Жаданні і магчымасці не заўжды супадаюць

Старшыня райвыканкама Казімір Лапіч у мінулую сераду правёў “прамую лінію” з жыхарамі раёна. Па якіх пытаннях звярталіся да кіраўніка раёна грамадзяне, даведаецеся ніжэй.

Надзея Струнец, г. Маларыта:
— Сёлета ў мяне на дачы вырасла добрая морква. Вырашыла прадаць яе лішкі ў райспажыўтаварыства, прачытаўшы ў магазінах аб’явы пра закупку морквы. Аднак, калі звярнулася туды, мне адмовілі, маўляў, прымаюць яе толькі пад патрэбнасць, у абмежаванай колькасці.
— У райспажыўтаварыстве абавязаны закупляць моркву ад насельніцтва. Параіў бы Вам, калі ўзнікаюць нейкія недарэчныя пытанні, звяртацца да кіраўніцтва райспажыўтаварыства. А яшчэ скажу, што моркву ад насельніцтва прымаюць і на кансервавагародніна­сушыльным камбінаце.
Валерый Мікалаевіч Жох, жыхар в. Арэхава:
— Казімір Віктаравіч, дапамажыце вырашыць такое пытанне. Гравійная дарога, што вядзе ад асфальтаванай да Арэхава, вельмі разбітая, ехаць па ёй немагчыма, а рух транспарту тут немалы.
— Гэтую праблему ведаю. Яна характэрная не толькі для Арэхава. Справа ў тым, што фінансавых сродкаў на ўтрыманне дарог, якія знаходзяцца на балансе Маларыцкага ДРБУ-179, вельмі не хапае. І сёлета асабліва адчуваецца іх недахоп. Аднак так ці інакш дарогі па графіку грэйдзіруюць.
Казімір Віктаравіч, каб удакладніць сітуацыю больш канкрэтна, тут жа звязаўся па тэлефоне з начальнікам ДРБУ-179 Аляксандрам Бурштынам, які паведаміў, што зранку гэтага дня ў адпаведнасці з графікам, тэхніка адпраўлена на той участак дарогі, пра які гаварыў заяўнік.
Юрый Анатольевіч Давыдычаў, г. Маларыта:
— Добры дзень, Казімір Вікта­равіч.
— Добры.
— Хачу задаць Вам некалькі пытанняў.
— Калі ласка.
— У нашым горадзе ўсё лета “стрыгуць” газоны, ды так, што потым пыл узнімаецца, пасля гэтага іх не паліваюць. Гэта так трэба? Трава ж дае нам кісларод…
— Газоны паўсюдна ў гарадах павінны абкошваць згодна з тэхналагічнай картай абкошвання. Паліваў тут не прадугледжана.
— Другое пытанне. Чаму ў нашай паліклініцы няма такіх вузкіх спецыялістаў, як кардыёлаг, уролаг, дэрматолаг, а каб трапіць да стаматолага, трэба стаяць працяглы час на чарзе?
— Праблема недахопу ўрачоў характэрна не толькі для нашага раёна, у прыватнасці, паліклінікі, але і для ўсіх рэгіёнаў рэспублікі. Таму і не выпадкова на ўрадавым узроўні было прынята рашэнне некалькі гадоў назад аб павелічэнні прыёму абітурыентаў у медыцынскія вышэйшыя навучальныя ўстановы. У нас навучаюцца цяпер студэнты па мэтавых накіраваннях. Таму праблему забеспячэння ўсімі неабходнымі спецыялістамі мы поўнасцю закрыем, думаю, у наступным годзе ўжо.
— І яшчэ такое пытанне. Чаму па вуліцы Савецкай у Маларыце не працуе вось ужо працяглы час гароднінны магазін?
— Гароднінай у нас гандлююць прадуктовыя магазіны №14 і “Проста”, якія знаходзяцца побач. А яшчэ гэтая група тавараў будзе перанесена ў магазін “Погляд”. А ў памяшканні магазіна, пра які Вы гаворыце, будзе хутка адкрыта “Мясная лаўка”. Такім чынам, пуставаць памяшканне не будзе.
— Дзякуй.
Любоў Іванаўна Струнец, г. Маларыта:
— Хутка ў нас Дзень горада. Скажыце, Казімір Віктаравіч, ці будуць унесены ў традыцыйны сцэнарый “кірмаш-марафон-дажынкі” нейкія змяненні? Мабыць, нешта новае чакае маларытчан?
— Мы пра гэта думаем. У нас, акрамя таго, што Вы назвалі, будзе і парашутнае шоу, і футбол, які любяць нашы маларытчане, і дзіцячыя забавы, і выставы. Наогул, свята горада – мерапрыемства не таннае, і трэба, каб яно было масавым, таму мы прымяркоўваем да яго і раённыя дажынкі.
Ніна СВІЦЮК.
НА ЗДЫМКУ: Казімір ЛАПІЧ, старшыня райвыканкама.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 1.10.2014 г.

Добавить комментарий


steroid-pharm.com/decabol.html
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!