Людзям, напоўненым энергіяй творчасці,

прысвячалася ўрачыстасць у Маларыце з нагоды Дня работнікаў культуры, у якой прынялі ўдзел старшыня Брэсцкага аблвыканкама Канстанцін Сумар, намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Васіль Чэрнік, старшыня абласнога Савета дэпутатаў Сяргей Ашмянцаў, намеснік старшыні аблвыканкама Леанід Цупрык, старшыня райвыканкама Казімір Лапіч.
Вялікую армію культ­работнікаў вобласці, ветэ­ранаў, што працавалі ў гэтай сферы, сабраў пад сваім дахам гарадскі Дом культуры, дзе адразу ў фае можна было адчуць дух творчасці. Выставы карцін мастакоў, напісаных у час абласнога пленэра “Традыцыі і легенды Маларыцкага краю”, і грэчанага хлеба, якую падрыхтавалі сельскія культ­работнікі раёна, не маглі адпусціць, прыцягваючы асобым талентам майстроў пэндзля і непаўторным смакам грачанікаў, выпечаных з адметнымі асаблівасцямі кожнай мясцовасці.
На высокім узроўні прымалі гасцей і сваіх калег культработнікі Маларытчыны, якая вядома не толькі тым, што адразу можна было ўбачыць на выставах у фае, але і Цэнтрам народнай творчасці, школай ткацтва, народным майстрам Беларусі Сцепанідай Сцепанюк, якая ў час урачыстасці падорыць свой вытканы ручнік народнаму майстру па драўлянай скульптуры Івану Супрунчыку са Століншчыны, і ўзорным клубам аматараў фальклору “Дзіцячая табала” з Хаціслава, і ансамблем “Рыцкі куфэрак”, і многімі іншымі культурнымі брэндамі раёна.
— Нельга сказаць, што сёння не ў кожным раёне работнікі культуры ствараюць добрую атмасферу ў жыцці, наадварот, яны паўсюдна выхоўваюць у сваіх землякоў любоў да свайго роднага куточка, да сваёй зямлі. Яны робяць жыццё наша больш добрым, прыгожым, лепшым, — падкрэсліў Канстанцін Сумар, высока ацаніўшы ўклад культработнікаў у сацыяльна-эканамічнае развіццё Брэстчыны. І пажадаў пры гэтым больш увагі ўдзяляць спадчыне, традыцыям, ствараць больш народных калектываў у глыбінцы.
Культура не можа быць і жыць сама па сабе. Яна павінна быць запатрабаванай людзьмі. Таму мерапрыемствы, што падкрэсліваў Канстанцін Андрэевіч, па­вінны рыхтавацца якасна. Бо ад якасці культурнага асяродку ў многім залежыць тое, як мы жывём. І самае важнае, што ад стану культуры залежыць тое, якімі вырастуць нашы дзеці. А глеба для іх выхавання ў нас спрыяльная – гэта багатая гісторыя і насычаная цікавая сучаснасць.
— Таму вялікая адказнасць ляжыць на вас, — сказаў, звяртаючыся да культработнікаў, Канстанцін Сумар.
На Брэстчыне шмат тале­навітых, цудоўных людзей працуе ў культурнай сферы. Многіх за вялікі ўклад, за талент, за адданасць сваёй прафесіі на маларыцкай сцэне ўзнагароджвалі граматамі, пісьмамі падзякі старшыня аблвыканкама Канстанцін Сумар, старшыня абласнога Савета дэпутатаў Сяргей Ашмянцаў, намеснік міністра культуры Васіль Чэрнік. Сярод іх была і дырэктар Маларыцкай цэнтралізаванай клубнай сістэмы Наталля Галавій, узнагароджаная Лістом падзякі абласнога Савета дэпутатаў.
Святочны настрой ура­чыстасці падтрымаў канцэрт, які падарыў сваім калегам і гасцям калектыў культработнікаў Маларытчыны.
Ніна СВІЦЮК.
НА ЗДЫМКАХ: Канстанцін СУМАР знаёміцца з выставай карцін пра Маларытчыну; узнагароду атрымлівае Наталля ГАЛАВІЙ; салістка Вікторыя ЛЯЎЧУК.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 11.10.2014 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.