Рэцэпт па новых правілах

З 19 кастрычніка гэтага года ўступіла ў сілу пастанова Міністэрства аховы здароўя ад 9 верасня г.г. №66, згодна з якой многія з лякарстваў у аптэках будуць адпускаць толькі па рэцэптах. Аб тым, чым выклікана новаўвядзенне, і аб некаторых нюансах яго ішла размова ў інтэрв’ю загадчыцы паліклінікі Таццяны Папко.
— Таццяна Уладзіміраўна, чым выклікана новаўвядзенне?
— Найперш неабходнасцю ўдасканалення лекавага забеспячэння насельніцтва краіны, а таксама для ўзмацнення кантролю за рацыянальным назначэннем лекавых сродкаў і іх належнай рэалізацыяй з аптэкі з мэтай комплекснага рэгулявання праваадносін у частцы выпіскі рэцэптаў урача і наступнай рэалізацыі лекавых сродкаў.
— Наколькі я зразумела, цяпер алгарытм для ўсіх адзіны – спачатку трэба ісці ў паліклініку, каб выпісалі рэцэпт, а затым у аптэку?
— Не зусім так. Пастановай Міністэрства аховы здароўя ад 5 чэрвеня 2012 г. № 55 устаноўлены пералік лекавых сродкаў, што рэалізуюцца без рэцэптаў урача. Гэта, да прыкладу, многія стаматалагічныя сродкі, агульнатанізуючыя, такія як апілак, бефунгін, мелатанін; лекі, што выкарыстоўваюцца для лячэння станаў, звязаных з парушэннем кіслотнасці страўніка, скажам, алмагель, вікалін, маалокс, магнагель; прэпараты для лячэння функцыянальнага парушэння страўнікава-кішачнага тракту, да прыкладу, гастамед, белалгін, гастракінд, папаверын; для лячэння захворвання печані і жоўцекамянёвай хваробы, такія, як лівалін фортэ, артыхол, ліў 52, фламін, халасас, эсэнцыяле фортэ М і інш.; прэпараты, што зніжаюць артэрыяльны ціск, у прыватнасці, каптапрыл; лекавыя сродкі, што нармалізуюць страваванне — мізін фортэ, крыон, ліпаза, панкрэацін, панзінорм, панзінорм фортэ, фестал, а таксама многія вітаміны, настойкі травяныя і інш. З пералікам усіх лекавых сродкаў, што адпускаюцца без рэцэпта, можна азнаёміцца ў кожнай з аптэк.
Усе астатнія лекавыя сродкі адпускаюцца толькі па рэцэптах урача.
— Многія з пацыентаў пакутуюць хранічнымі захворваннямі і пастаянна прымаюць адны і тыя ж лекі. Што ім кожны месяц ісці на прыём, каб выпісалі рэцэпт?
— Людзям, у якіх выяўлены хранічныя захворванні і якія што­дзённа прымаюць адны і тыя ж лекі, цяпер рэцэпт будзе выпісвацца на тэрмін ад 1 да 6 месяцаў. Інакш кажучы, таблеткі доктар выпіша на некалькіх рэцэптурных бланках, кожны з якіх пранумаруе. Першы рэцэпт працуе з дня яго выпіскі, другі і наступныя становяцца сапраўднымі за 5 дзён да таго, як закончыцца поўнае дзеянне папярэдняга. Растлумачу на прыкладзе. Скажам, першы рэцэпт доктар вам выпісаў з 1 па 30 лістапада. Наступны, снежаньскі будзе дзейнічаць за 5 дзён да заканчэння тэрміну лістападаўскага, а гэта значыць з 25 лістапада, трэці, студзеньскі, — з 20 студзеня і г.д. Прычым, урач абавязкова павінен папярэдзіць хворага, калі яму наступны раз прыйсці за рэцэптам.
— А вось такі выпадак: пацыент па ўважлівых прычынах не можа прыйсці ў паліклініку на прыём да доктара. Што рабіць?
— У такім выпадку трэба выклікаць урача дамоў. Без агляду хворага рэцэпт не выпісваецца. Удакладню, што цяжкахворым рэцэпты павінны прынесці дамоў участковая медсястра, памочнік урача ці ўчастковы ўрач ці выпісаць урач пры аглядзе.
— Таццяна Уладзіміраўна, а на ФАПах могуць выпісаць рэцэпт?
— Не, а вось ва ўрачэбнай амбулаторыі — так.
— Яшчэ адна сітуацыя, якая можа часта сустракацца: пацыент прыйшоў у паліклініку, каб запісацца на прыём, а талонаў да доктара, які яго лечыць, няма. Як быць?
— Трэба выклікаць урача дамоў. Хачу сказаць, карыстаючыся выпадкам, нашым грамадзянам: не трэба хвалявацца. У самым пачатку дзеяння новаўвядзення, безумоўна, могуць быць нейкія збоі. Мы іх ужо назіраем, як і шматлюднасць у паліклініцы. Але яшчэ раз паўтару: панікаваць не трэба. Новая сістэма толькі пачынае працаваць, і калі працэс адрэгулюецца, усё стане на свае месцы.
* * *
Згодна з новаўвядзеннем цяпер усе рэцэпты, выпісаныя доктарам, будуць заставацца ў аптэках. Хаця раней тут захоўвалі бланкі толькі на наркатычныя, псіхатропныя, анабалічныя і атрутныя лекавыя сродкі.
Безумоўна, ёсць у новаўвядзенні шмат плюсаў і мінусаў. У ліку першых спецыялісты адзначаюць тое, што выпісванне рэцэптаў па новых правілах дазволіць выкараніць самалячэнне, бо цяпер чалавек не зможа асабіста “прапісаць” сабе небяспечную таблетку. Бо нярэдкія выпадкі, калі хворыя не задумваюцца аб дазіроўцы прэпарата, як правіла, не ўлічваюць свой узрост і тое, як працякае хвароба. І дзе ўжо ім зразумець, што пры хранічным захворванні раней падабраная схема лячэння можа даць збой. Менавіта таму “рэцэпты ўрача на лекавыя сродкі, рэалізаваныя ў аптэцы за поўны кошт, павінны заставацца ў аптэках”.
Падрыхтавала Ірына КАСЦЕВІЧ.
НА ЗДЫМКУ: загадчыца паліклінікі Таццяна ПАПКО.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 8.11.2014 г.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!