Маральны багаж — у спадчыну

Сёлета ў кастрычніку будзе 26 год, як Таццяна і Ігар Заяц стварылі сям’ю. Пажаніліся маладымі, і ёй, і яму было толькі па 18. Ігар нават у арміі не адслужыў. Але сёння кожны з іх смела і з гонарам можа сказаць, што тое першае гарачае пачуццё, якое некалі зарадзілася ў іх юных сэрцах,  было не мімалётным, а шчырым, трывалым і надзейным, як цяпер іх сям’я.

1. Бацькі
Шчасце кожны з нас разумее па-свойму. Для некага гэта любімая работа, для некага – даходны бізнес, для некага – шыкоўная машына, дача, дом, а для некага – надзейнае здароўе, добрая сям’я, выхаваныя і ўдзячныя дзеці.
Таццяна і Ігар з ліку тых, хто больш цэніць не матэрыяльнае, а духоўнае, маральнае, для каго сям’я – самае галоўнае багацце.
— Мяне ніхто так не выслухае, так не зразумее і так маральна не падтрымае, як муж, — дзялілася Таццяна. – Ён для мяне найлепшы сябар, якому я магу даверыць усё, з якім магу падзяліцца самым патаемным.
Уменню будаваць адно­сіны мы вучымся з маленства. І найперш – у сям’і. Менавіта ўсё тое добрае, што мы пераймаем ад сваіх бацькоў, дзядуль і бабуль, увасабляецца ўжо ў нашых сем’ях.
Моцны маральны багаж Таццяна набыла ад сваёй бабулі па мацярынскай лініі – Кацярыны.
— Так склалася, — расказвала жанчына, — што мы, унукі, з маленства былі з бабуляй. Мама працавала загадчыцай фермы, бацька таксама спецыялістам у мясцовай гаспадарцы, а такія, як правіла, больш бываюць на рабоце, чым дома. Таму мы ўвесь час былі пад бабулінай апекай. Мудрай ад прыроды яна была жанчынай, добрай, чулай, справядлівай, разважлівай, — працягвала далей Таццяна. – Старалася жыць па Божых запаведзях, хадзіла ў царкву, хор там стварыла, сама ў ім спявала. У нашай бабулечкі можна было вучыцца ўсяму толькі самаму добраму. І хаця нялёгка складвалася ў яе жыццё, яна ніколі не падала духам, заўсёды добразычліва ставілася да людзей. Відаць, за такую хрысціянскую дабрадзейнасць Бог і ўзнагародзіў нашу бабулю Кацю добрым здароўем. Пражыла яна 92 гады. Сёлета памерла.
Мудрая бабуліна навука шмат дала кожнаму з унукаў, праўнукаў, бо баба Каця дапамагала Таццяне і яе дзяцей гадаваць. Яна вучыла з ранніх гадоў быць самастойным, адданым сям’і, шчырым і чулым у адносінах да людзей і заўсёды памятаць, што меркай усіх нашых учынкаў з’яўляецца сумленне.
— Ды і гаспадыняй баба Каця была адмысловай, — дадавала Таццяна. – Ахайнай, клапатлівай, стараннай. А стравы як смачна гатавала, пірагі якія смачныя пякла! Калі ў каго з вяскоўцаў была нейкая ўрачыстасць, скажам, вяселле ці хрысціны, абавязкова ішлі да бабулі Каці. І яна кожнага старалася ўважыць.
Падрыхтаваным да сямейнага жыцця быў і Ігар, бо таксама рос у добрай сям’і. Настаўнікі, якія вучылі яго, мне расказвалі, што Ігар быў спакойным, ураўнаважаным, сціплым, вельмі любіў спорт і працаваць.
— Працавітасць, жаданне ўсё зрабіць сваімі рукамі, ды і не абы-як, а адмыслова, — гэта ў Ігара ад маці, якую у Ляхаўцах ведаюць, як працавітую, старанную жанчыну, — расказвала класны кіраўнік Яўгенія Мікалаеўна Чарвяк. – Ды і не па гадах ён быў сур’ёзным, таму я была ўпэўнена, што з Ігара выйдзе надзейны сем’янін.
Атрымаўшы добрае выхаванне ў сем’ях, узяўшы сабе ў самастойную жыццёвую дарогу многія маральныя каштоўнасці, Ігар і Таццяна ўмела будавалі свае адносіны, стараліся ўсе праблемы вырашаць самастойна.
— Мы ніколі з тым, што “балела”, не ішлі да бацькоў, — прызнавалася Таццяна. – Яны для нас – святое. Мы ўсе свае праблемы вырашалі самі.
А праблем, цяжкасцей, як і ў кожнай сям’і, асабліва маладой, было нямала. Але іх Таццяна і Ігар не баяліся, бо ведалі, што пераадолеюць, — раздзяляць жа папалам.
— Сем год мы жылі ў старэнькай калгаснай хатцы, — успамінае Таццяна. – Вядома ж, хацелася мець сваё жыллё. Ігар выношваў мару пабудаваць свой уласны дом. Вялікі, прасторны. Сям’я ж наша станавілася большай, двое дзяцей ужо было. Сам прыдумаў праект, а калі яго спецыялісты адобрылі, узяўся сваімі рукамі за будаўніцтва. Як магла і чым магла, дапамагала і я. Тады хацелася, каб у доме было шмат пакояў, а ля дома – градак. Побач з домам – хлеў, дзе можна было б утрымліваць жыўнасць. Мы ж вясковыя, а свая гаспадарка для вяскоўцаў – гэта абавязковасць. Вядома, дом і ўсё задуманае будавалася не так хутка, як гаварылася. Сродкаў не хапала, вымушаны былі браць крэдыт, тады яго якраз давалі маладым сем’ям. Патроху, патроху, паступова і пабудаваліся.
Дом Таццяны і Ігара атрымаўся сапраўды вельмі прасторны, прыгожы, у два паверхі, з мноствам пакояў. У кожным з іх – утульна, чысцютка, прыгожа і… мора кветак. У сям’і Заяц усе іх любяць, але абавязкі па догляду за пакаёвымі раслінамі, іх развядзенне ўзяла на сябе гаспадыня. Яна іх беражэ. Як адукаваны кветкавод усё робіць па правілах, скажам, ніколі не палье вадой, якая не адстаялася.
— Калі хочаш, каб кветкі цябе ўвесь час радавалі, і іх трэба радаваць, — пераканана Таццяна.
Між іншым, усяго ў доме налічваецца каля 300 вазонаў розных кветак, у іх ліку каля 200 фіялак. Нядаўна прачытала, што менавіта гэты від пакаёвых кветак найбольш здольны дапамагаць чалавеку падтрымліваць у норме псіхічнае здароўе — здымаць стрэсы.
А вясною Таццяне і ўсім яе памочнікам, як звычайна, дабаўляецца клопату яшчэ і на прысядзібным участку. На большасці яго тэрыторыі высаджваецца зноў жа мора кветак. І летам тут – зайздросная прыгажосць. Мабыць, яна падахвочвае на рост і агародніну, іншыя культуры, якія на ўчастку звычайна “рвуць” зямлю.
…Таццяна запрашае прайсці ў наступны пакой, што на першым паверсе, і я зноў “ахаю” ад захаплення: арэол эксклюзіўнасці – фарфоравыя лялькі з калекцыі “Дамы эпохі”. Як вядома, на іх стварэнне мастака натхнілі гераіні рамантычнай літаратуры. Таццяна паказвае некаторыя з лялек. Ганна Карэніна, булгакаўская Маргарыта, Канстанцыя, Соня Мармеладава ці Сонечка, Таццяна Ларына, Наташа Растова, Скарлет, Яўгенія Грандэ… Кожная з лялек захоплівае, бо добра ведаеш, з якіх раманаў гэтая гераіня.
— А больш падрабязна пра іх гісторыю можна прачытаць у часопісе “Дамы эпохі”, — удакладняе Таццяна і дадае: — Кожная з гісторый абавязкова нечаму вучыць, ад кожнай гераіні хочацца нешта добрае пераняць.
Некалькі хвілін стаю ў замілаванні і раблю вывад, што толькі тонкая, неабыякавая натура можа захапіцца такой калекцыяй, якая, дзякуючы цудоўным уборам, мілавідным тварам і непераўзыдзеным аксесуарам лялек і добраму густу самой калекцыянеркі, любы куточак дома напаўняе радасцю.
Станоўчыя эмоцыі перапаўняюць, але адчуваю, што іх будзе больш.
Таццяна знаёміць з яшчэ адным сваім захапленнем – арыгамі.
— Неяк ездзіла на курсы, адна з калег і зацікавіла мяне арыгамі. Паспрабавала зрабіць сама, атрымалася. Калі ёсць вольны час, бяруся за гэту творчасць. А неяк захацелася паспрабаваць самой зрабіць з газет кошык. Таксама атрымалася. Прыемна некаму такі сувенірчык падарыць, зроблены сваімі рукамі.

2. Дзеці
…Надвор’е цудоўнае, добра грэе сонейка, хоць і восень, вакол кветкі, прыгажосць, свежае і чыстае паветра. І тут, у альтанцы, зробленай, вядома ж, рукамі Ігара, нам з маёй гераіняй прыемна пазносіцца аб жыцці, рабоце, дзецях.
— Шчыра Вам скажу, — прызнаецца Таццяна, — іншы раз сумняваюся: ці трэба было такімі правільнымі і добрымі выхоўваць сваіх сыноў. Цяпер жа такім у жыцці цяжка. Кпяць іншы раз з такіх. Маўляў, што з цябе – не курыш, не п’еш, добрасумленны, справядлівы, белай варонай называюць.
Не згадзіцца з Таццянай не магу. Маральныя каштоўнасці, якія лічылі галоўным сваім багаццем нашы бацькі, бабулі і дзядулі, цяпер, на вялікі жаль, не ў модзе. Добра выхаваны чалавек іншы раз няёмка адчувае сябе ў кампаніі, дзе ўсе не такія. Таму ўзнікаюць падобнага роду сумненні. Але жыццё рана ці позна расстаўляе ўсё па сваіх месцах.
Дзіма, старэйшы сын Ігара і Таццяны, закончыў Брэсцкі ўніверсітэт, адслужыў у арміі ў пагранічных войсках. А туды, як вядома, абы каго не бяруць. Цяпер працуе ў Брэсце.
— Дзіму забралі ў ліпені, — расказвае Таццяна, — а ў кастрычніку, на Дзень маці, тэлефануе мне палкоўнік з той часці, дзе Дзіма служыў, і кажа: “Дзякуй Вам, Таццяна Яўгенаўна, за Вашага сына, што выхавалі яго годным грамадзянінам”. Расплакалася я ад такіх слоў.
А малодшы Дзяніс радуе кіраўніцтва Брэсцкага політэхнічнага ўніверсітэта і, вядома ж, бацькоў і родных як добры студэнт.
…Знаёмімся з Дзімам і Дзянісам, якія ў той дзень былі дома. І першае, што вельмі ўражвае, — іх ветлівасць, сціпласць, сур’ёзнасць. Пытаюся пра вучобу, працу. Цікаўлюся, што ж перанялі хлопцы ў бацькоў? Чым яны ўзба­гаціліся на ўсё жыццё ў сваёй сям’і?
І Дзіма, і Дзяніс, не задумваючыся, адказваюць, што ў першую чаргу перанялі і ўзбагаціліся адказнасцю, адданасцю сям’і, любоўю да яе, прыстойнасцю і працавітасцю.
— Хлопцы ў нас не адседж­ваюцца, калі дома бываюць, — удакладняе Таццяна. — Яны і па гаспадарцы дапамагаюць, і бульбу капаюць, і ўсё, што скажаш, зробяць. Ну, а калі адпачываюць, дык не ў кампаніях, а абавязкова разам з намі, бацькамі.
Балазе, усе мы прыхіль­нікі здаровага ладу жыцця, любім спорт, рыбалку, зносіны з прыродай.
Дзе працуюць Таццяна і Ігар Заяц? Прафесіі ў іх вельмі сціплыя, але неабходныя. Ігар – вадзіцель на “КварцМелПраме”, Таццяна – выхавальнік у Хаціслаўскім дзіцячым садку ўжо больш чым 15 год.
Не без горычы Таццяна гаварыла, што цяжка цяпер з дзецьмі працаваць, не заўсёды знаходзіш узаемаразуменне з бацькамі малых, бо не ўсе з іх правільна разумеюць сваю ролю, прызначэнне, не ўсе адказныя.
— Падзялюся іншы раз усім гэтым з Ігарам, а ён кажа: “Ідзі на камбінат працаваць”. А я падумаю, падумаю і зноў спыняюся на тым жа: як бы ні было, а без дзяцей я не змагу. Люблю іх вельмі. Гэта ж самыя што ні ёсць чыстыя і светлыя душы. А з такімі і твая душа чысцее і святлее.
Ірына КАСЦЕВІЧ.
в. Хаціслаў.
НА ЗДЫМКАХ: Таццяна ЗАЯЦ разам са сваімі сынамі Дзянісам і Дзімам, а таксама маці Галінай Андрэеўнай і пляменніцай Наталляй, якая з Данецка вельмі часта прыязджае ў госці ў Хаціслаў; калекцыя “Дамы эпохі”.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 24.09.2014 г.

Добавить комментарий


progressive.ua/facebook/

Раскрутка сайта

выставочный ковролин киев
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!