Зменены падыходы да павышэння зарплаты педагогам

Начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Таццяна Лаўрэенка правяла «прамую лінію» з жыхарамі раёна. Размова ішла пра павышэнне зарплаты, цэнтралізаванае тэсціраванне, падтрымку маладых спецыялістаў… Ніжэй — рэпартаж з яе.
Наталля Султанава:
— Я толькі пачынаю сваю педагагічную работу. Якія ствараюцца ўмовы для замацавання маладых спецыялістаў ва ўстановах адукацыі?
Т.Л.:
— Усе маладыя спецыялісты маюць педагагічную нагрузку 20 і больш гадзін. Акрамя таго, пры прыёме на работу ім выплачваецца грашовая дапамога. Для маладых спецыялістаў на працягу 2 гадоў устаноўлены штомесячныя даплаты ў памеры адной тарыфнай стаўкі першага разраду. Пры замацаванні педагогаў, якія толькі што пачынаюць свой шлях у прафесію, жыллёвае пытанне вырашаецца шляхам кампенсацыі ім затрат на арэнду жылых памяшканняў у памеры 2 базавых велічынь (сёння гэта 300000 рублёў) пры прадастаўленні дагавору найму жылля.
Ганна Віктараў­на:
— Я працавала педагогам у школе мастацтваў, зараз – выхавальнікам у адным з дзіцячых садкоў райцэнтра. Ці будзе мне залічана работа ў школе мастацтваў у педагагічны стаж?
Т.Л.:
— У адпаведнасці з Інструкцыяй аб асаблівасцях вылічэння стажу работы па спецыяльнасці работнікаў бюджэтных арганізацый сістэмы адукацыі (пункт 4 абзац 10) у стаж работы па спецыяльнасці Вам залічваюцца перыяды работы на пасадах канцэртмайстра, выкладчыка, настаўніка ў Хаціслаўскай музычнай школе адпаведнага перыяду. Час работы ў Чарнянскай дзіцячай музычнай школе ў стаж работы па спецыяльнасці вам не можа быць залічаны. Падстава — пункт 3 дадатку да Палажэння аб парадку вылічэння стажу работы па спецыяльнасці і павышэння тарыфных ставак работнікам, якія атрымліваюць субсідыі і прыраўноўваюцца па аплаце працы да работнікаў бюджэтных арганізацый, за стаж работы па спецыяльнасці. (Зацверджана пастановай Міністэрства працы ад 12.01.2000г. №4).
Ігнат Рапінчык:
— Ці будуць аргані­заваны ў новым навучальным годзе платныя гурткі ў дзіцячых дашкольных установах?
Т.Л.:
— Ва ўстановах дашкольнай адукацыі Маларытчыны функцыянавалі гурткі рознай тэматычнай накіраванасці (харэаграфічныя, па выву­чэнні замежнай мовы і інш.).
Аднак у адпаведнасці з «Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб адукацыі» гуртковая дзейнасць трапляе пад адукацыйную праграму дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Установы да­школьнай адукацыі не на­дзелены правам рэалізоўваць такую адукацыйную праграму. Штатным раскладам дзіцячых садкоў пасада педагога дадатковай адукацыі таксама не прадугледжана. Цяпер гэтае пытанне дадаткова вывучаецца на больш высокім узроўні.
Яўгенія Слабадчук:
— Наколькі ў рублёвым эквіваленце павышаюцца зарплаты для настаўнікаў і выхавальнікаў дзіцячых садкоў з новага навучальнага года?
Т.Л.:
— Цяпер прадугледжаны новы падыход: замест аднолькавага павышэння тарыфных ставак (акладаў) усім педагагічным работнікам уводзіцца дыферэнцыраванае павелічэнне надбавак за наяўнасць кваліфікацыйных катэгорый. Згодна з пастановай Савета Міністаў Рэспублікі Беларусь з 1 верасня 2014г. яны для настаўнікаў з вышэйшай адукацыяй складуць: за другую катэгорыю 30% ад тарыфнага акладу (стаўкі) замест ранейшых 15% (345352, павышэнне на 172672 рублёў), за першую катэгорыю — 55% замест 20% (643455, павышэнне на 409471 рубель), за вышэйшую катэгорыю — 90% замест 30% (1074902, павышэнне на 716601 рубель), за катэгорыю «настаўнік-метадыст» — 120% замест 40% (1535365, павышэнне на 1023576 рублёў). Для выхавальнікаў дашкольных дзіцячых устаноў з вышэйшай адукацыяй заробкі павысяцца на 57559 рублёў за ІІ кваліфікацыйную катэгорыю, на 175487 рублёў – за І катэгорыю, на 358300 рублёў – за вышэйшую катэгорыю. Для настаўнікаў і выхавальнікаў ДДУ, якія маюць сярэдне-спецыяльную адукацыю, прадугледжана трохі меншае павышэнне зарплаты.
Лізавета Смаль:
— Мая пляменніца ў гэтым годзе здавала цэнтралі­заванае тэсціра­ванне. Яе бацькі вынікамі не за­даволены. Ці можаце пракаменціраваць, як зда­дзены ў гэтым годзе тэсты ў цэлым па раёне?
Т.Л.:
— Выпускнікі 2014 г. здавалі ЦТ па 12 прадметах. Вышэй за абласныя паказчыкі сярэдні бал на Маларытчыне атрыманы па беларускай мове (39.48, абласны – 37.07, рэспубліканскі — 39.86), біялогіі (39.15, абласны – 37.26, рэспубліканскі – 38.75), гісторыі Беларусі (44.52, абласны – 40.69, рэспубліканскі — 41.85), грамадазнаўству (61.30, абласны – 45.75, рэспубліканскі – 47.21), геаграфіі (32.33, абласны – 31.23, рэспубліканскі – 35.75).
Па хіміі лепшыя вынікі на ЦТ сёлета паказалі выпускнікі Ляхавецкага д/с-СШ (сярэдні бал 76, абласны паказчык 38.05, рэспубліканскі – 39.27), Хаціслаўскай СШ (59), СШ №2 (44.66), раённай гімназіі (43.5); па біялогіі – раённай гімназіі (61.3), Хаціслаўскай СШ (53), Ляхавецкага д/с-СШ (41.33), СШ №1 (41); па нямецкай мове – Ляхавецкага д/с-СШ (80, абласны паказчык 50.51, рэспубліканскі 48.20), Олтушскай СШ (73); па гісторыі Беларусі – Ланской СШ (83), раённай гімназіі (66.4), Велікарыцкай СШ (49), СШ №2 (45.5), СШ №1 (44.87); па грамадазнаўству – раённай гімназіі (82.66), СШ №2 (67.5); па беларускай мове – СШ №2 (58.07), Хаціслаўскай СШ (51.5), раённай гімназіі (49.87), Велікарыцкай СШ (48.33), СШ №1 (46.5), Лукаўскай СШ (46), Ланской СШ (44), Гвозніцкага д/с-СШ (42.33), Макранскай СШ (42); па рускай мове – Ляхавецкага д/с-СШ (51.33, абласны паказчык – 40.83, рэспубліканскі – 41.90), Пажэжынскай СШ (51), раённай гімназіі (44.5); па геаграфіі – СШ №1 (58); па фізіцы — раённай гімназіі (47.13, абласны паказчык — 31.65, рэспубліканскі — 33.53); па сусветнай гісторыіі – Ланской СШ (59); па матэматыцы – раённай гімназіі (41, абласны паказчык – 30.08, рэспубліканскі – 32.08), Ляхавецкага д/с-СШ (36), СШ №2 (34.15).
Згодна з вынікамі ЦТ гэтага года, найбольш высокія балы (86 і больш) набралі тры вучні СШ №2 па беларускай мове, адзін вучань раённай гімназіі па гісторыі Беларусі, два вучні раённай гімназіі па грамадазнаўству.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: Таццяна Лаўрэенка, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 24.09.2014 г.

Добавить комментарий


http://mazda.niko.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!