Рэцэпт мядовага даўгалецця

— Як знайсці наш хутар Кожух? Дабірайцеся да вёскі Ляхаўцы, напачатку яе звярніце налева і там едзьце ўздоўж лесу, пакуль хаты сярод бярозак не пабачыце, — маляваў у размове па тэлефоне маршрут мой субяседнік Васіль Васільевіч Дворак, да якога дазванілася, каб дамовіцца аб сустрэчы.
І сапраўды, прасёлачная дарога хутка вывела нашу рэдакцыйную машыну да невялікага паселішча. Пад’ехалі да адной хаты — у ёй пуста, да другой – і тут вокны дошкамі забіты.
— Так, на хутары цяпер усяго ў шасці дамах ёсць жыхары, а раней 22 хаты было — можна сказаць, маленькая вёска, а не хутар, — сустракаючы нас ля свайго дома, расказвалі Васіль Васільевіч і Кацярына Антонаўна Дворакі.
Для іх Кожух – месца, дзе прайшло ўсё жыццё. Тут, дзе з аднаго боку лес, з другога – лугі і палі, жылі іх бацькі, тут нарадзіліся дзеці, тут кожнае дрэва, якое расло і сталела разам з імі, з’яўляецца маўклівым сведкам радасцей і бед, добрых падзей і расчараванняў.
Васіль і Кацярына былі дзецьмі вайны. Ён нарадзіўся ў 1930-ым, яна на сем гадоў пазней. Цяжкім для ўсіх быў ваенны і пасляваенны час. А таму Кацярына, як і многія іншыя яе равеснікі, так і не атрымала адукацыі. А вось Васіль, які з маленства цягнуўся да ведаў, закончыў сямігодку, потым адслужыў тры гады ў арміі. Думаў ужо застацца і далей на службе, але сэрца не вытрымала слёз бацькоў, якія былі ўжо слабыя і вельмі не хацелі адпускаць сына на чужыну. Аб тым, што зрабіў выбар і застаўся дома, Васіль Васільевіч і па сённяшні дзень ніколькі не шкадуе. Ён упэўнены, што чыстае паветра, якім дыхаецца лёгка, з асалодай, хараство мясцін, дзе ў яркім калейдаскопе сабраны ўсе фарбы, цішыня, у якой пачуеш, як шапоча лісце на дрэвах, як ляціць у вулей пчала, і ёсць тая крыніца сіл, што дае энергію і на дзявятым дзясятку жыцця.
Пасля армейскай службы Васілю Двораку прапанавалі работу ў ляхавецкім клубе. Ён узяўся за справу вельмі энергічна, з захапленнем. І сам выходзіў на сцэну – спяваў, танцаваў, і іншых умеў зацікавіць. У мастацкай самадзейнасці, як успамінае, удзельнічала больш за сорак чалавек. Дзве машыны трэба было, каб заехаць усім на канцэрт. А выступалі артысты і ў Маларыце, і ў іншых вёсках, і нават на Украіне. У вясковым клубе тады не было ні асвятлення, ні печак. Але на такія “дробязі”, як успамінае Васіль Васільевіч, тады ніхто не звяртаў увагу. І рэпетыцыі праводзіліся, і канцэрты, і танцы. Працавала пры клубе і хата-чытальня. Васіль выдаваў вяскоўцам кнігі і сам з задавальненнем чытаў. Любоў да кніг захавалася ў яго на ўсё жыццё. Нават цяпер, у свае 84 гады, ён любіць чытаць, праўда ў апошні час ўжо больш часопісы і газеты.
На маладога, жвавага хлопца паглядалі многія дзяўчаты. А яму запала ў душу Кацярына. Яна і стала яго спадарожніцай на ўсё жыццё. Вяселле Васіль і Кацярына згулялі ў 1957 годзе. На той час у Васіля ўжо памёр бацька, хварэла маці. Маладая жонка прыйшла ў бацькоўскі дом Васіля і з першых дзён стала клапатлівай гаспадыняй. Разам Васіль Васільевіч і Кацярына Антонаўна ўжо 57 гадоў. І сварыліся, як прызнаюцца, нярэдка, але адразу ж мірыліся, і крыўдавалі, але вучыліся уступаць, калі атмасфера абвастралася, але галоўнае — падтрымлівалі адзін аднаго, з любоўю і клопатам гадавалі трох дачок, дапамагалі ім уладкавацца ў жыцці, кожнай зрабілі вяселле, а цяпер радуюцца ўнукам, якія ўжо дарослыя, і дзякуюць Богу, што дачакаліся праўнучкаў.
Сям’я стала для Васіля Дворака тым штуршком, які цалкам змяніў усё жыццё. Ён сур’ёзна задумаўся аб новым месцы работы. І неўзабаве ўладкаваўся на ферму. Яго ўзялі ўчотчыкам, потым назначылі загадчыкам фермы. Каб добра ведаць сваю работу, малады жывёлавод вырашыў пайсці вучыцца ў зоаветэрынарны тэхнікум. Да новай справы Васіль Васільевіч аднёсся сур’ёзна. Яго адказнасць, беражлівасць, гаспадарскую дбайнасць не маглі не заўважыць не толькі ў калгасе, але і ў раёне, і нават запрашалі пайсці працаваць ва ўпраўленне райсельгасхарчу. Ды свой хутар на горад чалавек з вясковай душою мяняць не згадзіўся. Калі ў калгасе пабудавалі свінаферму, менавіта яму даручылі быць загадчыкам. А ферма, як успамінае Васіль Васільевіч, была вялікая – пяць тысяч свіней. Але на той час у загадчыка фермы былі ўжо немалы вопыт і трывалыя зоатэхнічныя веды, бо час ад часу працаваў ён на пасадзе галоўнага заатэхніка, калі маладыя спецыялісты, адпрацаваўшы, пакідалі вёску. А самае галоўнае – была ў яго цікавасць да справы, уменне арганізоўваць людзей і адказны, сумленны характар.
Каб дабрацца ад хутара Кожух да фермы, Васілю Васільевічу даводзілася толькі ў адзін бок ісці пешшу тры кіламетры. І ён ніколі не ленаваўся па тры разы на дзень схадзіць на ферму і вярнуцца дамоў. Кіламетры ў маладым узросце пераадольваліся непрыкметна. Ды і выйсця іншага не было: дзе ж узяць транспарт, калі яго ў гаспадарцы няма. А скардзіцца на цяжкасці людзі пасляваеннага пакалення не ўмелі. За адданасць працы Васіль Дворак атрымаў нямала грамат, але самая дарагая для яго ўзнагарода – медаль “За доблесную працу”.
Неабыякавы да падзей, якія адбываюцца вакол, Васіль Васільевіч Дворак і на заслужаным адпачынку застаўся актыўным. З 1994 года ён узначальвае мясцовую арганізацыю ветэранаў, акрамя таго, абраны дэпутатам Макранскага сельскага Савета, з’яўляецца старастай хутара Кожух.
— Я добра ведаю людзей старэйшага пакалення, якія жывуць у Ляхаўцах, магу назваць усіх, хто загінуў на фронце, ведаю, дзе іх магілы. А таму, калі трэба, да мяне звяртаюцца за дапамогай. І з ветэранамі раней часта збіраліся. Цяпер ужо іх засталіся адзінкі,- распавядае пра сваю грамадскую дзейнасць Васіль Васільевіч.
На хутары, дзе засталіся лічаныя жыхары, ды і тыя ўсе пенсійнага ўзросту, стараста – гэта галоўнае сувязное звяно са светам. Сход плануюць правесці ў вёсцы – першы стараста аб гэтым даведаецца і ўсім раскажа, з аўталаўкай праблемы – зноў стараста хвалюецца: тэлефануе, скардзіцца, дамаўляецца. Самае галоўнае, што клапаціцца пра сваіх хутаран яму не ў цяжар.
У доме Васіля Васільевіча і Кацярыны Антонаўны Дворакаў чыста, утульна. На сцяне ў рамцы фотаздымкі дзяцей і ўнукаў, вышытыя карціны, на табурэтках і падлозе — вязаныя рукою гаспадыні дыванкі. Ва ўсім адчуваецца цёплы подых сялянскага ўкладу, вясковай душы. Нешта змайстраваць, каб упрыгожыць старэнькі бацькоўскі дом (пабудаваць новы на хутары Дворакам не дазволілі), Кацярына Антонаўна можа зімою, калі вечары доўгія, а летам у яе і без таго спраў хапае. То на агарод спяшаецца, то ў хлеў. Гаспадар таксама заўжды ў клопатах – дровамі на зіму трэба запасціся, за пчоламі прыгля­дзець. Свой пчальнік у Дворакаў з’явіўся шмат гадоў назад. Тэхналогію пчалярскай справы вывучыў Васіль Васільевіч яшчэ ў час вучобы ў тэхнікуме, а практыку асвойваў самастойна. У гаспадарцы пчаляра дзевяць пчаліных сем’яў, у доме заўжды ёсць смачны, натуральны, лекавы прадукт – мёд, добры пачастунак для гасцей.
— Мне некалі старыя людзі падказвалі: набудзь пчальнік, еш штодня мёд, няхай кожны дзень цябе ўджаліць пчала — будзеш жыць доўга, — дзяліўся ў размове Васіль Васільевіч.
У гэтых словах, як упэўнены пчаляр, ёсць сэнс. А таму раіць і іншым для даўгалецця ўмацоўваць свае сілы лыжкай мёду, есці яго не тады, калі захварэеш, а штодня, больш рухацца, дыхаць свежым паветрам, не баяцца працы і самае галоўнае — мець той куточак, дзе будзе адпачываць душа.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: Васіль Васільевіч і Кацярына Антонаўна Дворакі.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 27.09.2014 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.