ПАРАДАК ПАЧЫНАЕЦЦА З ДЫСЦЫПЛІНЫ

 

— Жыццё для кожнага з нас – гэта самае дарагое. Але нярэдка пра ахову працы на прадпрыемстве ўспамінаюць, калі ўжо здарылася няшчасце. Мы сабраліся, каб яшчэ раз засяродзіць увагу на тым, наколькі важна засцерагчы працаўніка ад небяспекі, ад яго асабістай неасцярожнасці, цаной якой нярэдка бывае жыццё, — заўважыў, адкрываючы раённы Дзень аховы працы, на які былі запрошаны кіраўнікі і інжынеры па ахове працы прадпрыемстваў раёна, старшыня райвыканкама  Казімір Лапіч.
Знаёмства з той работай, што праводзіцца ў раёне па ахове працы, пачалося з наведання райвузла электрасувязі. Галоўная задача гэтага прадпрыемства, дзе працуе каля 60 работнікаў – забеспячэнне якасных паслуг электрасувязі – надзейнай работы  10 тысяч тэлефонаў і 10 тысяч радыёкропак. У залежнасці ад даходаў прадпрыемства, як адзначыў, праводзячы невялікую экскурсію па тэрыторыі РВЭС інжынер па ахове працы Алег Трафімук, сума, якая адводзіцца штогод на вырашэнне пытанняў аховы працы, вагаецца ў памеры 12 -15 мільёнаў рублёў. На што ідуць гэтыя грошы? У першую чаргу на набыццё сродкаў індывідуальнай аховы. Апошнімі, а гэта і адзенне, і абутак, і неабходны інвентар, забяспечаны сувязісты на 100%. Удзельнікі семінара наведалі пакой аховы працы, вытворчыя і бытавыя памяшканні прадпрыемства, пераканаўшыся, што тут сапраўды створаны бяспечныя ўмовы для працы, зручныя і камфортныя ўмовы для адпачынку.
Скарыстаўшыся магчымасцю, свае мадэлі спецадзення, арганізаваўшы ў будынку РВЭС выстаўку, прадставілі ўвазе кіраўнікоў і спецыялістаў прадпрыемстваў работнікі “Дзіоны”, запрасіўшы цесна супрацоўнічаць з прадпрыемствамі і падтрымліваць менавіта свайго раённага вытворцу.
Не толькі паслухаць пра тое, як арганізавана ў калектыве работа па ахове здароўя і жыцця людзей, але і асабіста пазнаёміцца з даволі шырокім асартыментам спецадзення і іншых ахоўных сродкаў, якімі забяспечваецца ў абавязковым парадку кожны з работнікаў прадпрыемства, атрымалі магчымасць удзельнікі Дня аховы працы, пабываўшы ў Маларыцкім ДРБУ-179. Калектыў гэтага прадпрыемства абслугоўвае больш за 500 кіламетраў дарог. Добраўпарадкаванне апошніх, будаўніцтва новых патрабуюць нямала сіл ад тых людзей, хто ў 30-градусную спякоту вырабляе асфальт, будуе дарогі, хто зімою, у завеі і маразы, чысціць іх ад снегу. А  значыць і клопат пра працаўнікоў, упэўнены кіраўнік прадпрыемства Фёдар Галянчук, павінен быць адпаведны. Ініцыятыўнасць інжынера па ахове працы Андрэя Лашака, яго  патрабавальны падыход да выканання ўсіх нормаў бяспечнай працы, заўжды падтрымліваецца адміністрацыяй ДРБУ-179. У выніку вось ужо трэці год запар прадпрыемства перамагае ў раённым аглядзе-конкурсе на лепшую арганізацыю работы па ахове працы. Перамагае, бо тут сапраўды клапоцяцца пра ўмовы працы і адпачынку: работнікі прадпрыемства забяспечваюцца спецадзеннем і спецхарчаваннем за шкодныя ўмовы працы, на ўсіх участках ёсць бутыліраваная вада, створаны добрыя бытавыя ўмовы і на асфальта-бетонным заводзе, і на бітумнай базе, і ў майстэрнях, і ў адміністрацыйным будынку. Пераканацца ў гэтым мелі магчымасць удзельнікі семінара.
А затым яны наведалі прыватнае ўнітарнае прадпрыемства “Савушкіна”.
— Ахова працы – гэта перш за ўсё дысцыпліна, — падкрэсліў, сустракаючы гасцей, дырэктар “Савушкіна” Пётр Яцура. – А таму мы пастараліся наладзіць працу ўсяго калектыву так, каб выключыць ужыванне алкаголю.
Кожны ранак механізатары прадпрыемства праходзяць алкатэст і толькі пасля гэтага атрымліваюць пуцёўку і могуць накіроўвацца працаваць. Тая ж  працэдура чакае іх і ўвечары. Такі падыход, як дзяліўся кіраўнік, вельмі дысцыплінуе. Патрабуючы парадку ад падначаленых, кіраўніцтва прадпрыемства паклапацілася пра тыя ўмовы, у якіх праходзяць працоўныя будні работнікаў гаспадаркі. У майстэрнях, бытоўках і на самой тэрыторыі прадпрыемства чыста і ўтульна, ёсць усё неабходнае для таго, каб добра папрацаваўшы, адпачыць, прыняць душ, памыцца ў лазні.
Вынікі работы семінара былі падведзены на пленарным пасяджэнні, якое прайшло ў Олтушы.
Заўвагі наконт рэзуль­татыўнасці праводзімай у раёне работы па ахове працы выказаў у сваім выступленні намеснік старшыні райвыканкама, старшыня раённай камісіі па ахове працы Эдуард Кандзярэшка. Толькі на 78%, як адзначыў ён, прадпрыемствы раёна забяспечаны сродкамі індывідуальнай аховы. Найгоршая сітуацыя ў сельгаспрадпрыемствах “Рыта”, “Ляхаўцы”, “Чарняны”, “Арэхава” і “Чырвоны партызан”. Ёсць праблемы і з транспартнай дысцыплінай – не ва ўсіх прадпрыемствах своечасова праводзяцца тэх­агляды, працэнт праходжання дзяржаўнага тэхнічнага агляду аўтамабільнай тэхнікі складае па раёне 75%, трактарнай тэхнікі – 88%. За кіраванне транспартам ў стане алкагольнага ап’янення сёлета затрымана 5 работнікаў прадпрыемстваў раёна.
Недапрацоўкі ў пытаннях аховы працы прыво­дзяць да траўматызму, заўважыў, працягваючы размову на пасяджэнні, галоўны спецыяліст па ахове працы ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Сяргей Хатынюк. Нягледзячы на тое, што за 5 месяцаў г.г. у параўнанні з тым жа перыядам года мінулага колькасць траўм на вытворчасці зменшылася (4-летась, 3 – сёлета), у цэлым, як адзначалася ў выступленні, траўматызм застаецца надзённай праблемай. Сярод прадпрыемстваў па колькасці няшчасных выпадкаў лідзіруюць СВК і будаўнічыя арганізацыі. А таму несці справаздачу па прафілактыцы вытворчага траўматызму давялося кіраўнікам сельгаспрадпрыемстваў “Макраны”, “Ляхаўцы” і начальніку Маларыцкай ПМК-20, дзе летась здарыліся няшчасныя выпадкі.
Вынікі размовы падвёў старшыня райвыканкама Казімір Лапіч, яшчэ раз падкрэсліўшы, што прадпрыемствы раёна павінны рабіць усё для таго, каб не дапускаць траўматызму. І пачынаць трэба ў першую чаргу з дысцыпліны і парадку.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: у час семінара.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


читать далее

www.ry-diplomer.com/diplom-bakalavra

profshina.kiev.ua