Феерверк: за і супраць

Калі раней салют для нас быў звязаны з вялікай ўрачыстасцю, дык сёння гэта прывычны і, можна сказаць, неад’емны атрыбут любога прыватнага свята. Хто з нас не любіць назіраць за яркім россыпам агнёў! Але мы забываем, што ў феерверку ёсць і прыхільнікі, і праціўнікі. Адным ён можа ўзняць настрой, другім, наадварот, яго сапсаваць. Пра тое, як успрымаюць стыхійныя салюты і феерверкі маларытчане, даведаецеся з нашага бліц-апытання.
Ларыса Дэйнак, маларытчанка:
— Для мяне феерверкі, салюты – гэта толькі радасць. Яны адразу вяртаюць у дзяцінства. Успамінаецца, як маленькая ездзіла з бацькамі ў Брэсцкую крэпасць і на плячах у таты глядзела на салют. Гэта былі такія незабыўныя ўражанні, што засталіся на ўсё жыццё. Назіраць за салютам люблю і цяпер. Мне здаецца, салюты і феерверкі ва ўсіх выклікаюць пазітыўныя ўражанні, тым больш, што жыхары нашага горада не збалаваны святамі, відовішчамі. Галоўнае, каб піратэхнічныя забавы не наносілі нікому шкоду.
Наталля, маладая мама:
— Безумоўна, феерверкі, салюты – гэта прыгожае відовішча, якое заварожвае. Але цяпер “салютуюць”, можна сказаць, усе. Феерверкам завяршаецца амаль кожная прыватная ўрачыстасць. І часцей за ўсё выбухі салюта чуваць менавіта ў позні час, а нярэдка і глыбока ўначы, калі завяршаецца вяселле. У мяне двое маленькіх дзяцей. Бывае, асабліва летам, калі вокны расчынены, толькі пакладзеш іх спаць, як пачынаецца паблізу салют. Дзеці пужаюцца, потым доўга не могуць заснуць. Я думаю, выкарыстанне салютаў павінна быць абмежавана часавымі рамкамі.
Алена Астапенка, супрацоўніца райаддзела па надзвычайных сітуацыях:
— Да феерверкаў, салютаў у мяне адносіны дваякія. З аднаго боку гэта святочна, прыгожа, ствараецца ўрачысты настрой, але з другога боку людзі,якія карыстаюцца піратэхнікай, не заўжды разумеюць, якую небяспеку для здароўя і жыцця гэтыя “цацкі” тояць. Нярэдка фіналам святочнага салюта становяцца траўмы, узгаранні пабудоў. Пры карыстанні піратэхнічнымі сродкамі трэба строга прытрымлівацца інструкцыі. А ці заўжды пра бяспеку людзей думаюць тыя, хто набыў феерверк, каб парадаваць гасцей на ўрачыстасці? Хацелася б, каб людзі зразумелі, што да феерверкаў і салютаў трэба адносіцца сур’ёзна і адказна.
Аляксандр Сямёнавіч, пенсіянер:
— Не буду гаварыць за ўсіх, але асабіста мне феерверкі перашкаджаюць. Нехта гуляе на вяселлі, і для яго салют – працяг свята, а нехта ў гэты час ужо спіць. І калі цябе будзяць выбухі, салют ужо не радуе. Чытаў нядаўна ў газеце, што ў Гомелі ўвогуле забаранілі стыхійныя феерверкі і салюты, і цяпер іх выкарыстанне будзе лічыцца дробным хуліганствам, за якое пакаранне – штраф. Я за тое, каб і ў нас былі прыняты такія ж меры.
Вольга Іванаўна Нікалаюк, маларытчанка:
— Жывем мы не ў цэнтры горада, раён наш спакойны, салюты паблізу бываюць не часта, таму нам яны не перашка­джаюць.
Юрый Анатольевіч Давыдычаў, пенсіянер:
— Калі бачыш салют, адчуваеш, што горад жыве, што людзі нешта святкуюць, і можна парадавацца за іх. Вось толькі усё павінна мець свае рамкі. Калі выбухі чуюцца ў позні час, гэта парушае спакой жыхароў. Але ж забараняць салюты, феерверкі, думаю, не выйсце. Проста трэба пераканаць людзей салютаваць да 22 гадзін. Гэты час вызначаны этыкай паводзін міжасабовых зносін. Не выпадкова ж без асобай патрэбы мы не трывожым іншых тэлефоннымі званкамі пасля 22 гадзін. Вось і тут не парушаць спакой павінна стаць агульнай нормай. Іншы момант – дзе запускаецца салют. Калі ў цэнтры горада, дык ці ёсць гарантыя, што ракета не заляціць каму-небудзь у акно кватэры?
Меркаванні маларытчан, як паказала бліц-апытанне, падобныя ў адным: прыгожыя, феерычныя відовішчы абавязкова павінны быць бяспечнымі і не парушаць спакой. Як расцэньваюцца салюты і феерверкі з пазіцыі аховы правапарадку, пракаменціраваў начальнік райаддзела ўнутраных спраў Віталь Ганчарук:
— Згодна з нарматыўна-прававымі дакументамі пасля 23 гадзін забараняецца нават уключаць гучную музыку ў сваёй кватэры, не гаворачы ўжо аб выкарыстанні салютаў на вуліцы. Што датычыцца ўвогуле феерверкаў, петард, згодна з дзеючым заканадаўствам выкарыстанне іх павінна быць узгоднена з органамі ўнутраных спраў і ваеннымі камісарыятамі, таму што некаторыя піратэхнічныя вырабы ўзнімаюцца высока, што можа стварыць пагрозу для легкаматорных лятальных апаратаў. Фірмы, якія займаюцца арганізацыяй святочных мерапрыемстваў на прафесійным узроўні, добра ведаюць аб такім патрабаванні і своечасова ўзгадняюць з органамі ўнутраных спраў і органамі Міністэрства на надзвычайных сітуацыях месца і час правядзення салюта, забяспечваюць адпаведную ахову, каб не дапусціць надзвычайнай сітуацыі. Нярэдка людзі бяздумна набываюць дарагія па кошту феерверкі, але не клапоцяцца аб мерах бяспекі. Зарад, як вядома, можа змяніць траекторыю палёту і прывесці да цяжкіх вынікаў.Такое выкарыстанне салютаў, тым больш пасля 23 гадзін, без сумнення, парушэнне грамадскага парадку. Гэтыя дзеянні можна кваліфікаваць па артыкулу 17.1 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях як дробнае хуліганства, за што прадугледжана адміністрацыйная адказнасць у выглядзе штрафу ў памеры ад 2 да 30 базавых велічынь альбо адміністрацыйны арышт тэрмінам да 15 сутак.
Гутарыла Святлана МАКСІМУК.

Опубликовано в «ГЧ» 1.10.2014 г.

Добавить комментарий


www.artma.net.ua

cialis-viagra.com.ua/
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!