“Твае першыя фінансы”

Акцыю з такой назвай, задзейнічаўшы ўсіх пяцікласнікаў краіны, арганізавала ААТ “Белаграпрамбанк”. Урокі фінансавай пісьменнасці прайшлі і ў Маларыцкім раёне.
У кішэні сучаснага школьніка, нават самага маленькага, грошы не рэдкасць. Але ці ўсе дзеці ўмеюць правільна распарадзіцца імі? Вядома, не, бо гэта асобная навука, якую, як паказвае жыццё, трэба вывучаць. І чым раней будуць засвоены азы фінансавай адукаванасці, тым больш падрыхтаваным да жыцця будзе дзіця. Дапамагчы школьнікам набыць самыя важныя для іх фінансавыя веды вырашыла адкрытае акцыянернае таварыства “Белаграпрамбанк”. У рэспубліцы прайшла акцыя “Твае першыя фінансы”. Удзельнічалі ў ёй і школьнікі Маларытчыны. Пяцікласнікі, а менавіта яны сталі галоўнымі ўдзельнікамі мерапрыемстваў агульнарэспубліканскага сацыяльнага праекта, атрымалі падарункі ад “Белаграпрамбанка”, а ў трох школах раёна – Олтушскай, Хаціслаўскай і Лукаўскай — прайшлі ўрокі фінансавай пісьменнасці.
Калі прадстаўнікі банка прыехалі да олтушскіх пяцікласнікаў, у іх пачынаўся ўрок фізкультуры. Каб не расчараваць школьнікаў, якія любяць спартыўныя заняткі, вырашана было ўрок фінансавай пісьменнасці правесці таксама ў форме гульні. Начальнік разлікова-касавага цэнтра № 15 г. Маларыта філіяла ААТ “Белаграпрамбанк” Брэсцкага абласнога ўпраўлення Аляксандр Ханчук знаёміў дзяцей з карыснай інфармацыяй, якая датычылася фінансаў, задаваў “каверзныя” пытанні, а хлопчыкі і дзяўчынкі стараліся правільна адказаць, бо за веды і актыўнасць кожны меў магчымасць атрымаць сувенір. Сігналам для адказаў быў мяч, які найперш трэба было злавіць.У такой інтэрактыўнай форме школьнікі даведаліся пра многія цікавыя рэчы. Яны пазнаёміліся з гісторыяй узнікнення грошай, у якасці якіх некалі выкарыстоўваліся розныя тавары: у Кітаі, да прыкладу, чай, у Індыі – соль, у Ісландыі – сушаная рыба. Даведаліся вучні, як можна грошы зберагаць, самі, як умелі, расказвалі пра крэдыт, з цікавасцю слухалі інфармацыю пра пластыкавыя карткі для дзяцей. Хлопчыкі і дзяўчынкі адгадвалі загадкі, знаёміліся з рэкламнымі відэаролікамі, а яшчэ атрымалі шмат карысных парад.
Самае галоўнае, як адзначалі ў размове з дзецьмі прадстаўнікі “Белаграпрамбанка”, ніколі не трапляць у залежнасць ад грошай, бо “грошы – дрэнны гаспадар, але добры памочнік”, планаваць свае расходы, але не эканоміць на клопаце аб сваіх блізкіх, таму што не ўсё ў жыцці вымяраецца грашыма і самыя дарагія рэчы не маюць цаны. Падарыўшы кожнаму пяцікласніку зборнік дзіцячых казак на фінансавую тэму “Твае першыя фінансы”, арганізатары сустрэчы пажадалі школьнікам у будучым сумленна зарабляць грошы і абавязкова навучыцца правільна іх выкарыстоўваць.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: у час урока фінансавай пісьменнасці.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 17.09.2014 г.

Добавить комментарий


http://farm-pump-ua.com
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!