Прыгажосць тчэцца намаганнямі ўсіх

Пра горад, вялікі ці малы, як і пра людзей, спачатку мяркуюць па адзенню. Для любога населенага пункта ім з’яўляецца не столькі архітэктурная арыгінальнасць, колькі наяўнасць кветак, зеляніны… Гэта спрадвечны і нязменны крытэрый. Бываючы ў іншым горадзе, на такую акалічнасць звяртаеш увагу ў першую чаргу і параўноўваеш са сваёй Маларытай. Сёння райцэнтр і яго жыхары не могуць быць у баку ад навядзення парадку на зямлі. Рыхтуючыся да дажынак, роднаму гораду неабходна тэрмінова змяніць імідж. Зараз – самы час пачаць гэта рабіць. Маларыту трэба апрануць, сшыць ёй новую вопратку. Сучасную і прыгожую.  Хоць паняцце прыгажосці адноснае і зменлівае. Ды і трактуюць яго па-рознаму. Колькі людзей, столькі  думак, меркаванняў і перакананняў. Але ўсе зыходзяцца ў адным: тое, ля чаго нельга прайсці, не ахнуўшы ад убачанага, не заглядзеўшыся на яго, трэба, бясспрэчна, аднесці да катэгорыі прыгажосці. Карэспандэнт газеты пабываў у некаторых такіх аазісах  Маларыты. Іх не так і мала. Параскіданы гэтыя рукатворныя шэдэўры красы па ўсім райцэнтры. З’явіліся яны на свет, дзякуючы працавітым рукам канкрэтных людзей і іх жаданню перайначыць навакольны свет, змяніць яго шэры будзень. Прывабнасць прысядзібнага ўчастка заключаецца ў дэталях. Гэта не толькі роўна падстрыжаныя і акуратна выраўнаваныя газоны, выкладзеная плітка, альпійская горка. Гэта дагледжаныя дрэвы і кусты, жывая агароджа, апрацаваныя кветнікі, чыстыя сцежкі… Адкуль, з чаго пачынаецца прыгажосць свайго двара? Які шлях да яе? Такія пытанні былі зададзены маларытчанам.
 Наталля Дацык, вуліца Азёрная:
— Кожны хоча змяніць свой участак у лепшы бок. Многія мараць, каб ля дома быў прыгожы і добраўпарадкаваны двор. Зрабіць так, каб гэта радавала вока, можна, але цяжкавата. У нас усё пачалося з валявога рашэння азеляніць тое месца, дзе праводзім значную частку свайго часу, асабліва – летам. Упрыгожыць не на зайздрасць суседзям, а для сябе і свайго здароўя. Так было вырашана на сямейным савеце. Ініцыятыва належыла Генадзю, майму мужу. Актыўна ва ўсім дапамагалі і дзеці. Адважыліся  на гэта абдумана, хоць ведалі, што справа не аднаго дня і нават тыдня. Яна патрабуе шмат часу, сілы і шмат матэрыяльных сродкаў. Наступны крок – неабходна вызначыцца з аб’ёмамі работы. Добра­ўпарадкаванне “малой ра­дзі­мы”, як і любая сур’ёзная справа, абавязкова павінна мець праект. Далей усё гэта трэба ўкараніць у жыццё, а пасля – падтрымліваць на належным узроўні.

Ірына Алексяюк, вуліца Палеская:
— З ідэі. Азеляненне, мне здаецца, з’яўляецца сапраўдным мастацтвам, таму да гэтага трэба падыходзіць творча, з фантазіяй.  Хацелася нечага незвычайнага. Мы з мужам Юрыем не ландшафтныя дызайнеры, таму эскіз запазычылі з аднаго часопіса. Дакладней, яго асобныя элементы. А затым разам з сынам Сяргеем дадумалі, дафантазіравалі, улічваючы асаблівасці свайго двара. У выніку атрымалася прыгожа. У вольны час можна пасядзець у альтанцы і палюбавацца тым, што створана сваімі рукамі. Сёлета  плануем працягваць упрыгожваць свой прысядзібны ўчастак і далей, бо ён, лічу, з’яўляецца тварам дома і яго гаспадароў, візітнай карткай. Задумак на будучае многа, працаваць ёсць над чым. У любой справе трэба, каб былі жаданне, імкненне чагосьці дасягнуць. Прыгажосць тчэцца намаганнямі ўсіх.
Р.S. Не засталіся ў баку ад надання гораду новай вопраткі азелянення і ўстановы адукацыі. Напрыклад, нядаўна працоўны калектыў раённай гімназіі на чале з адміністрацыяй у поўным складзе выйшаў на суботнік, у выніку якога тэрыторыя была значна “акультурана”. Да гэтага працоўны дэсант быў арганізаваны для ўсіх вучняў.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымках: Наталля Дацык і Ірына Алексяюк на сваіх прыхарошаных прысядзібных тэрыторыях.

Фота аўтара.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


www.velotime.com.ua

http://farm-pump-ua.com

farkopi.com/avtokovriki