робім справаздачу ў сваіх штодзённых грахах: пазайздросціў, падумаў, сказаў дрэннае слова і іншыя падобныя ім спакусы. Гэта ўсё мы спавядаем у сваіх штодзённых вячэрніх малітвах. Робячы так, мы ператвараем таінства споведзі ў нешта машынальнае і, на жаль, не атрымліваем той духоўнай палёгкі, заспакаення, якое перажывае хрысціянін, прыступаючы да таінства са страхам Божым, трапятаннем і вераю.
У некаторых склалася ўяўленне, што да споведзі таксама неабходна рыхтавацца асаблівым пастом і малітоўным правілам. Гэта не так. Калі мы рыхтуемся да прычасця, то ўсё прадпісанае, згодна са статутам, выконваем, спавядаемся і падыходзім да жыватворнай чашы. Да споведзі, акрамя скрухі аб сваіх грахах і жадання змяніцца, асаблівай падрыхтоўкі не патрабуецца.
Таму, дай Бог, усім жыць свята і бязгрэшна. А калі здарацца з намі нейкія падзенні, дык будзем спяшацца ачысціць сваё сумленне сапраўдным пакаяннем і не будзем жыць з грахамі да наступнага прычашчэння, да якога нячысцік будзе з усёй сілы і ўсімі сродкамі нас не дапускаць. Бог усім нам у дапамогу!
— Ці трэба тым, хто прыносіць дзіця да прычасця, цалаваць за яго край чашы?
— Не, не патрэбна. Гэта не мае ніякага сэнсу для таго, хто падносіць. Край чашы цалуе той, хто прычашчаецца. «Это коснулось уст твоих, и беззаконие твое удалено от тебя, и грех твой очищен». Чытаецца малітва пры цалаванні краю чашы як завяршэнне прычашчэння. Пасля гэтага адбываецца яго запіўка. Таму дзіцяці, якое прычашчаецца і само яшчэ не можа цалаваць чашу, датыкаюць да яе краем шчакі, галавой ці вуснамі. Але няма граху ў тым, што той, хто падносіць дзіця, пацалуе край чашы.
— Я хрышчаны. Ці можна мне хадзіць без нацельнага крыжыка?
— Праваслаўны хрысціянін сваю веру сведчыць знешняму свету ўсім сваім жыццём, паводзінамі і ўчынкамі, у тым ліку – нашэннем нацельнага крыжыка. Не будзем тлумачыць значэнне слоў «Крыж Хрыстовы» і той недаступнай чалавечаму розуму сілы, якая даравана Ісусам Хрыстом. Крыж, бясспрэчна, – зброя нашага выратавання. Звернем увагу на наступнае. Супраць якіх атрыбутаў паўстаюць багаборцы? Перш за ўсё — супраць крыжа, у тым ліку і нацельнага, які ўскладваецца святаром пры хрышчэнні чалавеку на грудзі. Гэта як сімвал штодзённага прысвячэння ўсяго жыцця служэнню Хрысту.
…Што цяпер мы назіраем на Захадзе? За тое, што чалавек не жадае зняць нацельны крыжык, яго звальняюць з работы ці не бяруць на яе. Вялікае значэнне надаюць ворагі Бога нацельнаму крыжыку. Мы яшчэ памятаем нядаўнія падзеі ў Чачні. Ад праваслаўнага воіна Яўгенія Радзівонава і яго сяброў мусульманскія баевікі патрабавалі адмовіцца ад Хрыста праз публічнае зняцце нацельнага крыжыка. За адмову добраахвотна гэта зрабіць ён і яго сябры былі аддадзены на пакутніцкую смерць. Таму нашэнне нацельнага крыжыка адыгрывае вялікую ролю не толькі для самога хрысціяніна. Можна прыводзіць мноства прыкладаў, калі нават сам крыжык затрымлівае кулі і выратоўвае ад смерці.
Будзем з самага хрышчэння і да самай смерці насіць на сваім целе крыж Хрыстовы, умацоўваючыся міласцю божай і выкананнем яго запаветаў, каб да нас не адносіліся пагардлівыя словы: «Крыжа на ім няма». Гэтак кажуць пра чалавека, які адступіў ад Закона Божага.
На здымку: протаіерэй Віктар Паляціла.

Опубликовано в «ГЧ» 10.09.2014 г. 

Добавить комментарий


http://exstraeconom.kiev.ua

https://best-cooler.reviews

источник
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!