Хто можа стаць бацькамі-выхавальнікамі?

Праблемы якасці дарог, арганізацыі вольнага часу маларытчан, моладзі, у прыватнасці, укамплектавання штату дома сямейнага тыпу – на іх засяроджвалі ўвагу грамадзяне, якія звярталіся на “прамую тэлефонную лінію” да намесніка старшыні райвыканкама Вадзіма Шпетнага. Прапануем увазе чытачоў рэпартаж з яе.

Марыя Міхайлаўна Пачанчук, жыхарка Маларыты:
— Вадзім Паўлавіч, добры дзень. Я ўпэўнена, што якасць нашых дарог, якія звязваюць населеныя пункты раёна, хвалюе многіх. Вельмі ўжо зношаныя гэтыя дарогі. Мне вельмі часта даводзіцца ездзіць у Ра­дзеж, Галёўку, Гвозніцу. Па дарогах, што вядуць да іх, страшна ехаць. Ці можна спадзявацца, што гэтая праблема ў хуткім часе будзе вырашана?
Вадзім Шпетны:
— Паважаная Марыя Міхай­лаўна! Праблема якасці дарог вельмі актуальная для нашага раёна. У панядзелак на апаратнай нарадзе старшыня райвыканкама ў чарговы раз агучваў яе, зрабіўшы акцэнт на тое, што дарогі ўсе павінны ўтрымлівацца ў належным стане. На жаль, у нашай арганізацыі, ДРБУ-179, якая абслугоўвае дарогі раёна, цяпер няма фінансавых магчымасцей аператыўна вырашыць гэтую праблему. Бо, па словах начальніка ДРБУ-179 Аляксандра Бурштына, у раёне трэба рамантаваць 80% дарог. Але па даручэнні старшыні райвыканкама адказныя работнікі ўпраўлення капітальнага будаўніцтва напісалі пісьмо генеральнаму дырэктару камунальнага ўнітарнага прадпрыемства “Аблдарбуд” Сяргею Дзямко з просьбай аказаць фінансавую дапамогу ў вырашэнні такой актуальнай праблемы. Пакуль чакаем адказ.
Ірына Дзмітрыеўна Краўчанка, жыхарка Маларыты:
— У нашым горадзе, чула, цяпер завяршаецца будаўніцтва дома сямейнага тыпу. Ці набраны ўжо туды штат работнікаў?
В. Ш.:
— Для работы ў доме сямейнага тыпу, будаўніцтва якога цяпер завяршаецца, пакуль падбіраюцца кандыдаты на пасаду бацькоў-выхавальнікаў.
І. Дз.:
— А што неабходна для таго, каб стаць кандыдатам на такую пасаду?
В. Ш.:
— Пажадана, каб кандыдаты мелі вопыт выхавання ўласных дзяцей, а таксама педагагічную ці медыцынскую адукацыю.
І. Дз.:
— Ці шмат ужо кандыдатаў падалі дакументы?
В. Ш.:
— Ёсць такія. Але, калі ў Вас ёсць жаданне, у ліку прэтэндэнтаў можаце быць і Вы. Чым больш будзе кандыдатаў на пасаду бацькоў-выхавальнікаў, тым лягчэй выбраць з іх самых дастойных. А ў доме сямейнага тыпу павінны працаваць людзі, якія ўсім сэрцам прывязаны да дзяцей, шчыра любяць іх.
Між іншым, па пытаннях наконт уладкавання на работу ў дом сямейнага тыпу, можна тэлефанаваць на нумар 2-13-85.
Юрый Анатольевіч, жыхар Маларыты:
— Добры дзень Вам! Хачу падзяліцца з Вамі некаторымі сваімі меркаваннямі. На маю думку, сумнавата ў Маларыце, асабліва моладзі. Няма для яе той разнастайнасці забаў, што ёсць у іншых гарадах, няма куды пайсці.
В. Ш.:
— Чаму? А гарадскі Дом культуры, дзе праводзяцца дыскатэкі, а ўнівер­сальны спартыўны цэнтр “Жамчужына”, дзе зноў жа можна наведаць і дыскатэку, і паплаваць у басейне, і пагуляць у тэніс, валейбол, наведаць трэнажорную залу і інш.?
Ю. А.:
— Дык там моладзі амаль няма.
В. Ш.:
— Не згодзен з Вамі. Бо сам з сям’ёю па чацвяргах і нядзелях хаджу ў “Жамчужыну”, з задавальненнем гуляю ў тэніс, наведваю саўну, басейн і бачу, што там нямала маладых лю­­дзей, як рабочай моладзі, так і школьнікаў.
Ю. А.:
— А вось у плане сямейнай трапезы, што могуць прапанаваць у Маларыце?
В. Ш.:
— Думаю, адна з такіх устаноў – “Душэўная кухня”. Тут можна і паабедаць, і павячэраць усёй сям’ёй, калі ёсць такое жаданне.
Ю. А.:
— Не раз бываў у Пінску. Там на кожным вуглу батуты для дзяцей. У Маларыце такога не ўбачыш.
В. Ш.:
— Лічу, што для нашага невялікага горада хапае батута, “горак”, што ўстаноўлены ля Дома культуры і ў гарадскім парку ля спартыўнага цэнтра “Жамчужына”.
Ю. А.:
— Дзякуй Вам за тое, што выслухалі мяне па ўсіх пытаннях.
Ірына КАСЦЕВІЧ.
НА ЗДЫМКУ: намеснік старшыні райвыканкама Вадзім ШПЕТНЫ.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 13.09.2014 г.

Добавить комментарий


www.pills24.com.ua

http://maxformer.com
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!