Дзевяць дзясяткаў Фёдара Сацюка

Убачыўшы ў дзень свайго нараджэння на парозе дома нечаканых гасцей, ветэран Вялікай Айчыннай вайны маларытчанін Фёдар Фёдаравіч Сацюк быў шчыра здзіўлены і вельмі ўражаны. Эмоцыі пажылога чалавека яскрава адлюстроўвала адкрытая ўсмешка, якая з першых імгненняў сустрэчы асвяціла яго твар. Нагода для таго, каб у доме Фёдара Фёдаравіча было шматлюдна, была самая што ні ёсць добрая. Чалавек, які прайшоў крутымі дарогамі вайны, быў цяжка паранены, але выжыў, вярнуўся дамоў і ўсё жыццё сумленна працаваў, адзначаў свой 90-гадовы юбілей. Павіншаваць юбіляра прыехалі з кветкамі і падарункамі Уладзімір Бойка, старшыня раённага савета ветэранаў, Валянціна Козак, інструктар Кобрынска-Маларыцкай міжраённай арганізацыйнай структуры, і Віталь Бенясюк, завуч другой гарадской школы, калектыў якой шэфствуе над ветэранам.
…На фронт малады сувязіст Фёдар Сацюк трапіў у 1944 го­дзе. З войскамі першага Беларускага фронту прайшоў Польшчу, Германію. Роўна за тры месяцы да Перамогі, 9 лютага 1945 года быў паранены ў жывот. Але цудам юнак выжыў. Дзень Перамогі ён сустрэў у шпіталі. Добра памятае Фёдар Фёдаравіч, як ускалыхнулася душа ад весткі аб Перамозе, як радаваліся ўсе.
Хутка ляцелі пасляваенныя гады, дзесяцігоддзі. Фёдар Фёдаравіч працаваў там, дзе патрэбны былі яго ўмелыя рукі, — кінамеханікам, эканамістам у райсельгасхарчы, электрыкам на гароднінасушыльным заводзе, загадчыкам фермы, электрыкам на малаказаводзе, адкуль пайшоў на пенсію. Але, заслужыўшы адпачынак, працягваў працаваць. Яго працавітасць памятаюць таксама калектывы хлебазавода, першай і другой гарадскіх школ. Няўрымслівым Фёдар Фёдаравіч быў заўжды і ў гаспадарчых справах. І сёння яшчэ спяшаецца на агарод, наводзіць разам з жонкаю парадак у двары, у якім чыста і ўтульна. Расказ пра жыццё ветэрана мог бы заняць не адну гадзіну. Але, перабіраючы заслужаныя ордэны і медалі, а іх нямала, Фёдар Фёдаравіч успамінаў толькі самыя значныя для яго моманты, тыя, што запалі ў душу. Юбіляр шчыра дзякаваў усім, што памятаюць, наведваюць, падтрымліваюць.
Між іншым, у той жа дзень да Фёдара Фёдаравіча наведаліся яшчэ работнікі раённага тэрытарыяльнага Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва разам са школьнікамі раённай гімназіі. Яны прыйшлі пажадаць ветэрану-юбіляру моцнага здароўя і даўгалецця. Дзеці парадавалі ветэрана вершамі і песнямі, а ён расказаў шмат цікавага. І не дзіўна, бо чалавек з такім багажом пражытых гадоў і такой багатай біяграфіяй — сапраўдная скарбніца гісторыі.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: у гасцях у 90-гадовага юбіляра Фёдара Фёдаравіча Сацюка.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 20.09.2014 г.

Добавить комментарий


https://farm-pump-ua.com/

ссылка avrora-trans.com

http://farm-pump-ua.com
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!