Як захаваць нармальны зрок?

Згодна з дадзенымі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя ў развітых краінах 20% дзяцей дашкольнага ўзросту і кожны чацвёрты школьнік маюць праблемы са зрокам. Таму прафілактыка зніжэння зроку ў дзяцей набывае асаблівую актуальнасць у наш век татальнай камп’ютарызацыі. Згодна з вынікамі медыцынскага агляду, з паніжанай вастрынёй зроку ў раёне выяўлена 480 дзяцей і падлеткаў, 22 дашкольнікі. На дыспансерным уліку з паталогіяй зроку знаходзяцца 74 падлеткі.
Найбольш часта ў школьным узросце сустракаюцца наступныя формы парушэння зроку: спазм акамадацыі, блізарукасць, дальназоркасць і астыгматызм.
Але часцей за ўсё ў школьныя гады развіваецца блізарукасць. Гэта далёка не бяскрыўдная немач, бо за ёй – немагчымасць набыць любімую прафесію, займацца спортам, кіраваць аўтамабілем. Садзейнічаюць развіццю блізарукасці і няправільная рабочая поза за сталом, і дрэннае асвятленне, і чытанне лежачы, і маларухомы лад жыцця, і аднастайнае харчаванне.
З практыкі вядома, што дзеці блізарукіх бацькоў таксама часта блізарукія. І сапраўды, медыцына назапасіла шмат фактаў, якія пацвярджаюць спадчынны характар гэтага захворвання.
У апошнія гады з’явіўся дадатковы фактар, што садзейнічае развіццю зрокавых парушэнняў – увядзенне ў праграму школьнага навучання інфарматыкі, а таксама шырокае выкарыстанне персанальных камп’ютараў у быце. Работа за камп’ютарам з’яўляецца сур’ёзнай нагрузкай не толькі на вочы, але і на арганізм у цэлым. На чалавека, які працуе з камп’ютарам, уздзейнічаюць фізічныя фактары рознай прыроды. Асноўныя з іх – аптычнае выпраменьванне, электрамагнітнае выпраменьванне, статычная электрычнасць, рэнтгенаўскае выпраменьванне, а таксама шум.
Але нягледзячы на гэта, многія дзеці гадзінамі сядзяць за маніторам, цалкам захопленыя камп’ютарнымі гульнямі. Асабліва шкодныя гульні з частай зменай кадраў, лічбавымі і светлавымі эфектамі. Разам з тым аптымальны час работы за камп’ютарам не павінен перавышаць 25-30 хвілін для старшакласнікаў і 10-15 хвілін для малодшых школьнікаў. Пасля гэтага абавязковы перапынак на 10 хвілін для правядзення размінкі і гімнастыкі для вачэй.
Як жа дапамагчы нашым дзецям захаваць нармальны зрок? Бацькам трэба прытрымлівацца некалькіх нескладаных правілаў. Штогод правярайце вастрыню зроку ў свайго дзіцяці. Цікаўцеся вынікамі медыцынскіх аглядаў, якія штогод праводзяцца ў школах і дзіцячых садках.
Звяртайце ўвагу на рэжым дня, які фарміруе свядомыя адносіны да свайго здароўя, з ранніх гадоў выхоўвае карысныя для здароўя, звычкі і навыкі, арганізаванасць, волю і дыс­цыплінаванасць.
Рэжым дня – гэта правільна пабудаваны рэжым харчавання, працы і адпачынку, рухальнай актыўнасці і неабходнасць бываць на свежым паветры. Калі ўсё ж зрок недастаткова добры і доктар парэкамендаваў насіць акуляры, не ігнаруйце яго прадпісанне, бо акуляры дапамогуць прыпыніць пагаршэнне зроку.
Ларыса КАСЦЮЧЫК, урач-афтальмолаг цэнтральнай райбальніцы.

Опубликовано в «ГЧ» 1.10.2014 г. 

Добавить комментарий


biceps-ua.com

www.iwashka.com.ua/katalog-tovarov/zhenskaya-gigiena/ezhednevnye-prokladki/

www.russ-love.com
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!