Злы выпадак

Прайшло ўжо нямала часу, а я і сёння пад тымі ўражаннямі, што засталіся, калі прачытаў матэрыял Зоі Ляшчынскай “Злы выпадак”.
Я, як і Зоя, таксама перажыў (і не адзін раз) горыч страты адданых чацвераногіх надзейных сяброў.
Усе мы памятаем цудоўны і павучальны фільм “Белы Бім — чорнае вуха”. Некаторыя з нас, я ўпэўнены, глядзелі яго са слязамі на вачах.
Першы раз я перажыў горыч страты свайго надзейнага сябра ў 50-я гады. Каб неяк дапамагчы сваім бацькам, сям’і, мы са сваім старэйшым братам пасвілі кароў сваіх аднавяскоўцаў. Уставалі рана, каля 4 гадзін раніцы. На абед бралі з сабою малако, некалькі кавалкаў хлеба ў так званую торбу. Пасвілі кароў у лесе, бывала, засыналі на хаду. З намі заўсёды быў наш надзейны памочнік і сябар – сабака па мянушцы Ваўчок з пароды нямецкіх аўчарак. Дзякуючы яго добрасумленнай службе, за ўвесь час, калі мы былі пастухамі, ніводная карова не адбілася ад статка. У час абеду, калі жывёла таксама адпачывала, мы заўсёды дзяліліся з Ваўчком нашай мізэрнай ежай. Сабака добра разумеў гэта, аддана глядзеў у вочы, ласкава скавытаў. Так было ўвесь час. Здавалася, нікому нічога не пагражае. Але аднойчы, калі мы ў чарговы раз раніцай прачнуліся, не пачулі знаёмага нам прывітання Ваўчка ў выглядзе яго брэху. Бацька сказаў, што сабака збег з дому. Не ведаю, як брат (яму было 17 год), але я доўга плакаў, забіўшыся ў куточак пад сталом на кухні. І толькі шмат гадоў пасля бацька прызнаўся нам, ужо дарослым людзям, што ён у тую ракавую ноч прадаў за грошы нашага Ваўчка нейкаму чалавеку з горада. Цяпер, вядома, можна зразумець, чаму наш бацька так тады зрабіў. Асуджаць яго за гэта нельга.
У 90-я гады ў сувязі з пераводам на іншую работу мая сям’я з Лунінца пераехала ў Маларыту. Пабудавалі тут дом, хлеў, пасадзілі сад. Ну, і, вядома ж, узялі сабе маленькае шчаня. Зноў жа пароды нямецкай аўчаркі. Я заўсёды быў побач з ім, карміў з соскі, з талерачкі, рэгулярна хадзіў з ім на прагулкі, навучаў пэўным камандам. Мы далі яму мянушку Цінг, ці проста Цінгуша. З сынам змайстравалі яму з дошак прасторную “хатку”, накрылі яе. Толькі зараз разумею, што такіх сабак трэба ўтрымліваць у вальеры.
Цінгуша быў вельмі прыгожым, на­дзейным і заўсёды і ўсюды суправаджаў свайго гаспадара: у бальніцу, на работу, у магазін. Усе прахожыя азіраліся нам услед, здзіўляючыся такой нашай дружбе. Але, як і з гаспадаром Белага Біма, са мною таксама здарылася няшчасце. Пасля чарговага сардэчнага прыступу мяне забралі ў абласную бальніцу. Прабыў я там каля 1,5 месяца. А калі прыехаў дахаты, мяне чакала непрыемная навіна: майго Цінгушы больш няма. Жонка расказала, што ў першыя дні, калі мяне не было дома, ён падоўгу сядзеў у сваёй будцы, затым на ганку ля ўваходу ў дом, быццам бы чакаючы мяне, не дачакаўшыся, зрываўся і ўцякаў па знаёмых яму месцах: мая работа, магазін, паліклініка, бальніца, месца жыхарства маіх сяброў. Затым заціх, залез у будку, цалкам адмовіўся ад ежы. Выклікалі ветэрынарнага доктара, той зрабіў укол і заключэнне: у Цінгушы “чумка”, смяротная сабачая хвароба. Асабіста я ў гэта не паверыў і цяпер не веру. Упэўнены, што майго Цінгушы не стала з-за тугі па мне.
Закапалі сабаку ў некалькіх метрах ад будкі, на свежым земляным узгорачку, дачка Мая пасадзіла там высакародны бэз. Цяпер бэз ужо вырас, і кожную вясну яго галінкі, пад цяжкасцю цудоўных суквеццяў, нахіляюцца да самай зямлі на магіле Цінгушы, распаўсюджваючы дзіўны пах.
Але, як гаворыцца, жыццё працягваецца. Хутка ў нас з’явіўся Бэтман. Праўда, і гэтага надзейнага сябра не стане ў выніку аднаго з выпадкаў.
Бэтман заўсёды суправаджаў мяне, ішоў на 50-70 метраў наперадзе. Аднойчы, калі мы з ім ішлі з ваенкамата, здарылася непапраўнае: вадзіцель “шасцёркі”, ля якой Бэтман раптам спыніўся, так стукнуў яго манціроўкай па спіне, што сабака ад атрыманых пакалечанняў здох. У маёй памяці і сёння стаіць той віск і расплясканае цела Бэтмана.
Улічваючы ўвесь трагізм папярэдніх падзей, я даў сабе зарок ніколі больш не прыводзіць да сябе ў дом сабак. Але лёс распарадзіўся інакш. Сусед па ўчастку завёў сабе мілага, чароўнага сабачку — пудзеля па мянушцы Сюзана, а прасцей, Сюза. Цяпер у нас з суседам адзін вартаўнік на два ўчасткі. Сюза аднолькава рэагуе на прыход некага да кожнага з нас моцным, гучным брэхам. Гэтак жа, як і Бэтман, суправаджае мяне па вуліцах горада, адным словам, на­дзейны цудоўны сабачка на дваіх.
Яшчэ адным членам нашай сям’і быў на дзіва мілы, ласкавы і разумны кот Бяша. 10 год ён радаваў нас не толькі сваёй прысутнасцю ў доме, але і бязмежнай адданасцю і прыхільнасцю да сваіх гаспадароў. Кожны раз “дапамагаў” мне карміць яшчэ адных маіх сяброў – вушастых трусоў (а іх у мяне 17), жонцы – садзіць кветкі, палоць градкі. Бяша разумеў і адчуваў чалавечую мову, рэгулярна ў адносінах да мяне праводзіў лячэбную “кошкатэрапію”. Пасля такой працэдуры на душы і сэрцы станавілася лёгка і спакойна. Здавалася, так будзе заўсёды. Але вось аднойчы Бяша ў чарговы раз зручна ўладкаваўся ў мяне на грудзях і некалькі разоў турботна ткнуўся сваім халодным носікам у мой твар, з нейкай глыбокай тугой і сумам у вачах глядзеў на мяне. Затым рэзка саскочыў, пабег у мой пакой, паляжаў, звярнуўшыся абаранкам на маім ложку, рабочым стале, забег у пакой сына, на веранду. Спыніўся, азірнуўся і выскачыў у акно.
У народзе існуе меркаванне, што хатнія каты, каб не азмрочваць сваіх гаспадароў, паміраць ідуць з дому ў іншыя месцы. Успомніўшы гэта, я зразумеў, што мой любімы кот Бяша такім вось чынам, пра што я сказаў раней, развітаўся са мной, з домам і пайшоў назаўсёды. Так яно і здарылася. Чакалі мы Бяшу тыдзень, другі, трэці, але кот так і не вярнуўся.
Але неяк, вяртаючыся дамоў з вячэрняй прагулкі, каля веснічак свайго дома дзесьці высока над галавой у цемры я пачуў жалобнае мяўканне. Першая думка: “Бяша вярнуўся”. І асвяціўшы ліхтарыкам высокую яблыню, на самой яе верхавіне ўбачыў чорны камячок, які і прасіў вярнуць яго на зямлю, што я і зрабіў.
Цяпер у нас у доме замест Бяшы ганарліва прагульваецца маленькі пушысты коцік Ціша. Пройдзе час, ён стане дарослым і будзе прыносіць да нас у дом, гэтак жа як і Бяша, дзіўную гармонію, цяпло і радасць.
Вось такія гісторыі, дарагая Зоечка. Як бачыш, усё наладжваецца, жыццё працягваецца. Вясною расцвітаюць яблыні, вішні, бэз, раным-рана пад вокнамі дома заліваюцца птушкі, шчабечуць вераб’і, прачынаюцца дзве сям’і дзіўных працаўніц-пчол, якіх я ўтрымліваю на ўчастку, з нецярпеннем чакаюць чарговага абеду не менш дзіўныя мае гадаванцы – трусы, абаяльныя і сімпатычныя чубаткі-куры. Зімой прылятаюць да кармушкі і радуюць вока снегіры, сінічкі, іншыя лясныя незнаёмыя мне птушкі.
Герда пакінула цудоўную спадчыну, як ты, Зоя, гаворыш, дзіўных, прыгожых і здаровых шчанят. І я ўпэўнены, я ведаю, што да твайго добрага сэрца яшчэ шмат-шмат разоў прыйдзе радасць, прынесеная табе наследніцай Герды, якая застанецца з табой. Ну, а астатнія шчаняты, дзеткі Герды, трапяць у добрыя і клапатлівыя рукі. Чулых сярод нас больш, чым жорсткіх. Ну, а пра ўсе жахлівыя выпадкі мы з табою, Зоя, пастараемся забыць і будзем жыць надзеяй, што ні ў цябе, ні ў мяне, ні ў іншых больш ніколі нічога не здарыцца.
Мікалай ШАЎЧУК, г. Маларыта.

Опубликовано в «ГЧ» 15.10.2014 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.