“Дзякуй за працу і хлеб, за адданасць зямлі!”

У  рамках Дня горада ў райцэнтры прайшлі “Дажынкі-2014”, на якіх былі ўшанаваны пераможцы і прызёры раённага спаборніцтва на ўборцы збожжавых і зернебабовых культур.
Пра асаблівасці сёлетняга жніва, пра дасягненні хлебаробаў і пра магчымасці зямлі маларыцкай — гутарка карэспандэнта газеты з начальнікам райсельгасхарчу Валянцінам Зайчуком.
— Валянцін Міхайлавіч, сельскагаспадарчы год яшчэ не завяршыўся, але ж нейкія вынікі працы на зямлі ўжо можна падвесці. У прыватнасці, ўборкі збожжавых і зернебабовых культур…
— Так. Вынікі сёлетняга жніва падведзены. І няхай ураджай хлеба сабраны не такі, які можна атрымліваць на маларыцкіх землях, для раёна ён рэкордны. Намалот збожжа ў 39600 тон ўсяляе на­дзею на тое, што ў перспектыве гэтая лічба будзе значна вышэй. Адзначу яшчэ, што сёлетні ўраджай на 400 тон большы, чым быў атрыманы ў рэкордным па намалотах 2012 годзе, і на 10 тысяч тон большы, чым летась. Гэта дазволіла цалкам выканаць дзяржаўны заказ: у засекі краіны пастаўлена 7,9 тысячы тон хлеба. У неабходнай колькасці засыпана насенне ў асноўны, страхавы і пераходныя фонды, а таксама 16,5 тысячы тон зернефуражу для грамадскай жывёлагадоўлі.
— Ці азначае гэта, што гра­мадскі статак будзе поўнасцю забяспечаны фуражным зернем?
— Уласным зернефуражом раён будзе забяспечаны ў межах 70 працэнтаў ад патрэбнасці – гэта больш, чым летась. Астатнюю яго колькасць давядзецца купляць у іншых рэгіёнах вобласці або канцэнтратамі на камбікормавых заводах.
— І тым не менш, сабраны ўраджай сведчыць пра тое, што маларыцкія хлебаробы ўмеюць і могуць працаваць.
— Згодзен. Асабліва ў тых сель­гас­прадпрыемствах, дзе кіраў­нікамі адукаваныя і адданыя спра­ве гаспадарнікі, дзе на палетках і іншых вытворчых участках заўсёды парадак і дысцыпліна. Менавіта гэтыя фактары дазваляюць СВК “Дарапеевічы”, які шмат гадоў узначальвае Васіль Юхімук, атрымліваць самую высокую ураджайнасць – сёлета кожны гектар хлебнай нівы даў тут па 47 цэнтнераў збожжа. А гаспадарка, між іншым, знаходзіц­ца ў аднолькавых прыродна-клі­матычных умовах з іншымі сель­гаспрадпрыемствамі і мае самы нізкі ўзровень кадастравай ацэнкі земляў. Тут і самая высокая шчыльнасць жывёлы на 100 гектараў сельгасугоддзяў. І як вынік, першае месца ў раённым спаборніцтве на жніве за гэтым СВК.
І гэта не адзінкавы прыклад эфектыўнага гаспадарання. Добра папрацавалі на сёлетнім жніве хлебаробы СУП “Савушкіна” пад кіраўніцтвам Сяргея Гусака, дзе на круг намалочана па 43,4 цэнтнера збожжа. Такая ўраджайнасць атрымана дзякуючы высокаму прафесіяналізму і арганізацыйным здольнасцям кіраўніка і спецыялістаў, якія змаглі настроіць людзей на працу і правесці ўборачную кампанію зладжана і без праблем. А па працы, як гавораць, і пашана. У раённым спаборніцтве на ўборцы збожжавых і зернебабовых — сельгаспрадпрыемству прысуджана другое месца.
Добра спрацавалі на сёлетнім жніве працаўнікі СВК “Чарняны” (старшыня Міхаіл Перкавец), “Чырвоны партызан” (старшыня Сяргей Сцепанюк), “Рыта” (старшыня Іван Пастушак). Асабліва хочацца адзначыць хлебаробаў СВК “Ляхаўцы”, якія ў гэтым годзе перасягнулі 3-тысячны рубеж па валавым намалоце збожжа. Могуць жа!
— Могуць. Але без сучасных тэхналогій і мадэрнізацыі гэта наўрад ці было б магчымым?
— Неабходнай тэхнікі для зладжанага правядзення жніва ў гаспадарках было дастаткова. Сёлета, як і ў мінулыя гады , паўсюдна умацоўвалася матэрыяльна-тэхнічная база – па лізінгу набыта больш за 25 адзінак тэхнікі, у СВК “Арэхава” ўведзены ў эксплуатацыю новы ЗСК. Што тычыцца ўборкі, то на ёй былі задзейнічаны 60 сучасных збожжаўборачных камбайнаў і больш за 100 аўтамабіляў, на сушцы зерня і насення рапсу працавалі 19 зернеачышчальна-сушыльных комплексаў.
— Імі кіравалі вопытныя камбайнеры і вадзіцелі…
— Імёны многіх з іх добра вядомы жыхарам раёна, бо яны неаднойчы ўжо выходзілі пераможцамі не толькі раённага, але і абласнога спаборніцтва. Гэта камбайнеры браты Віктар і Генадзь Берчукі з СУП “Савушкіна”, Сяргей Сцепанюк і Аляксей Чырук з СВК “Чырвоны партызан”, Сяргей Бойка і Сяргей Чаквін з СВК “Дарапеевічы”, вадзіцелі Васіль Карабчук з СВК “Чарняны”, Мікалай Барысюк і Алег Чуль з Ланской і многія іншыя ўдзельнікі жніва, якія сёння атрымалі заслужаныя ўзнагароды за свае дасягненні і за плённую працу на зямлі. А яшчэ пачулі шмат цёплых слоў у свой адрас. Я таксама дзякую ўсім працаўнікам аграпрамысловага комплексу Маларытчыны за працу і хлеб, за сілы і цярпенне, укладзеныя ў раённы каравай, за любоў і адданасць зямлі. Кожнаму паасобку і ўсім ра­зам жадаю моцнага здароўя на доўгія гады, дабрабыту, поспехаў у нялёгкай хлебаробскай працы, цудоўнага надвор’я і важкіх ураджаяў.
— Валянцін Міхайлавіч, а які ён, самы важкі ўраджай, што можа даць маларыцкая зямля, калі да яго вырошчвання ўсім-усім — ад кіраўніка да механізатара — падысці сапраўды па-гас­падарску і ў дадатак твор­ча?
— Мяркую, што 50 тысяч тон збожжа раён цалкам можа атрымліваць.
— Дык няхай так і будзе. Дзякуй за гутарку.
Надзея ЯЦУРА.
НА ЗДЫМКУ: Валянцін ЗАЙЧУК.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Добавить комментарий


магазин аккумуляторов Жмеринская
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!