Іншага не дадзена

Калі за плячыма амаль 4 дзесяткі гадоў у жывёлагадоўлі і настаў ужо пенсійны ўзрост, не кожны захавае цікавасць да жыцця і будзе такім жа энергічным і дзелавітым, як у маладосці. У ліку такіх Зінаіда Пішчык, загадчыца фермы з СВК “Хаціслаўскі”. І ў гэтым няма нічога здзіўляльнага, яна прывыкла змалку ўсё жыццё працаваць. І хоць пасада ў яе не гучная, але з году ў год на сваім рабочым месцы яна дабівалася малых перамог. Сёння Зінаіда Пішчык паважаны чалавек не толькі ў сваёй гаспадарцы, ва ўсім раёне. Як гаворыцца, чалавек яна на сваім месцы. — Зінаіда Міронаўна, заўжды выклікаюць павагу людзі, якія ўвесь час працуюць на адным месцы, у адным калектыве. Што трымала вас на такой нялёгкай, такой няпростай працы на ферме? — Добры і дружны калектыў даярак, даглядчыкаў. Як прыняла ў 1975 годзе Сушытніцкую ферму – былі толькі невялікія перапынкі з нагоды двух дэкрэтных водпускаў – так і працую цяпер вось ужо 20 апошніх гадоў на Хаціс¬лаўскай. У нас 8 асноўных даярак з немалой нагрузкай па 60 кароў у кожнай. Ірына Пішчык, Наталля Пішчык, якія летась надаілі больш чым па 5 тысяч кілаграмаў, а таксама Людміла Саўчук, Вольга Хадачынская, Таццяна Ківачук і іншыя, яшчэ і даяркі радзільнага аддзялення – усе яны майстры сваёй справы, вельмі адказныя. З такімі можна горы варочаць. — Зінаіда Міронаўна, гэта так важна, калі кіраўнік участка знаходзіць добрыя словы для сваіх падначаленых. Але ж кажуць, што вы надзвычай строгая, патрабавальная. — Так, я такая. Сама не магу працаваць спусціўшы рукавы. Парадак для мяне найперш за ўсё. Мне трэба, каб дзверы на ферме абавязкова зачыняліся і адчыняліся, каб было заўжды падмецена, пабелена, каб карова была накормлена так, як дома. Кожны раз абавязкова прабягуся па ферме, калі што не так, дык заўвагу зраблю, пасвару. І даяркі ведаюць гэта. Таму каб не атрымліваць лішні раз заўвагу, для іх стала проста залатым правілам рабіць так, як трэба. А парадак — гэта перш за ўсё вынік. А добры вынік – гэта зарплата. А яна ў нашых жывёлаводаў цяпер ад 700 да 900 тысяч. — У той час, калі вы пачыналі, гаспадарка была ўзорнай і перадавой. Напэўна, прыемна было рабіць першыя працоўныя крокі ў такім калгасе? — Відаць, так. Таму і нікуды больш не пайшла, засталася тут. Зразумела, умовы працы ў нас значна палепшыліся з таго часу. Даяркам не трэба цяпер насіць тоны малака ў бідонах уручную, ёсць малакаправод. Кармы намнога лепшымі сталі. Цяпер на 1 л малака мы атрымліваем па 300 г канцэнтратаў – і гэта, скажу, вялікая падмога. У нас вельмі працавітыя кіраўнік гаспадаркі Васіль Пішчык, галоўны заатэхнік Эма Харык, галоўны вет¬урач Андрэй Вабішчэвіч. Яны дапамагаюць ва ўсіх пытаннях, умеюць зразумець і падтрымаць. І гэта многа значыць для нашага калектыву, які сёлета выйшаў на надой у 4971 кг ад каровы. Выхад цялят на 100 кароў склаў 101 галаву. — Так, даяркам стала лягчэй. І рукі ў іх пад старасць не так будуць балець. Але ж і яны, і спецыялісты менш працаваць не сталі?.. — Зразумела ж, не. Працуем столькі, колькі трэба: і ў святы, і ў выхадныя, і вечарам, і ўначы. Рабочы дзень у даярак нашых пачынаецца ранкам у 6.30 і толькі ў 11.30 яны пакідаюць ферму. Што тут гаварыць: гаспадарка толькі і жыве з-за жывёлагадоўлі. Таму іншага нам не дадзена. — Зінаіда Міронаўна, давайце азірнёмся назад на 40 гадоў: калі б вам выпала нейкая іншая магчымасць, больш лёгкая, выбралі б яе? — Паклаўшы руку на сэрца, скажу: не! Колькі разоў ні азіралася назад, ні разу не пашкадавала, што звязала свой лёс з сельскай гаспадаркай, з аднавяскоўцамі. Напэўна, таму, што бачыла плён. Гаспадарка стала іншай, створаны добрыя ўмовы на вёсцы. Людзі сталі больш заможнымі, усміхаюцца. Ідзеш на работу, і радасна на душы, што жывеш недарэмна, што ёсць рэальныя вынікі тваёй працы, жыцця твайго. Пакуль я не ўяўляю, як гэта можна пакінуць ферму, калектыў… Не ведаю… Але ж ведаю другое: калі пайду на пенсію, то буду спакойна, што людзі, з якімі працавала, усё зробяць так, як належыць.

Ніна СВІЦЮК.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий