Сэрца, у якім заўжды жыве школа

Школа – гэта цэлы свет: дзіўны і непаўторны, напоўнены радасцю і праблемамі, поспехамі і няўдачамі, новымі ад­крыццямі і нечаканымі сустрэчамі. Хочацца, каб кожны дзень жыцця ў цу­доўным свеце ведаў стаў па-сапраўднаму цікавым і незабыўным. А гэта найчасцей залежыць ад настаўніка. І вось менавіта пра аднаго з такіх педагогаў, Людмілу Адамаўну Гумінскую, я паспрабую расказаць.
Нарадзілася Людміла Адамаўна ў 1935 годзе ў гарадскім пасёлку Іванава на Міншчыне. Праз некаторы час сям’я пераехала ў Нясвіж, дзе пад уплывам шматгадовай гісторыі горада фарміраваліся светапогляд і кругагляд будучай настаўніцы. Дзяўчына рана страціла маці. Бацьку было вельмі цяжка гадаваць траіх дзяцей. Людміла, як ніхто, гэта разумела. Хацелася ўсімі сіламі дапамагчы сваёй сям’і. Праз некаторы час яна ідзе вучыцца ў Баранавіцкі настаўніцкі інстытут на філалагічны факультэт, а затым у Гродзенскі педагагічны інстытут, дзе набывае спецыяльнасць настаўніка рускай і беларускай мовы і літаратуры. Выбар Людмілы Адамаўны быў свядомым. Любоў да прафесіі з дзяцінства выхоўвалі ў яе настаўнікі роднай школы.
Маладую настаўніцу на­кі­равалі на работу ў вясковую школу. І пачалі­ся праца, творчае гарэнне, пошук, пастаяннае сама­ўдасканаленне. Яркая, эмацыйная, інтэлігентная, яна здолела выхаваць у дзяцей любоў да свайго прадмета. Людміла Адамаўна лічыла, што школа – другі дом, а настаўнік – мудры сябар і дарадчык, бо менавіта ад яго залежыць, якім вырасце тое маленькае “зярнятка”, што ўпершыню сядае за школьную парту.
Ішоў час… Вясковая настаўніца выйшла замуж, а потым разам з мужам пераехала ў наш маленькі гарадок. Пачала выкладаць рускую мову і літаратуру ў СШ №1. А ў 1963-м стала завучам школы-інтэрната. Менавіта з працаю у гэтай школе, дзе было шмат дзяцей-сірот, па словах Людмілы Адамаўны, звязаны самыя памятныя старонкі яе прафесійнай біяграфіі. Ёй даводзілася быць не толькі настаўніцай, а і чулай матуляй. Гэта яна падтрымлівала дзяцей добрымі парадамі, радавалася іх поспехам, перажывала іх непрыемнасці. Гэта яна, забыўшыся пра асабістае жыццё, дзяжурыла ля ложка свайго вучня, які толькі што перанёс аперацыю, не спала начамі, бо хвалявалася за сваіх выхаванцаў. Не ўсё было гладка, не ўсё адразу атрымлівалася, іншы раз проста апускаліся рукі. Але Людміла Адамаўна адчувала шчырую падтрымку сваёй сям’і і калег. Балюча ўспрыняла яна развітанне са сваімі вучнямі: хутка школа-інтэрнат была рэарганізавана ў СШ №2. У 1977 годзе Людміла Адамаўна стала дырэктарам гэтай школы. Вопыт, уменне згуртаваць аднадумцаў, арганізатарскія здольнасці дапамагалі ёй у працы. А працавала яна творча, з аддачай, дапамагала ствараць школьны музей “Патрыёт”. Праз некаторы час яе назначылі загадчыкам раённага аддзела адукацыі. Пасада клапотная і адказная, бо за самымі, здавалася б, звычайнымі рашэннямі стаяць канкрэтныя чалавечыя лёсы. Часу заўсёды не хапала, думкі нават дома былі занятыя “рабочымі” пытаннямі, а вось сэрца…, сэрца прагнула дзіцячага гоману, школьнага званка, які вось-вось пакліча на ўрок. Гэтага ў адміністрацыйнай рабоце Людміле Адамаўне больш за ўсё і не хапала. Аднак і тут яна не страціла здольнасць да пошуку новага, перадавога. Вельмі хацела Людміла Адамаўна, каб у нашым раёне былі пабудаваны школы і дзіцячыя сады па новых праектах. Так яна стала адным з ініцыятараў будаўніцтва СШ №3 (цяпер раённая гімназія), Хаціслаўскай сярэдняй школы і дзіцячага сада “Сонейка” (цяпер дзіцячы сад №6). А для таго, каб гэтыя ўстановы хутчэй адкрыліся, сама прымала ўдзел у падрыхтоўчых работах да новага навучальнага года.
Хоць ужо не адзін год Людміла Адамаўна зна­ходзіцца на заслужаным адпачынку, усё роўна актыўна дапамагае школе. Да яе і сёння за парадамі пастаянна звяртаюцца педагогі нашай навучальнай установы, яе помняць і паважаюць вучні. У Людмілы Адамаўны шмат узнагарод. Яна — выдатнік адукацыі СССР, БССР, мае медаль “За працоўную адзнаку”.
У Дзмітрыя Ліхачова ёсць вельмі добрае выказванне: “Калі жыць толькі для сябе, малым клопатам пра ўласны дабрабыт, то ад пражытага не застанецца і следу. Калі ж жыць для іншых, то іншыя зберагуць тое, для чаго ты жыў, на што аддаваў сілы”. Людміла Адамаўна прысвяціла сваё жыццё адукацыі. І яна – добры прыклад для іншых, бо, я ўпэўнена, менавіта такія людзі павінны працаваць у школе.
Людміла ЯРМАШУК, настаўніца беларускай мовы і літаратуры ДзУА “Маларыцкая сярэдняя школа №2”.
НА ЗДЫМКУ: Людміла Гумінская.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 4.10.2014 г. 

Добавить комментарий


babyforyou.org

форд фокус

>medicaments-24<
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!