«Я проста сумленна працаваў»

Жыццё кожны з нас пражывае па-свойму. Адны – непрыкметна, жывучы толькі для сябе, а іншыя – жывуць і працуюць не толькі для сябе, але і для грамадства. Да такіх я адношу героя сваёй публікацыі Івана Мікалаевіча Бурштына.
…Калі Іван служыў у арміі, памёр яго бацька. Цяжка было маці і сястры адным спраўляцца дома па гаспадарцы, таму планы Івана, які збіраўся далей служыць, рухнулі. Ён вярнуўся дамоў. Уладкаваўся на работу вадзіцелем у рай­аграпрамтэхніцы. Праз год ажаніўся і перавёўся на работу ў мясцовую гаспадарку – калгас “Новы шлях”.
— Я ніколі не рваўся ў перадавікі, не імкнуўся быць першым, — расказвае Іван Мікалаевіч. — Проста заўсёды сумленна пра­цаваў.
Так працуюць людзі, душа якіх ляжыць да сваёй справы. Іван Мікалаевіч любіў сваю прафесію, а таму не мог да яе адносіцца абыякава.
Не адзін раз удастойвалі Івана Мікалаевіча Бурштына розных узнагарод. Усе яны ўпісаны ў яго працоўнай кніжцы. Я два разы пачынаў іх пералічваць і збіваўся з ліку. Хаця іх колькасць – не самае важнае.
Сярод узнагарод нямала юбілейных медалёў, ганаровых грамат, пісьмаў падзякі. Але самым дарагім для майго героя з’яўляецца ордэн Працоўнай славы ІІІ ступені, якім была адзначана самаадданая, добрасумленная і шматгадовая праца Івана Мікалаевіча як вадзіцеля.
— За гады работы мне даводзілася працаваць на розных работах, — расказвае мой суразмоўца. — І на ўборцы зерневых, і на нарыхтоўцы кармоў, і на шматлікіх іншых сельгасработах быў заняты.
Пасля таго, як атрымаў новы КамАЗ, часта ездзіў у камандзіроўкі па ўсім Савецкім Саюзе. Пабываў у многіх краінах і гарадах. Аб’ездзіў амаль усю Украіну, не раз быў у Маскве, Ленінградзе, Малдавіі. І гэта далёка не поўны пералік тых месцаў, дзе ўдалося пабываць майму герою.
Іван Мікалаевіч не раз ездзіў на адпачынак у Італію, Балгарыю, Чэхаславакію, Германію. Пуцёўкамі ў гэтыя краіны кіраўніцтва гаспадаркі і прафсаюзны камітэт заахвочвалі яго як лепшага вадзіцеля. А на той момант гэта было прэстыжна. З аднаго боку не верыцца, што такія далёкія краіны тады былі даступны простаму вяскоўцу. А з другога боку — не просты ж вясковец быў Іван Мікалаевіч, а заслужаны чалавек.
— У Італію мне прапанавалі паехаць у 1975 годзе, — успамінае мой суразмоўца, – як пераможцы абласнога спаборніцтва на адвозцы збожжа. Паездкі ў іншыя краіны зноў жа былі як заахвочванне.
Слухаў Івана Мікалаевіча і думаў: якое цікавае ў яго было жыццё, напоўненае не толькі працоўнымі буднямі, але і шматлікімі паездкамі. А ў час іх шмат што пазнаеш, пашыраеш свой кругагляд. Пра зносіны з рознымі людзьмі не гавару — гэта цэлы скарб.
Кажуць, дарэмна пражыў на зямлі той чалавек, які не пабудаваў дом, не выгадаваў дзяцей і не пасадзіў сад. Трэба сказаць, што і гэтую жыццёвую праграму Іван Мікалаевіч выканаў на ўсе сто. Ён мае дом, які пабудаваў сам, дваіх дзяцей, якія яму і жонцы падарылі ўжо чацвярых унукаў (старэйшы з іх, дарэчы, займаецца на другім курсе Ваеннай акадэміі). І кожны год ва ўласным садзе радуе садавіна…
Калі выйшаў на пенсію, доўга адпачываць Івану Мікалаевічу не давялося. У гаспадарцы папрасілі яго яшчэ папрацаваць. І ён не мог не згадзіцца, добра разумеючы, як патрэбны сялу вопытныя работнікі.
Ведаючы працавітасць і высокую адказнасць Івана Мікалаевіча, у СВК даручылі яму вазіць у поле абеды занятым на важных сельгасработах, і некалі лепшы вадзіцель трымае сваю марку.
Павел КАНАНОВІЧ, студэнт аддзялення журналістыкі БрДзУ імя Пушкіна.
в. Ляхаўцы.
НА ЗДЫМКУ: ардэнаносец Іван Мікалаевіч БУРШТЫН.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 25.10.2014 г.

Добавить комментарий


www.proffitness.com.ua

http://oncesearch.com
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!