Памяць паклікала ў дарогу

Не часта такое здараецца ў жыцці, калі згубленая дзяржаўная ваенная ўзнагарода вяртаецца да таго, каму яе ўрачыста некалі ўручылі. Прыемна, што так было нядаўна ў в. Мельнікі. Сюды з далёкага Краснаярска (Расія) па ордэн Чырвонай Зоркі прыехалі родныя Пятра Іваненкі, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, тэлефаніста 102-й гаўбічнай артылерыйскай брыгады 423-га стралковага палка. Заслужаную ўзнагароду згубіў Пётр Георгіевіч на тэрыторыі Маларытчыны прыблізна ў 1945-1947 гадах, калі ён праходзіў службу ў складзе батальёна і вёў барацьбу з нацыяналістамі на тэрыторыі раёна. І вось амаль праз сем дзясяткаў гадоў рэліквія вярнулася да тых, каму яна належыць, – да сына ветэрана, Сяргея Пятровіча, і яго жонкі Таццяны Анатольеўны. На жаль, сам Пётр Георгіевіч памёр у 2001 г.
* * *
Візіт Сяргея і Таццяны Іваненкаў на Маларытчыну, якіх суправаджаў Мікіта Маткоўскі, генеральны консул Консульства РФ у Брэсце, пачаўся з прыёму ў кабінеце Вадзіма Шпетнага, намесніка старшыні райвыканкама. Затым ён працягваўся ў Мельніцкай базавай школе, дзе вучні і педагагічны калектыў з хлебам-соллю сустракалі дарагіх гасцей. Пётр Ківачук гасцінна запрасіў на экскурсію ў створаны ім гісторыка-краязнаўчы музей. Між іншым, Пётр Іванавіч па ўласнай ініцыятыве пачаў усю справу па пошуку сапраўднага ўладальніка ўзнагароды і давёў яе да лагічнага завяршэння. Дзякуючы яго настойлівасці, энтузіязму, неабыякавасці да лёсу ўдзельнікаў мінулай вайны ўдалося дакументальна ўстанавіць, каму сапраўды належыць ордэн. За патрэбнымі звесткамі Пятру Іванавічу даводзілася не раз на працягу больш чым 3 гадоў пошукаў звяртацца ў розныя інстанцыі Беларусі і Расіі.
…З кветкамі і апладыс­ментамі вучні і настаўнікі вітаюць Сяргея і Таццяну Іваненкаў, Вадзіма Шпетнага, Мікіту Маткоўскага, Уладзіміра Смаля, старшыню Хаціслаўскага сельскага Савета, айца Пятра Пяшко, настаяцеля Спаса-Праабражэнскага храма в. Хаціслаў, Уладзіміра Бойку, старшыню раённага савета ветэранаў… Сярод прысутных — і Вячаслаў Герасімук. Менавіта з яго знаходкі ў 1998 г. ордэна Чырвонай Зоркі і пачалася справа.
-Тады я вучыўся ў 5 класе, — успамінае Вячаслаў Рыгоравіч. — Узнагароду выпадкова знайшоў у пясочніцы, пясок у якую прывезлі з узвышша, што знаходзіцца ля могілак в. Хаціслаў. Дарослым пра знаходку не сказаў, таму што збіраў розныя значкі.
Магчыма, ордэн так і застаўся б у дзіцячай калек­цыі Вячаслава назаўсёды, калі б пра гэта не даведаўся Пётр Іванавіч. Здарылася гэта толькі ў жніўні 2010 г. Сапраўднага ўладальніка ўзнагароды ўдалося дакладна ўстанавіць дзякуючы таму, што на яе адваротным баку захаваўся выбіты асабісты нумар: 1939471.
…Надыходзіць самы ўрачысты і доўгачаканы момант: Вадзім Шпетны перадае ў рукі Сяргею Іваненку ордэн Чырвонай Зоркі (на здымку).
Сяргей Пятровіч шчыра і задушэўна ўспамінае пра свайго бацьку. Ён згадвае гады маленства, калі Пётр Георгіевіч апавядаў пра вайну.
— Аднак пра свае ваенныя подзвігі на фронце і ў тыле ворага бацька расказваў мала, рэдка і з неахвотаю. Не любіў ён гэтага. Часта казаў, што Радзіму сваю абараняць ад ненавіснага захопніка – святы абавязак кожнага. Так павінны рабіць усе. Таму нічога геройскага ў сваіх учынках і не бачыў, ніколі не выхваляўся, жыў, як усе. Мне не раз даводзілася чуць яго словы: «Тады, на вайне, мы змагаліся не за ордэны і медалі, а выконвалі свой патрыятычны абавязак, змагаліся і паміралі за Радзіму…»
Сяргей Пятровіч прызнаўся, што за 5 тысяч кіламетраў ён прыехаў з жонкай на Маларытчыну, можа, і таму, каб рэабілітавацца перад светлай памяццю бацькі. Яна паклікала ў няблізкую дарогу.
— Перад сваім татам увесь час, яшчэ з маленства, адчуваў віну, якую не мог загладзіць, калі ён быў яшчэ жывы. Родныя казалі, што ў дзяцінстве я згубіў бацькаў медаль «За адвагу». Калі, дзе і як – зусім не памятаю. І вось сёння я трымаю ў руках страчаную калісьці дарагую яму ўзнагароду. Гэта, безумоўна, хвалюючы момант, вельмі памятны і важны найперш для мяне, а таксама для ўсёй нашай сям’і.
Вялікі дзякуй і зямны паклон Пятру Іванавічу за сустрэчу, за вернутую з небыцця ўзнагароду, а ўсім – за шчыры і цёплы прыём!
Пасля афіцыйнай часткі мерапрыемства вучні не разыходзіліся. Яны задавалі пытанні і фатаграфаваліся на памяць.
* * *
Пётр Ківачук цяпер жыве новымі планамі. Ён чакае прыезду пошукавага батальёна. На Маларытчыне яму вядомыя яшчэ як мінімум месцы чатырох пахаванняў савецкіх салдат. Магчыма, што іх імёны і прозвішчы можна будзе ўстанавіць па асабістых рэчах і медаль­ёнах.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымках: у час наведвання музея ў Мельніцкай базавай школе.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 24.09.2014 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий