Другі подых жыцця

У клубе “Не­з­гасальны агеньчык”, які дзейнічае пры раённым тэрытарыяльным Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, на працягу многіх гадоў збіраюцца людзі пажылога ўзросту. Разам яны адзначаюць святы, дзеляцца ўспамінамі, наведваюць славутыя мясціны, спасцігаюць азбуку здароўя, вучацца зна­ходзіць шмат цікавага ў трэцім, самым мудрым узросце жыцця. А вось цяпер, як даведаліся ўдзельнікі чарговага пася­джэння клуба, іх “Незгасальны агеньчык” вызначае новы напрамак дзейнасці — творчы. Штуршком для такіх змен стаў удзел дэлегацыі клуба ў ІІІ фестывалі сацыяльных ініцыятыў, на які пажылыя маларытчане адправіліся ў горад Івацэвічы. Цікавыя выставы рукатворнай прыгажосці, новыя накірункі творчасці пенсіянераў, знаёмства з тымі людзьмі, якія не лічацца з узростам і імкнуцца ісці ў нагу з часам, падахвоцілі кожнага з удзельнікаў паездкі да актыўнасці. І цяпер кожнае пасяджэнне клуба будзе свайго роду міні-прэзентацыяй творчых людзей мудрага ўзросту, якія жывуць на Маларытчыне, а яшчэ ўрокам творчасці і ўмельства для іншых.
Чарговая сустрэча ў клубе на гэты раз больш напамінала гутарку за “круглым сталом”. Кожнаму хацелася падзяліцца сваімі ўражаннямі, данесці да іншых тое, у чым пераканаўся сам. А пераканаліся ўдзельнікі фестывалю ў самым важным: гады не перашкода для таго, каб развіць у сабе творчыя здольнасці. Наадварот, менавіта новае адкрыццё сябе як асобы творчай можа падарыць чалавеку радасць, а цікавая справа — пазбавіць ад пачуцця адзіноты. Маларытчане Галіна Іванаўна Пракапук, якая падрыхтавала да фестывалю насценную газету, дзе расказала аб рабоце клуба “Незгасальны агеньчык”, Тамара Канстанцінаўна Кляшчэўская, вышытыя вырабы якой папоўнілі фестывальныя экспазіцыі, Сяргей Аляксандравіч Беcкаравайны, які здзівіў усіх багатай галерэяй партрэтаў, і Валерый Антонавіч Савасціёнак, які стаў удзельнікам конкурсу “Сеці ўсе ўзросты пакорныя”, расказалі шмат цікавага аб фестывалі, падзяліліся сваімі ўражаннямі. Галоўная думка, якая чырвонай ніткай прайшла праз усе выступленні, – ніколі не бывае позна пачынаць новую справу. Удзельнікі фестывалю не проста распавядалі аб пачутым і ўбачаным, але і прыводзілі канкрэтныя прыклады са свайго вопыту. Так, Валерый Антонавіч менавіта ў пенсійным узросце сур’ёзна заняўся зборам фоталетапісу раёна, навучыўся працаваць на камп’ютары і стварыў свой сайт, асвоіў гітару і цяпер іграе для душы, а яшчэ пачаў займацца вялікім тэнісам і захапіўся навукай аздараўлення арганізма. Расказваючы пра свае хобі, ён і іншым раіў не чакаць, пакуль нехта нечым зацікавіць, а самому знаходзіць занятак для душы.
Знаёмства ўдзельнікаў сустрэчы з творчымі людзьмі раёна пачалося з дыялога з майстрам партрэтнага мастацтва Сяргеем Бескаравайным. Відэапрэзентацыя яго работ стала пралогам да шчырай размовы з таленавітым чалавекам, які з дапамогай пэндзля стварае ў партрэтах гісторыю сучаснасці. Своеасаблівы майстар-клас ад мастака стаў яркім доказам таго, што талент, калі ён ёсць, не паддаецца, не старэе, а наадварот падтрымлівае душэўную маладосць.
Клуб “Незгасальны агеньчык”, як паабяцалі яго арганізатары, яшчэ не раз будзе радаваць пажылых людзей цікавымі сустрэчамі, стаць удзельнікамі якіх, як, між іншым, і непасрэднымі героямі творчых прэзентацый, можа кожны.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: у час сустрэчы клуба “Незгасальны агеньчык”.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 1.11.2014 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.