Тыдзень творчасці

Першыя дні верасня для педагогаў раённага Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі прайшлі пад знакам штогадовага рэспубліканскага мерапрыемства – Тыдня дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. У рамках яго было запланавана шмат цікавага для дзяцей і іх бацькоў. Мерапрыемствы, якія праводзіліся ў гэтыя дні, былі закліканы прыцягнуць да ўстановы дадатковай адукацыі павышаную ўвагу з боку грамадскасці, пашырыць лік сацыяльных партнёраў.
Стала традыцыяй запрашаць першакласнікаў гарадскіх школ на азнаямляльна-экскурсійную сустрэчу ў Цэнтр дадатковай адукацыі. У самім Цэнтры і на дадатковых пляцоўках праходзіла прэзентацыя вопыту работы аб’яднанняў па інтарэсах. Педагогі агульнаадукацыйных школ і іх вучні маглі пазнаёміцца з рознымі накірункамі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Шмат станоўчых эмоцый і добрых водгукаў выклікала тэатралізаванае прадстаўленне творчых калектываў і выканаўцаў у дзень адчыненых дзвярэй. У ім прынялі ўдзел усе педагогі дадатковай адукацыі і іх выхаванцы.
Вынік работы любой установы адукацыі залежыць ад кадраў. Шмат творчай энергіі і энтузіязму ўкладваюць у работу такія педа­гогі, як Зоя Іванаўна Ляшчынская, Валянціна Уладзіміраўна Самуйлік, Таццяна Андрэеўна Клачан, Лілія Мікалаеўна Лазіцкая, Таццяна Аляксандраўна Лапцева, Алена Васільеўна Буд-Гусаім, Аксана Васільеўна Слуцкая, Ніна Міхайлаўна Алесяюк, а таксама педагогі-сумяшчальнікі Анатоль Мікалаевіч Барысюк, Аляксандра Валер’еўна Вашчанчук і іншыя.
Вядома, не ўсе дзеці, якія навучаюцца ў нашай установе, стануць вядомымі людзьмі, але мы ўпэўнены, што яны будуць інтэлігентнымі слухачамі і гледачамі, вынаходлівы­мі выдумшчыкамі, актыўнымі, праца­вітымі, гарманічна развітымі асобамі. І мы верым, што ўсе яны з удзячнасцю будуць успамінаць сваіх педагогаў.
Усіх дзяцей, хто жадае наведваць нашы аб’яднанні па інтарэсах, мы з радасцю чакаем у нашым Цэнтры дадатковай адукацыі.
Ала ШАБОГІНА, культарганізатар маларыцкага Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.
НА ЗДЫМКУ: у час творчага прад­стаўлення.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 20.09.2014 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий