Шэсць сотак прыгажосці

Прысядзібная тэрыторыя Вольгі Сцяпанаўны і Уладзіміра Антонавіча Антонавых па сучасных мерках невялікая: усяго 6 сотак. Быццам бы і развярнуцца няма дзе. Але калі ёсць жаданне, калі ўсё да драбязы прадумаць, то і маленькі кавалачак зямлі можна ператварыць у сапраўдны  шэдэўр. “Дамашняя зона” Антонавых сёння нагадвае адзін вялікі кветнік, дзе налічваецца больш чым 100 адна- і шматгадовых раслін, кустоўя. Адцвітаюць адны, на змену красуюць другія. Вока гаспадароў кветкі радуюць з ранняй вясны да позняй восенні на ўсёй плошчы, бо так падабраны і размешчаны яны на ўчастку. Першым з’яўляецца марознік, апошнімі красуюць расходнік (очиток — русск.),  хрызантэмы, астры, вяргіні. “Прынцэса кветак” – так называюць Вольгу Сцяпанаўну знаёмыя. Кожны год у яе своеасаблівым  батанічным садзе з’яўляецца некалькі новых жыхароў, якія ўдала дапаўняюць і без таго вялікую і арыгінальную калекцыю. Апошнім часам — гэта экзатычныя расліны. Гліцынія, актынідыя, лімоннік, аралія манчжурская… Кветкі для Вольгі Сцяпанаўны Антонавай, садоўніка са шматгадовым стажам, — адначасова і хобі, захапленне, прыемная праца, доўгачаканы адпачынак, маральнае задавальненне, месца для ўвасаблення творчых ідэй. А іх многа. Жанчына жыве кветкамі і, здаецца, імі дыхае. Пра сваіх «падапечных» Вольга Сцяпанаўна ведае, напэўна, усё ці амаль усё. Яны ствараюць цудоўны, непаўторны і своеасаблівы свет, трапляючы куды, адчуваеш сябе шчаслівым і патрэбным.
-Нелюбімых кветак у мяне няма зусім,-кажа Вольга Сцяпанаўна.-Незабудку і тую абагаўляю. Больш пільна прыгледзьцеся да яе. Гэта ж сама дасканаласць! Лічу: усё, што цвіце, прыгожае ў сваю пару. Без кветак я была б, напэўна, ужо не я. Яны   надаюць сілы і эмацыянальнае здароўе, уздымаюць настрой, падбадзёрваюць. Навучыўшыся разумець мову кветак, можна адгадваць надвор’е і дакладна вызначаць час. Акрамя таго, некаторыя з іх – выдатныя лекавыя сродкі, якія ў народнай медыцыне выкарыстоўваюцца пры лячэнні многіх захворванняў.
Са сваімі гадаванцамі Вольга Антонава праводзіць многа часу, калі не сказаць больш: яна на кветніках заўжды. Муж, жартуючы, кажа, што там яе пастаяннае месца прапіскі.
-А як жа іначай,-гаворыць мая субяседніца.- Кветкі – жывыя істоты. Яны, як і ўсё, патрабуюць догляду, ласкі і добрага слова. Іншы раз выходжу  з дома проста паглядзець на іх. Кветкі для мяне як родныя дзеці. У кожнага свой характар, свой нораў. Мне падабаецца, што заўжды, акрамя ўсяго іншага, побач рознакаляровы букет пахаў і гукаў.
Загубіць прыгажосць проста і лёгка, а вось стварыць яе – справа не аднаго дня і тыдня.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: Вольга Антонава на сваім “месцы прапіскі”.
Фота аўтара.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


http://220km.com.ua

https://www.best-cooler.reviews

www.maxformer.com