У прыярытэце — увага і клопат

Раённая арганізацыя прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў налічвае ў сваіх радах больш за 340 членаў. Дэлегаты з 10 пярвічак прынялі ўдзел у справаздачна-выбарчай канферэнцыі, на якой былі падведзены вынікі прафсаюзнай дзейнасці за апошнія пяць гадоў.
98 працэнтаў работнікаў устаноў, што аб’яднаны адной прафсаюзнай арганізацыяй, як адзначыў у справаздачы старшыня раённага камітэта прафсаюза работнікаў дзяржустаноў Сяргей Строк, з’яўляюцца членамі прафсаюза. І хоць працэнт задзейнічання ў прафсаюзным жыцці і без таго немалы, прафсаюзная арганізацыя важнай задачай па-ранейшаму лічыць папаўненне сваіх радоў. У нядаўнім часе далучыцца да прафсаюза дзяржустаноў выказала жаданне прафсаюзная арганізацыя дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы. Прафсаюз не толькі вырас у сваёй колькасці, але і атрымаў новыя магчымасці для арганізацыі цікавага адпачынку. Між іншым, пытанні арганізацыі культурна-масавага жыцця калектыву, аздараўлення работнікаў, як і пытанні абароны працоўных правоў, стварэння добрых умоў для працы і адпачынку па-ранейшаму з’яўляюцца для прафсаюзнай арганізацыі прыярытэтнымі. І калі яны вырашаюцца, калі кожны член прафсаюза адчувае, што прафсаюзная арганізацыя дзейнічае і прапануе кожнаму не заставацца ў баку ад падзей, а ў цяжкую хвіліну прыходзіць на дапамогу, тады не ўзнікае ў людзей пытанне, якое, на жаль, у многіх працоўных калектывах гучыць нярэдка: навошта патрэбны нам прафсаюз?
Ва ўсіх прафсаюзных пярвічках, як адзначалася ў выступленні, наладжана сваё актыўнае прафсаюзнае жыццё. Заключана 5 калектыўных дагавораў, якія распаўсюджваюцца на 256 членаў прафсаюза. У арганізацыях і ўстановах па ініцыятыве прафсаюзных камітэтаў праводзяцца конкурсы, ушаноўваюцца юбіляры, аказваецца матэрыяльная дапамога, выдзяляюцца сродкі на патанненне бацькоўскай платы за пуцёўкі на аздараўленне дзяцей.
Працягваючы размову, аб рабоце сваіх прафсаюзных арганізацый распавялі старшыні пярвічак. Дэлегаты канферэнцыі даведаліся аб тым, чым жывуць прафсаюзы аддзялення Дэпартамента аховы, прадстаўніцтва Белдзяржстраху, тэрытарыяльнага Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. У гэтых арганізацыях усе работнікі з’яўляюцца членамі прафсаюза. Турыстычныя паездкі па славутых мясцінах Беларусі, наведанне па бясплатных талонах аздараўленчага цэнтра “Жамчужына”, творчыя конкурсы для іх далёка не навіна. За актыўнасць у прафсаюзным руху старшыня прафсаюзнай арганізацыі прадстаўніцтва Белдзяржстраху Сяргей Заяц быў заахвочаны падзякай абласнога камітэта прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў, а старшыня пярвічкі аддзялення Дэпартамента аховы Надзея Лышчык атрымала Ганаровую грамату камітэта. Выказаўшы падзяку актывістам за іх неабыякавую жыццёвую пазіцыю, госць канферэнцыі, старшыня абласнога камітэта прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў Анатоль Кісялёў уручыў грамату Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі старшыні раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў дзяржустаноў Сяргею Строку. Грамату маларыцкага райкама прафсаюза работнікаў дзяржустаноў атрымала Алена Шаўцова, лідар пярвічнай арганізацыі прафсаюза фінансавага аддзела райвыканкама.
Работа, якую праводзіла прафсаюзная арганізацыя на працягу пяці гадоў, была прызнана здавальняючай. Але самая галоўная ацэнка работы любой арганізацыі, як падкрэсліў намеснік старшыні райвыканкама Вадзім Шпетны, які прымаў удзел у канферэнцыі, — гэта псіхалагічны клімат у калектыве і задавальненне людзей умовамі працы. Калі людзі адчуваюць клопат, калі бачаць, што іх пытанні знаходзяць вырашэнне, яны аб’ядноўваюцца.
Адкрытым галасаваннем старшынёй прафсаюзнай арганізацыі зноў быў абраны Сяргей Строк.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: грамату атрымлівае Надзея Лышчык.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 24.09.2014 г.

Добавить комментарий


Maximus Group хайп

ценные бумаги

www.profvest.com
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!