Брыгадзір

Антон Мацвеевіч Піліпук, уся працоўная біяграфія якога непарыўна звязана з калгасам “17 Верасня”, які быў названы ў гонар знамянальнай падзеі – уз’яднання Беларусі, лічыць, што высокая дзяржаўная ўзнагарода — ордэн «Знак Пашаны» — уручана яму не столькі за важкія дасягненні ў сельгасвытворчасці, колькі за цярпенне і ўменне арганізаваць паляводаў на працу.
Але гэта, як гавораць, яго асабістае меркаванне. Ды толькі не лішнім будзе адзначыць і тое, што за час яго брыгадзірства ўраджайнасць збожжавых у гаспадарцы вырасла ўдвая. Праўда, яна была яшчэ вельмі далёкая ад той, якую атрымліваюць земляробы цяперашняга СВК “Дарапеевічы”. І ўсё ж рост быў адчувальны. Калі напачатку шасцідзясятых гадоў мінулага стагоддзя (менавіта тады Антон Піліпук стаў брыгадзірам) гектар калгаснай раллі даваў не больш за 10 цэнтнераў збожжа, то праз дзесяць гадоў – ужо 20 з лішкам. Па тым часе для гаспадаркі гэта быў значны прарыў у развіцці раслінаводчай галіны. А ў яго брыгадзе добра радзілі яшчэ і буракі…
Вядома, што гэтыя станоўчыя зрухі не толькі яго асабістая заслуга. На вынік працавалі ўсе калгаснікі, як радавыя, так і спецыялісты з кіраўнікамі. Што тычыцца апошніх, то жыццё многіх з іх “знаходзілася” ў руках і пад пільным наглядам Антона Піліпука. Што гэта значыць? Ды ўсяго толькі, што ён пэўны час працаваў старшынёўскім вадзіцелем. І быў у курсе ўсіх іх вытворчых, ды і не толькі, спраў. Магчыма, ён так і правазіў бы ўсё жыццё кіраўнікоў гаспадаркі, бо, як гаворыць сёння яго жонка Аляксандра Кірылаўна, з якой разам з 1956 года, умеў ладзіць з імі, а яшчэ — трымаць язык за зубамі, калі б не выпадак, які здарыўся падчас адной веснавой пасяўной кампаніі. Старшынёй калгаса тады быў Анатоль Шулейка.
Як успамінае цяпер сам Антон Піліпавіч, у той дзень ён ездзіў на грузавой машыне ў Жабінку за зернем, а калі позна вечарам вярнуўся дахаты, яго выклікалі ў кантору. Ён не мог зразумець, чаму такая спешка, таму па дарозе мучыўся думкамі: для чаго? Здаецца ж, нічога дрэннага не нарабіў. А ў канторы тым часам знімалі з пасады колішняга брыгадзіра паляводчай брыгады, які неналежным чынам паводзіў сябе.. Акрамя членаў праўлення на тым пасяджэнні прысутнічаў і сакратар райкама партыі. Яго ж выклікалі для таго, каб прапанаваць пасаду брыгадзіра, маўляў, ты і справы калгасныя ведаеш не па чутках, і на агранома вучышся (на той час вадзіцель старшыні займаўся ў Пружанскім сельгастэхнікуме). Табе і карты ў рукі.
Вядома, ён быў не гатовы да такога павароту падзей, таму адразу ж адмовіўся ад прапановы. Спаслаўся на тое, што яму неабходна параіцца з жонкай і бацькамі, і адправіўся дамоў.
— Бацькі яго былі супраць, — успамінала падчас нядаўняй сустрэчы жонка Антона Мацвеевіча, — у іх з гэтай нагоды нават сварка выйшла, а я прамаўчала, бо ведала, што мужа-брыгадзіра дома не пабачыш.
Ды толькі на гэтым справа не закончылася. На наступны дзень людзі з брыгады сабраліся ў доме насупраць Піліпукоў на агульны сход, куды запрасілі і Антона, і аднагалосна абралі яго брыгадзірам, папярэдзіўшы, што калі ён не пагодзіцца, то будуць хадайнічаць аб яго выключэнні з тэхнікума. І ён згадзіўся. Да даручанай работы аднёсся сур’ёзна, з усёй адказнасцю. У той жа дзень у брыгадзе стартавала сяўба.
— Працаваць было вельмі цяжка, бо практычна ўсе работы даводзілася выконваць уручную, — распавядае Антон Мацвеевіч.- Прычым, большасць іх легла на кволыя жаночыя плечы: у маім падначаленні было 42 жанчыны і 18 мужчын. Яны і ўгнаенні мінеральныя ўносілі – насыпалі іх у вёдры, станавіліся ў рад і пайшлі раскідваць уручную, і сена нарыхтоўвалі — на насілках па пояс у вадзе з балота выносілі, а потым у стажкі складалі, і салому сціртавалі. Гэта пазней ужо ў калгасе з’явіўся стогаскладальнік. А яшчэ ж буракі палолі і ўбіралі, лён рвалі, сцялілі, трапалі. І ўсё гэта практычна бясплатна. Як гавораць, за “галачкі”.
І брыгадзір разам з імі. Але ж загадзя неабходна было арганізаваць людзей на работу. Пасля нараду ў канторы абысці ўсіх паляводаў па хатах і сказаць, каму куды ісці на працу. І ўсё гэта пешшу, як гавораць, на сваіх дваіх. І так кожны дзень. Гэта пазней ужо брыгадзіру далі матацыкл. А яшчэ прыйшла меліярацыя, якая таксама стала важнай вехай у жыцці калгаснікаў.
А колькі незадаволеных было? Працаваў неяк у брыгадзе Антона Піліпука МТЗ-150 з дыскамі. Ды не дыскаваў глебу, а толькі псаваў яе. Калі брыгадзір заўважыў гэта, прагнаў гора-трактарыста з поля. Дык яго ж і абвінавацілі, што сарваў, маўляў, работу. Усяго зараз і не ўспомніць. Але Антон Мацвеевіч ніколькі не шкадуе, што той даўні выпадак на веснавой сяўбе так змяніў яго лёс. Працаваць было цікава. Хоць усё магло б быць зусім па-іншаму.
Як прызнаўся Антон Мацвеевіч, пасля заканчэння 7-га класа Чарнянскай школы (у 1-м класе ён вучыўся ў польскай школе, пасля аб’яднання Заходняй Беларусі з Беларускай ССР адразу пайшоў у 3-ці клас савецкай, а ў 4-ты – толькі пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны) ён паступіў у Брэсцкае педагагічнае вучылішча. Ды толькі не суджана, відаць, было стаць яму педагогам. Сям’я жыла бедна. Грошай у бацькоў не было. Таму ён пакінуў вучылішча і паступіў на вадзіцельскія курсы ў Дывіне. А пазней, калі ўжо працаваў брыгадзірам, закончыў Пружанскі сельскагаспадарчы тэхнікум. І выхаваўчай работай займаўся. Праўда, выхоўваць яму даводзілася не дзяцей, а дарослых. Да гэтага яго абавязвала пасада брыгадзіра, на якой ён атрымаў не толькі высокую ўзнагароду Радзімы, але і шмат чаму навучыўся. Магчыма, таму ён і зараз ахвотна павярнуў бы тыя гады і пражыў бы іх зноў.
— Ды куды ўжо, 84-ы год пайшоў, — сумна жартуе брыгадзір…
Надзея ЯЦУРА.
На здымку: былы брыгадзір калгаса “17 Верасня” Антон Піліпук з праўнучкай Жэнькай.
Фота Алега Крэмянеўскага.

Опубликовано в «ГЧ» 17.09.2014 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


также читайте

http://www.pharmacy24.com.ua/

обращайтесь el-smoke.club