Самы шчодры — універсам “Шчодры”

На гандлёвай карце нашага горада ў мінулы чацвер з’явіўся новы магазін райпа – універсам “Шчодры”, які адкрыўся па вул. Чкалава. Той, хто паспеў ужо наведаць яго, быў прыемна здзіўлены прасторнай гандлёвай залай (плошча магазіна больш за 200 квадратных метраў),  прыгожымі вітрынамі і, самае галоўнае, тым асартыментам, які прапаноўвае магазін свайму пакупніку. У новым універсаме ёсць усё для таго, каб лічыць яго сучасным. Гэта і магчымасць самаабслугоўвання, што дазваляе самому выбраць тавар,  і новае халадзільнае абсталяванне, якое гарантуе якаснае захоўванне прадуктаў, нават садавіны і гародніны, і наяўнасць аддзела з гаспадарчымі таварамі, што эканоміць час, бо ра­зам з набыццём прадуктаў можна купіць іншыя, неабходныя ў гаспадарцы рэчы. Акрамя таго, закуплена ў магазін абсталяванне, якое дазволіць у будучым рэалізоўваць тавар праз штрых-кадзіраванне.

“Шчодры” – такую назву далі новаму ўніверсаму зусім не выпадкова. Такой колькасці тавару няма больш ні ў адным магазіне райцэнтра. Малочныя і кандытарскія вырабы, шырокі асартымент сокаў (ёсць асобная секцыя вырабаў дзіцячага і дыетычнага харчавання, значную частку асартыменту якой складаюць кансервы Маларыцкага кансервавага­роднінасушыльнага кам­біната), каўбасныя вырабы Брэсцкага мясакамбіната, а таксама з Бярозы, Кобрына і прадпрыемства “Інка-фуд”, садавіна і гародніна, паўфабрыкаты і марожанае, – адным словам, —  тавар на любы густ.
Яшчэ “Шчодры”, як падзялілася ў размове загадчыца магазіна Алена Бяльчук, будзе шчодрым на розныя акцыі, якія дазволяць пакупнікам купляць больш танны тавар.
— Новы магазін, — адзначыў, перарэзаўшы сімвалічную чырвоную стужку, старшыня райвыканкама Казімір Лапіч, гэта, безумоўна, падарунак жыхарам горада.
Заўжды радаваць пакупніка і быць па-за канкурэнцыяй пажадаў кіраўнік раёна калектыву універсама. А калектыў у магазіне даволі вялікі. Тут працуюць 10 прадаўцоў. Між  іншым, стварэнне з адкрыццём магазіна 14 новых рабочых месцаў – гэта яшчэ адзін падарунак жыхарам горада.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКАХ: такі ён – універсам “Шчодры”.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА І Святланы МАКСІМУК.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий