Апладысменты, падарункі і тытул “Лепшая сям’я”

Якая яна – самая лепшая, самая дружная маладая сям’я раёна? Творчая і вясёлая, вынаходлівая і актыўная. У ёй гадуюцца дзеткі, якія адчуваюць бацькоўскую любоў і вучацца ад таты і мамы быць умелымі гаспадарамі, шчырымі, рознабакова развітымі людзьмі. У гэтым пераканаліся гледачы традыцыйнага раённага конкурсу маладых сем’яў “Дом з вялікай літары”, які сёлета сабраў канкурсантаў на сцэне Хаціслаўскага СДК. За тытул лепшай змагаліся, пераадольваючы розныя этапы конкурсу, тры сям’і раёна – Валянціны і Сяргея Упярэнкаў з Олтуша, Юліі і Аляксандра Ліхван з Лукава і Аксаны і Анатоля Уласюкоў з Макран.
Менавіта з сямі “я” складаецца сям’я Упярэнкаў. Тут радуюць бацькоў пяцёра “сонейкаў” – Ніна, Галя, Жэня, Аня і Ілья. Трое памочнікаў — Арцём, Валянцін і Глеб — з’яўляюцца надзеяй і падтрымкай у сям’і Ліхван. Дачка Алена і сын Ягор — галоўны капітал сям’і Уласюкоў. Пра тое, як дружныя маладыя сем’і адпачываюць, разам вядуць гаспадарку, падарожнічаюць, займаюцца творчасцю, яскрава расказалі фотапрэзентацыі, якія сталі візітнай карткай кожнай сям’і.
Паколькі конкурс па сваёй сутнасці патрабуе спаборніцтваў, кожнай сям’і на справе давялося пераканаць журы ў тым, што менавіта яна самая ўмелая, працавітая, мудрая. Мамы знаёмілі ўсіх з любімымі стравамі сям’і, бацькам давялося шукаць выйсце з далікатных канфліктных сітуацый. Разам сем’і праяўлялі сябе ў творчасці. Між іншым, гэты конкурс можна назваць самым яркім, бо менавіта тут у песнях, вершах і інсцэніроўках змаглі раскрыцца як дарослыя, так і дзеці. Найбольш парадавала гледачоў сям’я Упярэнкаў, якая ў стылі рэп інсцэніравала казку “Рэпка”. Як умее яна разам спраўляцца з хатнімі справамі, паказаў конкурс “Вясёлая сямейка”. Дружнымі апладысментамі балельшчыкі падтрымлівалі тат, якія дапамагалі мамам чысціць бульбу, рэзаць цыбулю, церці моркву. Журы давялося ацаніць гаспадарскія здольнасці сем’яў, праглядзеўшы фотаздымкі, зробленыя на падворках, дзе пануюць парадак, чысціня, ёсць нямала цікавых малых архітэктурных форм і, вядома ж, кветак. У выніку ў намінацыі “Мой утульны цёплы домік” перамогу атрымала сям’я Уласюкоў. Самай таленавітай была прызнана сям’я Упярэнкаў. А тытул самай умелай у намінацыі “Беларускія прысмакі” быў аддадзены сям’і Ліхван. І хоць усе сем’і сапраўды заслугоўвалі добрай адзнакі, галоўны прыз конкурса і званне лепшай маладой сям’і раёна атрымалі Аксана і Анатоль Уласюкі з вёскі Макраны.
Конкурс стаў маленькім святам для ўсіх. Шкада толькі, што і сем’яў-удзельніц і, самае галоўнае, гледачоў было няшмат. Не так часта жыхароў вёскі чакаюць канцэртныя праграмы, а тым больш конкурсныя. Магчыма, калі б удзел у конкурсе прымала сям’я з Хаціслава, гледачоў у зале сабралася б больш. Але , на жаль, такой сям’і не знайшлося. Хоць яны – творчыя, умелыя, гаспадарлівыя, безумоўна, ёсць. І пра многія з іх расказвала ў сваіх замалёўках раённая газета. Арганізатары конкурсу – работнікі раённага тэрытарыяльнага Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва пастараліся разнастаіць праграму яго, а творчы калектыў Хаціслаўскага Дома культуры парадаваў гледачоў песнямі і танцамі. Таму, няма сумненняў, хаціславяне не пашкадавалі б, ахвяраваўшы гадзіну на тое, каб папрысутнічаць у зале. Падобныя конкурсы, як падкрэсліў, падводзячы вынік конкурснай праграмы, член журы, старшыня раённага Савета дэпутатаў Пётр Губей, павінны праводзіцца не толькі ў раёне, а і ў кожным сельсавеце. І калі на месцы будуць вызначаны лепшыя сем’і, раённы конкурс будзе мець шмат удзельнікаў, а разам з тым і гледачоў.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКАХ: лепшая сям’я жыве ў Макранах; у час конкурсу.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 8.10.2014 г.

Добавить комментарий


https://mazda.niko.ua

13.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!