…Каб дзіцяці хацелася вучыцца

На базе раённай гімназіі прайшоў раённы этап ІІ абласнога конкурсу «Мультымедыйны ўрок у адукацыйнай практыцы педагога». Творчае спаборніцтва праводзілася ў трох ўзроставых групах: 1-4 класы, 5-9 класы і 10-11 класы. На першай ступені агульнай сярэдняй адукацыі прымаліся конкурсныя ўрокі па 6 прадметах школьнага курсу, на другой і трэцяй – па 9. Абавязковай умовай для ўдзелу ў спаборніцтве была наяўнасць сертыфіката карыстальніка інфармацыйных тэхналогій у адукацыі. Канкурсанты на завочны тур на суд журы прадстаўлялі распрацаваны па пэўнай тэме ўрок (урокі) з абавязковым уключэннем у яго структуру і змест медыя- і мультымедыякампанен­таў, якія забяспечваюць нагляднасць вучэбнага матэрыялу, яго інтэрактыўнасць і даступнасць успрыняццю і засваенню вучнямі. Вочны тур прадугледжваў правя­дзенне адкрытых майстар-класаў па адзінай тэме: «Інфармацыйныя тэхналогіі ў адукацыйнай практыцы педагога». У ім прыняло ўдзел 6 настаўнікаў з устаноў адукацыі Маларытчыны. Сваім вопытам работы прымянення ІКТ з калегамі дзяліліся: Нэлі Шпетная (раённая гімназія, біялогія), Вячаслаў Пацук (хімія, Лукаўская СШ), Ала Аўдзяюк (біялогія, Ланская СШ), Галіна Міхалюк (матэматыка, СШ №2), Людміла Ярмашук (беларуская літаратура, СШ №2), Вікторыя Астапук (пачатковыя класы, СШ №1).
— Журы ўлічвала пры падвядзенні вынікаў і накіраванасць праектавання ўрока на пазначаныя вучэбнай праграмай патрабаванні да ведаў, уменняў і навыкаў па тэме, і дасягненне запланаваных мэт урока, — гаворыць Аксана Краўчанка, загадчык раённага вучэбна-метадычнага кабінета. — Улічвалася таксама і эфектыўнасць арганізацыі педагагічнай дзейнасці: структура ўрока, яго арганізацыя, змест, выкарыстанне метадаў, прыёмаў і форм рэалізацыі зместу, работа вучняў на ўроку і інш. Конкурс пераканаў, што многія педагогі раёна сістэматычна прымяняюць на сваіх уроках інфармацыйна-камп’ютарныя тэхналогіі. Гэта, безумоўна, спрыяе павышэнню якасці адукацыі, робіць урок больш эфектыўным, цікавым, запамінальным.
— Выкарыстанне ІКТ дае мне магчымасць відазмяніць працэс навучання ў цэлым, — гаворыць Нэлі Шпетная, — рэалізаваць яго асобасна арыентаваную мадэль, дае магчымасць інтэнсіфікаваць заняткі і арганізаваць самастойную работу вучняў. Інфармацыйна-камп’ютарныя тэхналогіі на маіх уроках геаграфіі і біялогіі дапамагаюць зрабіць працэс навучання больш выніковым. Яны спрыяюць таму, што дзіцяці хочацца вучыцца самому.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: майстар-клас па прымяненні інфармацыйных тэхналогій выклікаў цікавасць у многіх педагогаў.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 8.11.2014 г.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!