Здаецца, дробязь, а без яе ніяк

Абурэнню чытачкі “Голасу часу”, якая патэлефанавала ў панядзелак у рэдакцыю, здавалася, не было мяжы. Чаму, маўляў, у газеце вы пішаце адно, а на самой справе атрымліваецца зусім іншае. Супакоіўшы жанчыну, я папрасіла растлумачыць, што канкрэтна не так напісала “раёнка”. І вось што пачула ў адказ:
“У суботнім нумары газеты за 11 кастрычніка быў надрукаваны рэпартаж з “прамой лініі” з намеснікам старшыні райвыканкама Эдуардам Кандзярэшкам. Адказ яго на пытанне жанчыны з Арэхава, дзе можна выразаць аконнае шкло, вельмі зацікавіў і мяне. Нарэшце, узрадавалася, і я вырашу праблему, якая хвалявала з вясны. І, не адкладваючы справу на доўгі час, пасля выхадных, а, дакладней, у панядзелак, 13 кастрычніка, пазваніла ў КБА па тэлефоне 23335, каб даведацца, дзе і калі мне змогуць выразаць неабходнага памеру кавалак шкла. Якім жа было маё здзіўленне, калі мне адказалі, што такую паслугу, як выразка аконнага шкла, у камбінаце бытавога абслугоўвання не аказваюць. І параілі звярнуцца ў райспажыўтаварыства, магчыма, там дапамогуць. Але ж намеснік старшыні райвыканкама раіць жанчыне з Арэхава звярнуцца менавіта ў КБА, а не ў райспажыўтаварыства, абуралася я, ці гэта толькі па званку зверху і ў прыватным парадку вы аказваеце такую паслугу? Пасля гэтых слоў мне прапанавалі нумар тэлефона майстра, маўляў, калі ў вас ёсць шкло, звярніцеся да яго, і ён выража вам неабходнага памеру кавалак. Ды толькі шкла ў мяне няма. І завезці яго да майстра таксама няма чым. Ці не лепш было б проста прызнаць факт, што службы такой у райцэнтры няма, і параіць вырашаць сваю праблему самой?..”
Абурэнне жанчыны мне было зразумелым. Бо зусім нядаўна самой давялося абысці ў Маларыце ўсе прыватныя і непрыватныя будаўнічыя гандлёвыя кропкі ў пошуках аконных штапікаў, старыя ж (дом уведзены ў эксплуатацыю яшчэ ў 1982 годзе) рассохліся і прыйшлі ў непрыгоднасць. Ды і хвалююся, каб яшчэ і шкло не павылятала. Але так нідзе і не знайшла тых самых штапікаў. Праўда, у адным з павільёнаў па продажы будаўнічых матэрыялаў па вуліцы Кастрычніцкай знаёмы мужчына параіў звярнуцца да работнікаў камунальнай службы, маўляў, папрасі, і яны выражуць. Папрасіць у работнікаў камунальнай службы выразаць мне штапікі ў прыватным парадку я, вядома ж, магла, але гэта не вырашыла б праблему адсутнасці такой паслугі для жыхароў горада і раёна ў цэлым. Ды і жывем жа мы ў цывілізаваным грамадстве, таму і ўсе пытанні павінны вырашаць цывілізавана. Мне, напрыклад, было б прасцей купіць штапікі ў магазіне і нікому не быць нічым абавязанай? Або нават звярнуцца ў той жа КБА ці ў ЖКГ, каб скарыстацца такой паслугай афіцыйна. Магчыма, яна будзе і не надта запатрабаванай, але ж, як кажуць, цяжкі толькі пачатак. Тым больш, што тыя ж штапікі ці шкло можа і драбяза, але без яе, на жаль, многім з нас пакуль яшчэ не абысціся. Ды толькі мы, думаю, павінны быць праінфармаваны наконт таго, дзе, якімі і па якой цане паслугамі можна скарыстацца.
Што тычыцца непасрэдна аконнага шкла, дык яго не тое, што выразаць згодна з памерам, а ўвогуле ў райцэнтры набыць немагчыма. Як мне паведамілі ў магазіне “Гаспадарчыя тавары”, шкло сюды даўно ўжо не завозілі. І як быць у такім выпадку простаму вяскоўцу ды і гараджаніну таксама, калі яно раптам спатрэбіцца ім? Дзе шукаць гэтую неабходную рэч? Не кожны ж можа паставіць сабе “пластыку” альбо з’ездзіць за шклом у Брэст і адтуль яго прывезці.
Што я магла параіць чытачцы газеты? Нічога, акрамя як падказаць, дзе скарыстацца такой паслугай у абласным цэнтры. Асабіста я штапікі набывала там, у магазіне “ Дэкорум”, што на вуліцы Нафтавай. Там жа, цераз дарогу, ёсць і павільён, дзе за лічаныя хвіліны вам выражуць шкло любога памеру і гатунку.
Надзея ЯЦУРА.
P.S. Калі матэрыял ўжо быў пад­рыхтаваны, я чамусьці ўспом­ніла параду знаёмага наконт работнікаў ЖКГ. Не, я не пайшла да іх прасіць выразаць мне штапікі, бо ўжо набыла іх у Брэсце. Але, як гавораць, для ачысткі сумлення патэлефанавала ў ЖКГ, каб высветліць, ці змагу я скарыстацца такой паслугай афіцыйна, калі мне гэта спатрэбіцца. У дыспетчарскай прадпрыемства мне нічога канкрэтнага не адказалі, маўляў, звяртайцеся непасрэдна ў цэх. А вось намеснік дырэктара пасля нядоўгай кансультацыі з некім з падначаленых парадаваў: такую паслугу за пэўную плату мне акажуць. Варта толькі зайсці ў прыёмную ЖКГ і напісаць заяву на імя кіраўніка, а пасля таго, як папера будзе падпісана, адправіцца ў цэх, каб там ужо мне змаглі выразаць гэтыя злашчасныя штапікі…

Опубликовано в «ГЧ» 18.10.2014 г. 

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.