Маларыцкі ласунак

У Мінску адбылася Х юбілейная выстава «Хлебная і кандытарская справа-2014». Традыцыйна ў межах яе прайшоў рэспубліканскі агляд якасці хлебабулачных і кандытарскіх вырабаў «Ласунак-2014». Камбінат кааператыўнай прамысловасці Маларыцкага райспажыўтаварыства ў ім прымае ўдзел з 2008г. За гэты час за прадукцыю, што вырабляецца, прадпрыемства атрымала на конкурсе 2 залатыя медалі, 2 – сярэбраныя і 3 – бронзавыя. І вось чарговая ўдача. За торт «Мядок» і каравай «Вяршковы» хлебакамбінат узнагароджаны залатым медалём.
— У гэтым вялікая заслуга Галіны Сулім, — кажа Міраслава Ляшкевіч, намеснік старшыні райспажыўтаварыства па вытворчасці і нарыхтоўках, — а таксама тэхналагічнай службы прадпрыемства і калектыву кандытарскага цэха. Цяпер каравай «Вяршковы» выпякаецца толькі па заказе і прадаецца вагой ад 0,5 кг да 10 кг. А вось торт «Мядок» можна набыць у нашых гандлёвых кропках. Ён прадаецца вагой па 800 грамаў і 1 кілаграму.
— Міраслава Мікалаеўна, залатыя медалі «Ласунка» раней атрымалі рулет бісквітны «Чароўны», батон дыетычны на соку, сярэбраныя – хлеб «Элітны», пірог «Дамашні з макам». Ці можна іх цяпер у Маларыце набыць?
— Тая прадукцыя нашага камбіната, якая была ў мінулыя гады адзначана рэспубліканскімі ўзнагародамі, цяпер у большасці выпадкаў не вырабляецца. Мяняюцца час, запыты пакупнікоў, іх густы. Ды і мы не стаім на месцы. Мы ўлічваем патрабаванні часу і «прыдумваем» новыя вырабы, якія карыстаюцца попытам. Аднак некаторыя «ранейшыя пераможцы» ўсё ж такі можна пасмакаваць. Напрыклад, у продажы ёсць цяпер прысмакі мучныя «Ромавая баба «Гламур». Гэты выраб стаў лаўрэатам конкурсу «Лепшыя тавары Рэспублікі Беларусь» 2011 г. у намінацыі «Прадуктовыя тавары». «Ромавая баба «Гламур» — мучны кандытарскі выраб, які вырабляецца з мукі пшанічнай вышэйшага гатунку з дабаўленнем цукру-пяску, маргарыну, меланжу. Ён прыцягвае пакупніка сваім незвычайным афармленнем: арыгінальная форма ўсечанага рыфленага конуса са скразной адтулінай у цэнтры, якая глазіравана цукровай памадай і ўпрыгожана шакаладнай глазурай. Карыстаецца попытам у пакупнікоў і торт «Мядок».
— Міраслава Мікалаеўна, з якой мэтай да вас прыязджалі прадстаўнікі замежнага таварыства з абмежаванай адказнасцю «Leipurin»?
— Кампанія «Leipurin» працуе на рынку сыравіны, інгрэдыентаў, упакоўкі і абсталявання для хлебапякарнай і кандытарскай прамысловасці, займаючыся продажам і навучаннем новым тэхналогіям вытворчасці хлеба і кандытарскіх вырабаў. «Leipurin» была заснавана ў Фінляндыі ў пачатку мінулага стагоддзя. За апошнія дзевяць дзесяцігоддзяў кампанія вырасла да найбуйнейшага пастаўшчыка сыравіны і абсталявання не толькі ў Фінляндыі, але і ў многіх іншых краінах. У Маларыце прадстаўнікі кампаніі пабывалі ў рамках правядзення абласнога семінара-нарады па адпрацоўцы новых найменняў хлебабулачных вырабаў з прымяненнем прагрэсіўных тэхналогій на базе хлебазавода. Пры вытворчасці хлебабулачных вырабаў выкарыстоўваліся харчовыя дамешкі, сумесі і інгрэдыенты ЗТАА «Leipurin». У час семінара адбылася дэгустацыя хлебабулачных вырабаў, спечаных прадпрыемствамі спажывецкай кааперацыі вобласці. Па выніках семінара прынята рашэнне запусціць у вытворчасць хлебабулачныя вырабы з выкарыстаннем сыравіны кампаніі «Leipurin». Такія вырабы з’яўляюцца карыснымі для харчавання чалавека. На прылаўках магазінаў Маларытчыны ўжо можна купіць хлеб жытні «Зярнятка» з дробленым зернем і булку «Сельская».
— Міраслава Мікалаеўна, з якімі вынікамі вы спрацавалі за 8 месяцаў гэтага года?
— Хлебазаводам за гэты час запушчана ў вытворчасць 18 найменняў новых хлебабулачных вырабаў і 19 найменняў — кандытарскіх. У хуткім часе плануем асвоіць выпуск яшчэ 10 новых найменняў прадукцыі з рознымі хлебапякарнымі дамешкамі, дробленым зернем, пшанічным вотруб’ем, аўсянымі шматкамі і вадкімі закваскамі. За 8 месяцаў выпушчана 1236 тон хлебабулачных вырабаў. 16% усёй прадукцыі рэалізуецца ў запакаваным выглядзе. Плануем упакоўваць хлеб і ў папяровыя пакеты.
— А дзе прадаецца маларыцкі хлеб?
— Мы пастаўляем хлеб у Брэсцкае і Жабінкаўскае райспажыўтаварыствы, магазіны Брэсцкай міжраённай базы. За 8 месяцаў ім рэалізавана 490 тон хлебабулачных вырабаў.
Між іншым, у Маларыце цяпер у два магазіны («Родны кут» і «Гарачы хлеб») хлеб завозім 3 разы на дзень, у астатнія – 2 разы на дзень.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: «залаты» торт «Мядок» маларыцкіх кандытараў.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 8.10.2014 г.

Добавить комментарий


http://steroid-pharm.com

www.steroid.in.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!