“ХОЛАД” У ПРОЗВIШЧАХ — ЦЕПЛЫНЯ У СЭРЦАХ

Галіна ў бацькоў была адна. Часта кажуць, што адзіночкі вырастаюць спешчанымі, эгаістычнымі і ганарлівымі. Але гэта не пра Галіну. Бацькі яе, Вольга Калінаўна і Васіль Пятровіч, простыя вясковыя людзі, найбольш стараліся перадаць дачцэ такія якасці, якімі былі ўнутрана багаты самі: працавітасць, прыстойнасць, жыццялюбства. Таму сярод сваіх аднакласнікаў Галіна нічым не выдзялялася, калі не лічыць, што заўсёды была ветлівая, спакойная, акуратная, сціплая, шчырая і аптымістычная.
Калі прыйшоў час выбіраць прафесію, зноў жа спынілася на сціплай і самай звычайнай – прафесіі бухгалтара. Тым больш, што і ў аддзеле кадраў радзежскай гаспадаркі іх, старшакласнікаў, не раз агітавалі паступаць у навучальныя ўстановы сельскагаспадарчага профілю – вёсцы патрэбныя былі маладыя, адукаваныя спецыя­ліс­ты. Галіна па­ступіла ў Столінскі сельска­гаспа­дарчы тэх­нікум, а калі яго закончыла, прыехала працаваць у Радзеж, на малую радзіму. На той час у калгасе была вакантнай пасада дыспетчара, маладому спецыялісту яе і прапанавалі. Тут яна прайшла добрую практыку, навучылася аператыўнасці, дакладнасці ў рабоце, прынцыповасці, што дапамагае і цяпер, калі Галіна займае новую пасаду – бухгалтара.
Трэба сказаць, што Галіна з ліку нямногіх яе аднакласніц, хто застаўся жыць і працаваць у вёсцы. У горад ёй ніколі не хацелася, яе душы было больш утульна ў родных мясцінах. Ды і настолькі яна была адданым чалавекам, што ёй, адной у сям’і, не хацелася засмучаць сваіх бацькоў, якія жадалі, каб іх адзінае дзіця было тут, побач з імі, каб бачылі яго і сустракаліся з ім кожны дзень, а не ад выпадку да выпадку.
І сям’ю ў Радзежы стварыла. Іван Холад, мясцовы хлопец, адслужыўшы службу ў Афганістане, таксама вярнуўся ў родную вёску, уладкаваўся вадзіцелем у мясцовую гаспадарку. І прыгледзеў Галіну – сімпатычную, добрую, чулую, шчырую дзяўчыну, якая найбольш і прыцягвала да сябе менавіта гэтымі якасцямі.
Аб тым, наколькі мы адбыліся як бацькі, мяркуюць па дзецях нашых. У Івана і Галіны Холад – іх двое: сыны Іван і Максім. Першы мае вышэйшую адукацыю, займае пасаду галоўнага агранома тут жа, у Радзежы, завочна займаецца ў Гродзенскім аграрным універсітэце, каб набыць другую вышэйшую адукацыю. Максім – студэнт другога курса Столінскага сельскагаспадарчага каледжа. І, хутчэй за ўсё, набыўшы спецыяльнасць эканаміста, і ён прыедзе працаваць у родную вёску.
— Па-сапраўднаму выхаваныя сыны ў Галіны і Івана, — гаварыла былая настаўніца Радзежскай школы Антаніна Іванаўна Касцючык. – Добрыя яны, спагадлівыя, ветлівыя, працавітыя. Цяпер такіх хлопцаў пашукаць трэба.
Знаёмыя і калегі Галіны Холад да ўсяго дадавалі, што калі ёй давялося даглядаць маці, якая злягла пасля цяжкай хваробы і 9 месяцаў не падымалася з ложка, яны, Максім і Іван, добра разумеючы сітуацыю, бралі большасць клопатаў па гаспадарцы на сябе. Як жа не дапамагчы чалавеку, а тым больш роднаму, калі яму цяжка. Гэта ж жыццёвае правіла іх сям’і.

Опубликовано в «ГЧ» 29.10.2014 г. 

Добавить комментарий


best-cooler.reviews/icemule-coolers-best-coolers-for-best-trips/
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!