Магніт радзімы

Аляксандр Мікалаевіч і Ала Раманаўна Луцыкі, якіх у Дрочаве лёгка знайсці, спытаўшы, дзе жывуць “амерыканцы” (так пачалі называць сям’ю пасля паездкі ў Амерыку), упэўнены: чалавеку ўсюды добра – і ў вялікім горадзе, і ў маленькай вёсачцы, калі ў душы яго пануюць дабрыня і вера.
Бацькі Аляксандра і Алы жылі на адной вуліцы, таму ён і яна ведалі адзін аднаго з маленства. І як у такіх выпадках часцей за ўсё атрымліваецца, каханне ў сэрцы прыйшло непрыкметна. Пажаніліся. Свой дом маладая сям’я вырашыла будаваць тут жа, у вёсцы Дрочава. А месца для яго выбралі Луцыкі на самым ускрайку вёскі. “Мы — “людзі на балоце”, – пажартавала ў тэлефоннай размове Ала Раманаўна. Калі прыехалі ў вёску, пераканаліся: яе словы – чыстая праўда, бо дастаткова зрабіць пяць крокаў ад парога дома, і ты ўжо ў лясным царстве, дзе і да балота зусім недалёка.
Дом, як прызнаюцца Луцыкі, будаваць ім давялося доўга. Іх новабудоўля прыпала якраз на самы няпросты адрэзак часу – перыяд “перабудовы” краіны. Складана было набываць матэрыялы, ды і будаўнічыя работы “сваімі сіламі” зацягваліся. А яшчэ на пэўны час сям’я разам з іншымі сваякамі паехала жыць за мяжу, у Амерыку. Жыццё за акіянам пакінула шмат уражанняў і ў Аляксандра з Алай, і ў іх дзяцей. Яны хутка авалодалі англійскай мовай, хоць у школе вучылі нямецкую, уладкаваліся працаваць, дзеці асвоіліся ў школе. Там, у Філадэльфіі, дзе жыла сям’я, як успамінаюць Луцыкі, усё было іншае, цікавае. Але на Радзіме заставаўся свой дом, сюды вярнуліся бацькі Аляксандра. А таму вырашылі прыехаць назад у Дрочава і яны.
— Мы любім падарожнічаць, бываць у новых месцах, — прызнаюцца Ала і Аляксандр. – У нас шмат сяброў, з задавальненнем наведваем іх.
Пабывалі Луцыкі ў Ірлан­дыі, Германіі, Польшчы. Ды і ў сябе, у аддаленай невялікай вёсачцы, таксама час ад часу прымаюць гасцей. Хоць славутасцей, якімі можна было б зацікавіць іншаземцаў, у глыбінцы няма, але ж зачароўвае гасцей прырода. Усіх вельмі здзіўляе, што дом Луцыкаў стаіць, можна сказаць, у самым лесе, далёка ісці не трэба, каб знайсці грыб ці назбіраць маліны, лясных арэхаў. Але, праўда, на тое, каб правесці экскурсію па лясных сцежках, часу, калі прыязджаюць госці, не хапае. Вёска Дрочава знаходзіцца ў пагранічнай зоне, і надоўга затрымлівацца ў ёй замежным гасцям нельга. Затое самі Луцыкі могуць штодня атрымліваць асалоду ад чыстага ляснога паветра, збіраць дары лесу, любавацца хараством дрэў.
— Лес вельмі прыгожы ў любы час года. І вясною, калі ўсё ажывае, і летам, калі вачэй не адвесці ад зелені. Восенню сваё хараство, бо кожнае дрэва новага колеру. А зімою, асабліва калі шмат снегу і ўсе галінкі дрэў накрыты ім, лес проста казачны. Я часта бяру фота­апарат і раблю фотаздымкі, каб прыгажосць, якая ніколі не паўтараецца, на памяць засталася. Самае галоўнае – ісці далёка нікуды не трэба, — натхнёна расказвае Ала Раманаўна.
Лес вельмі любяць і дзеці Луцыкаў. Праўда, старэйшыя Аліна і Руслан, ужо студэнты, а таму дома бываюць не часта. А вось малодшыя – дзевяцікласнік Віталь і шасцікласнік Улад, калі ёсць час, у лес спяшаюцца. Каб набраць кошык грыбоў, хапае і дваццаці хвілін. Увогуле дзеці ў Аляксандра Мікалаевіча і Алы Раманаўны з малых гадоў, як і іх бацькі, прывучаны да работы. Яны не скар­дзяцца, што ў вёсцы, дзе не так многа сямей з дзецьмі, няма куды пайсці, няма з кім пагуляць. Зносяцца з равеснікамі хлопцы ў школе, а дома ім трэба дапамагчы дарослым і ў полі, і ў двары, бо ў гаспадарцы Луцыкаў дзве каровы, свінні, шмат розных хатніх птушак.
— Гаспадарку вялікую трымаем, — расказваюць гаспадары, — каб на стале ўсе прадукты свае былі. Калі ў доме студэнты, хоць яны вучацца і не на платным аддзяленні, грошай трэба нямала, а таму з зарплаты стараемся купляць толькі тое, што нельга вырасціць ці зрабіць сваімі рукамі. А каб нешта мець, трэба, вядома ж, шмат працаваць.
Аляксандр Мікалаевіч з дому едзе рана. Яму як вадзіцелю школьнага аўтобуса трэба паспець забраць дзетак па ўсіх аддаленых вёсках і да пачатку заняткаў прывезці ў Арэхава. Выканаўшы адну работу, вадзіцель спяшаецца на другую, у мясцовую гаспадарку, дзе таксама адпраўляецца ў рэйсы. І так штодня. І хоць на справы па гаспадарцы часу застаецца вельмі мала, але і тут Аляксандр Мікалаевіч паспявае. Працягваючы бацькаву справу, трымае 20 сем’яў пчол, а яны без гаспадарскага клопату не пачастуюць сваім карысным гасцінцам. І сад даглядае, дрэвы ў якім прышчэпліваў сваімі рукамі. Цяпер садаводчай справе вучыць дзяцей.
Цэлы дзень у клопатах і Ала Раманаўна. Вось ужо трэці год працуе яна сацыяльным работнікам. Двое яе падапечных жывуць у Дрочаве, чацвёра – у вёсцы Добрае. Адзінокіх пажылых людзей яна ўмее падтрымаць, падбадзёрыць, а на свята парадаваць песняй пад гітару і смачным спечаным торцікам. Увогуле Ала Раманаўна вельмі ўмелы кулінар. Як сама прызнаецца, жыццё прымусіла ўсяму навучыцца, бо калі ёсць у гаспадарцы карова, значыць ёсць малако, а з яго павінны быць і масла, і тварог, ды і з мяса ці птушкі хочацца зрабіць смачную страву. А час ад часу парадаваць сям’ю нечым смачненькім дапамагаюць рэцэпты з часопісаў, якія не лянуецца адшукваць гаспадыня. А яшчэ Ала Раманаўна – умелы кветкавод. Прычым любіць жанчына і хатнія кветкі (ў доме больш за 100 вазонаў), і кветкі на вуліцы, якія гарманічна дапаўняюць лясны куточак.
Днём спраў хапае і ў хляве, і на градках, а вось вечарам, асабліва зімою, Ала Раманаўна займаецца рукадзеллем – шые, вяжа, вышывае, пляце з газетных трубачак розныя прыгожыя і вельмі карысныя рэчы. Рукі ўмеліцы стварылі цудоўныя жалюзі са звычайных шпалер, арыгінальныя рамкі для фатаграфій з пенапласту, вазы для кветак – з газет. Ала Раманаўна ўпэўнена – чалавеку, дзе б ён ні жыў, ніколі не будзе сумна, калі ў яго ёсць жаданне нешта рабіць.
Аб тым, што сям’я Луцыкаў дружная і захоўвае сямейныя традыцыі, добра ведае свае карані і цэніць добрыя адносіны з людзьмі, – блізкімі і далёкімі, роднымі і проста сябрамі, сведчыць невялікая фотагалерэя на сцяне ў прыхожай. Сем’і, з якіх пайшлі Аляксандр і Ала, мнагадзетныя. У бацькоў Алы Раманаўны было 9 дзяцей, цяпер, калі разам сабраць усіх, за стол сядзе больш за 50 самых блізкіх людзей. Бацькі Аляксандра Мікалаевіча выгадавалі чацвёра дзяцей. А таму радаслоўнае дрэва дзвюх сем’яў даволі вялікае, моцнае. Галінка іх сям’і таксама не маленькая. Трое сыноў і дачка – надзея і радасць бацькоў.
…Ля дома Луцыкаў цішы­ня. Не чуваць ужо звычных перасвістаў птушак. Але спакой і сум, як добра ведаюць Ала Раманаўна і Аляксандр Мікалаевіч, – гэта розныя паняцці. І ў вялікім горадзе чалавеку можа быць не камфортна. І ў той жа час у самай глыбінцы зусім простым рэчам можа радавацца душа. І нават калі ў чарговы раз давядзецца адправіцца ў падарожжа, Луцыкі ўпэўнены, іх вёска і дом на ўскрайку заўжды будуць тым месцам, куды захочацца прыехаць, быццам птушкам, якія вясною вяртаюцца з выраю.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: Аляксандр і Ала Луцыкі з сынамі Віталем і Уладам.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 25.10.2014 г.

Добавить комментарий


monaliza.kiev.ua

cl24.com.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!