У Мельнікі… па ордэн Чырвонай Зоркі

…Заканчэнне гэтай гісторыі, якая працягваецца некалькі гадоў, будзе ў верасні г.г. Апошняя кропка ў ёй будзе пастаўлена тады, калі да Пятра Ківачука, настаўніка гісторыі Мельніцкай базавай школы, з Краснаярска (Расія) прыедуць родныя Пятра Георгіевіча Іваненкі, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, тэлефаніста 102-й гаўбічнай артылерыйскай брыгады 423-га стралковага палка, па… ордэн Чырвонай Зоркі.
— Гэтая ўзнагарода належыць Пятру Іваненку, — расказвае Пётр Ківачук. – У мяне яго ордэн толькі часова захоўваецца.
— Пётр Іванавіч, як гэтая ўзнагарода трапіла да Вас?
— Выпадкова, можна сказаць. У 1998 г. вучань Хаціслаўскай СШ Вячаслаў Герасімук неяк знайшоў ордэн Чырвонай Зоркі. Аб знаходцы, якая ёсць у хлопца, я даведаўся ажно праз 12 гадоў: у пачатку 2010 года. З адваротнага боку ўзнагароды добра захаваўся выбіты на ёй асабісты нумар. Я адразу вырашыў высветліць, каму ордэн належыць. Таму накіраваў пісьмовы запыт у Цэнтральны архіў Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі, які знаходзіцца ў г. Падольску. Праз 6 месяцаў атрымаў адказ, у якім паведамлялася, што ордэн Чырвонай Зоркі, знойдзены ў ваколіцах Хаціслава, быў уручаны 20 кастрычніка 1945 г. яфрэйтару Пятру Іваненку. У архіўнай даведцы таксама паведамлялася, што Пётр Георгіевіч, 1926 года нараджэння, у Чырвоную Армію быў прызваны ў снежні 1943 г. Кіраўскім РВК Краснаярскага краю. Практычна гэта ўсё, што стала вядома.
Пётр Ківачук вырашае пачатую справу давесці да завяршэння і аддаць узнагароду таму, каму яна заслужана належыць. Ён піша ліст у ваенны камісарыят Краснаярскага краю з просьбаю дапамагчы адшукаць Пятра Іваненку. У жніўні 2010 г. усё ж такі прыходзіць адказ.У ім Пётр Ківачук з жалем прачытаў аб тым, што ўдзельнік Вялікай Айчыннай вайны Пётр Георгіевіч Іваненка памёр у 2001 г. Абнадзеіла тое, што паведамляўся хатні адрас Надзеі, дачкі ўладальніка ордэна. Пётр Ківачук і ёй піша ліст. Адказу давялося чакаць доўга: ажно тры з паловаю гады.
— Гэта адбылося па той прычыне, — гаворыць Пётр Іванавіч, — што Надзея Пятроўна Іваненка па нейкіх прычынах змяніла месца свайго жыхарства. Таму маё пісьмо ўвесь гэты час “хадзіла” па паштовых аддзяленнях сувязі Краснаярска. І вось 7 мая 2014 г. раздаўся нечакана тэлефонны званок. З Краснаярска патэлефанавала Таццяна Іваненка, жонка Сяргея, сына Пятра Георгіевіча.
— Пётр Іванавіч, як Пётр Іваненка апынуўся ў аколіцах Хаціслава?
— У 1945-1947 гадах ён праходзіў службу ў складзе батальёна, які вёў барацьбу з нацыяналістамі на тэрыторыі Маларыцкага і Дывінскага раёнаў. Ордэн Чырвонай Зоркі ён згубіў, думаецца, падчас правядзення чарговай узброенай аперацыі, якая праходзіла ў лясах нашай мясцовасці.
— Што Вам вядома пра Пятра Георгіевіча?
— Родныя напісалі, што Пётр Іваненка 17-гадовым юнаком вучыўся на курсах сувязістаў, пасля заканчэння іх пайшоў на фронт. Два гады ваяваў на перадавой, не раз даводзілася яму з разведкай прабірацца за лінію фронту, пракладваць сувязь і карэкціраваць агонь нашых батарэй па тэлефоне. Пятру Георгіевічу даводзілася браць “языка”, нават выратоўваць жыццё параненага камандзіра, не раз сутыкацца твар у твар з захопнікамі. Прырода яго надзяліла прыгожым голасам. У ваенным хоры юнак саліраваў, выдатна іграў на гармоніку. Былі ў Пятра Іваненкі і раненні, кантузія ад снарада, які блізка разарваўся, шпіталь і зноў фронт. І так да самай Перамогі. Між іншым, яна прыйшла ў дзень нараджэння Пятра Іваненкі. 9 мая 1945 г. юнаку споўнілася 19 гадоў.Пётр Георгіевіч, як паведамілі родныя, мае шмат баявых узнагарод. Сярод іх — два ордэны Чырвонай Зоркі, медалі “За адвагу”, “За ўзяцце Кенігсберга”…
Пётр Іваненка ў арміі служыў да 1950 г., затым працаваў электрыкам на дрэваапрацоўчым прадпрыемстве. У Пятра Георгіевіча чацвёра дзяцей (дачка Надзея, сыны Сяргей, Пётр, Канстанцін), 4 унучкі (Марына, Алена, Дар’я, Кацярына) і 2 унукі (Аляксандр і Дзяніс). Усе яны і збіраюцца хутка прыехаць у Мельнікі, каб забраць і вярнуць у сям’ю дарагую для сям’і рэліквію: страчаную амаль 69 гадоў таму ўзнагароду бацькі і дзядулі — ордэн Чырвонай Зоркі.
— Пётр Георгіевіч ваяваў за наша мірнае і шчаслівае жыццё, — пішуць у лісце родныя Іваненкі. – Ён ваяваў на гістарычнай Радзіме сваіх продкаў. Дзякуй вам, Пётр Іванавіч, што Вы знайшлі, збераглі высокую ўзнагароду героя Вялікай Айчыннай вайны! Гэты ордэн — вялікая каштоўнасць для ўсёй нашай сям’і. Шчыры вам дзякуй!
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымках: Пётр Георгіевіч Іваненка у сталым узросце; Пётр (у першым радзе злева) з баявымі таварышамі.

Опубликовано в «ГЧ» 13.09.2014 г. 

Добавить комментарий


https://pillsbank.net

Нашел в интернете авторитетный блог , он описывает в статьях про настольные наборы https://vanco.com.ua/nastolnye-nabory
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!