Над кожным прадаўцом кантралёра не паставіш

Дзе праверыць лясныя дары на чысціню, як часта работнікі раённага Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі правяраюць гандлёвыя аб’екты – гэтыя і іншыя пытанні грамадзяне высвятлялі ў галоўнага санітарнага ўрача РЦГіЭ Уладзіміра Кляцко, з якім была арганізавана “прамая тэлефонная лінія” ў рэдакцыі райгазеты. Прапануем увазе чытачоў рэпартаж з “прамой лініі”.

Жанчына, якая не пажадала назваць сябе:
— Добры дзень, Уладзімір Анатольевіч. Я да Вас па такой праблеме. У вёсцы Ланская на вул. Цэнтральнай ля аднаго з дамоў тэрыторыя не ўтрымліваецца ў належным санітарным парадку.
Уладзімір Кляцко:
— Дзякуй за неабыякавасць. Гэты факт мы абавязкова праверым. Калі ён пацвердзіцца, будуць прыняты адпаведныя меры.
Наталля Пятроўна Пачанчук, жыхарка г. Маларыты:
— Уладзімір Анатольевіч, добры дзень! Цяпер масавы сезон “ціхага палявання”. Грыбоў шмат, розных. А ці чыстыя яны, не ведаеш. Удакладніце, калі ласка, дзе можна праверыць грыбы?
Ул. К.:
— Каб пераканацца, на­колькі грыбы чыстыя па радыелагічных паказчыках, іх можна праверыць у нас у горадзе ў лабараторыі, што працуе на гарадскім рынку. А па мікрабіялагіч­ных і санхімічных паказчыках – у акрэдытаваных лабараторыях г. Кобрына і г. Брэста.
Надзея, маларытчанка:
— Добры дзень, Уладзімір Анатольевіч! Мяне хвалюе некалькі пытанняў. Раней работнікі Вашай службы вельмі часта правяралі аб’екты гандлю. А як цяпер, па новых правілах?
Ул. К.:
— Планавыя праверкі мы праводзім мінімум адзін раз у год, па эпідэміялагічных паказчыках і па даручэнні вышэйстаячых органаў такія праверкі могуць праводзіцца і больш часта. Акрамя таго, штомесячна праводзім ма­ні­торынгі як спажыўцы. Пры выяўленні парушэнняў упершыню, выдаем рэкамендацыі па іх ліквідацыі, а пры выяў­ленні паўторных пару­шэн­няў прымаюцца меры адмі­ністрацыйнага ўздзеян­ня.
Надзея:
— Якія парушэнні найбольш часта выяўляюцца ў час праверак на аб’ектах гандлю?
Ул. К.:
— Гэта няправільныя ўмовы захоўвання тавараў, неналежнае ўтрыманне саміх гандлёвых кропак, парушэнне правілаў асабістай гігіены работнікамі гандлю, парушэнне тэрмінаў рэалізацыі тавараў і інш.
Надзея:
— А якія меры прымаюцца да вінаватых?
Ул. К.:
— Меры пакарання прадугледжаны заканадаўствам нашай рэспублікі. А гэта і прадпісанні аб забароне рэалізацыі прадукцыі, і штрафы, і прыпыненне эксплуатацыі аб’ектаў. Між іншым, штрафы немалыя. Да прыкладу, за рэалізацыю недабраякаснай прадукцыі ён складае ад 4,5 мільёна рублёў.
Надзея:
— Прабачце, што надакучваю Вам, але мяне яшчэ хвалююць і такія пытанні. Дзе больш часта выяўляюцца парушэнні: на аб’ектах гандлю райспажыўтаварыства ці ў прыватных кропках?
Ул. К.:
— У працэнтных адносінах колькасць выяўляемых парушэнняў на аб’ектах гандлю дзяржаўнай формы ўласнасці і прыватнай прыблізна аднолькавая.
Надзея:
— Пратэрмінаваная пра­дукцыя здымаецца з рэа­лізацыі?
Ул. К.:
— Так, у абавязковым парадку. Прычым гаспадар гандлёвага аб’екта павінен нас праінфармаваць аб далейшым выкарыстанні гэтай недабраякаснай прадукцыі. На жаль, нягледзячы на прымаемыя намі меры, вышэйуказаныя парушэнні па-ранейшаму маюць месца ў гандлёвых кропках. Гэта звязана з недобрасумленнасцю асобных работнікаў магазінаў. Як вядома, над кожным прадаўцом кантралёра не паставіш. Хачу сказаць, што работа па нагляду за аб’ектамі гандлю, грамхарчу заўсёды з’яўляецца адной з прыярытэтных у нашай службе.
Лідзія Фядосаўна Раманюк:
— Добры дзень, доктар. Звычайна загадзя спецыялісты папярэджваюць аб эпідэміі грыпу. А на калі яна сёлета прагназуецца?
Ул. К.:
— Па папярэдніх прагнозах спецыялістаў, уздым захворванняў грыпам прыпадзе на снежань-люты.
Л. Ф.:
— А якія меры прафілактыкі, на Вашу думку, найбольш эфектыўныя?
Ул. К.:
— Як я пераканаўся аса­біста і як даказана практыкай, – вакцынацыя. Яе трэба праводзіць за 2-3 месяцы да пачатку эпідэміі.
Л. Ф.:
— Значыць, ужо цяпер трэба рабіць прышчэпку?
Ул. К.:
— Вакцынацыя пачата ўжо. У прыватнасці, цяпер робяцца прышчэпкі прад­стаўнікам групы рызыкі за кошт рэспубліканскага і мясцовага бюджэтаў.
Л. Ф.:
— А акрамя вакцынацыі, якія неспецыфічныя меры прафілактыкі можна выка­рыстоўваць?
Ул. К.:
— Неспецыфічнымі мерамі прафілактыкі з’яўляюцца ўжыванне вітамінаў, прагулкі па свежым паветры, загартоўка арганізма, праветрыванне памяшканняў. І, як ні дзіўна, рэгулярнае мыццё рук пасля наведвання вуліцы.
Ірына КАСЦЕВІЧ.
НА ЗДЫМКУ: галоўны ўрач раённага Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Уладзімір КЛЯЦКО.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 10.09.2014 г.

Добавить комментарий


https://monaliza.kiev.ua

トピックの詳細

optiontradingstrategies.net
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!