Крыніца папаўнення пазабюджэтных сродкаў

Прышкольны ўчастак Макранскай сярэдняй школы – адзін з самых вялікіх сярод устаноў адукацыі раёна. Яго плошча – адзін гектар.
— У школе ён быў створаны ажно ў 1960 г., — гаворыць Валянціна Літвін, дырэктар. – Штогод на ім вучні і настаўнікі вырошчваюць гародніну ў першую чаргу для сваіх патрэб. А гэта зніжае кошт аплаты за харчаванне ў сталоўцы. А яшчэ вырашчаная сваімі сіламі сельгаспрадукцыя – крыніца папаўнення пазабюджэтных сродкаў.
З Валянцінай Мікалаеўнай і Таццянай Жырыціёвай, загадчыцай участка, накіроўваемся на школьнае “поле”, якое знаходзіцца адразу за будынкам установы адукацыі. На ўваходзе на ўчастак у вочы кідаецца прыгожая арка, якая абвіта ружамі і іншымі рознакаляровымі кветкамі. Уся тэрыторыя падзелена на невялічкія прамавугольныя ўчастачкі, на якіх расце пэўная культура. Кожны раслінны “аб’ект” мае свой пашпарт, дзе пазначаны яго гатунак, дата высадкі ў грунт, асноўныя характарыстыкі і асаблівасці.
— На нашым участку знайшлося месца і цыбулі, буракам, памідорам, капусце, кропу… — кажа Таццяна Іванаўна. – Сёлета даспявае добры ўраджай. Каб гэтага дасягнуць, давялося добра летам папрацаваць.
— У мінулым годзе прышкольны ўчастак нам прынёс прыбытак на 10 мільёнаў рублёў, — расказвае Валянціна Мікалаеўна. – Сёлета за вырашчаную на ім сельскагас­падарчую прадукцыю мяркуем атрымаць не менш за 11-12 мільёнаў рублёў, якія будуць залічаны на рахунак школы.
Установа адукацыі ўжо прадала 2 тоны трыцікале (выручка – 4800000 рублёў), 500 кг цыбулі (атрымана 2500000 рублёў), 100 кг агуркоў. Яшчэ ў планах – сабраць і збыць 2 тоны капусты, 300 кг морквы, 300 кг буракоў. Аднак самым ураджайным у гэтым годзе стане аддзел участка, дзе растуць гарбузы. Толькі па прыблізных падліках плануецца здаць 6 тон гэтай вітаміннай прадукцыі.
— Са збытам пытанняў у нас ніколі не ўзнікае, — гаворыць Валянціна Літвін. – Вырашчаную прадукцыю на прышкольным участку з ахвотай набывае мясцовае насельніцтва, а таксама – жыхары г.Маларыта. А вось усе гарбузы пойдуць на перапрацоўку на Маларыцкі кансервавагароднінасушыльны камбінат. Атрыманыя грошы за рэалізацыю сельгаспрадукцыі будуць выкарыстаны на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы школы.
У Макранскай школе па стане на 1 верасня гэтага года навучаецца 92 вучні. Адукацыйны працэс вядуць 20 педагогаў. Настаўнікі і вучні штогод разам старанна працуюць на тэрыторыі школы. На 4 гектарах яе плошчы ўсюды чысціня і парадак. На кожным квадратным метры адчуваецца прысутнасць рукі сапраўднага, клапатлівага і дбайнага гаспадара. На тэрыторыі школы шмат кветак.
— Спачатку яны (сёлета 13 відаў) гадуюцца ў калекцыйным аддзеле прышкольнага ўчастка, — кажа Таццяна Жырыціёва, — а пасля рассаджваюцца па кветніках. Кветкі радуюць вока з ранняй вясны да позняй восені.
* * *
Валянціна Літвін расказала, што сёлета для тых вучняў, якім споўнілася ўжо 16 гадоў, на базе школы была арганізавана часовая занятасць у вольны ад вучобы час сумесна з упраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама. 9 вучняў на працягу ліпеня-жніўня працавалі на прышкольным участку, кветніках, тэрыторыі ўстановы адукацыі. За 24 дні кожны з іх атрымаў больш за 1 мільён 700 тысяч рублёў.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: загадчыца прышкольнага ўчастка Таццяна Жырыціёва з 9-класніцамі ля вырашчаных гарбузоў.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 17.09.2014 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


https://cl24.com.ua

etalon.com.ua/

steroid-pharm.com