Там, дзе нарадзіўся

Аляксей Ківачук, у адрозненне ад іншых герояў маіх публікацый, не мае высокіх званняў і дзяржаўных узнагарод, ды толькі гэта ніколькі не змяншае яго ўкладу ў развіццё сельскай гаспадаркі раёна ў цэлым і калгаса “Запаветы Леніна” ў прыватнасці.
Гэты сціплы і немалады ўжо чалавек здаўся мне вельмі падобным на свайго брата, колішняга старшыню калгаса “Зара” (так у гады майго юнацтва называўся цяперашні СВК “Арэхава”) Івана Ківачука. Ды яно, відаць, так і павінна быць: народжаныя ад адных бацькоў і выхаваныя ў аднолькавых умовах дзеці звычайна маюць не толькі знешняе, але і ўнутранае падабенства. Не выключэнне і сыны Васіля Ківачука з вёскі Мельнікі. А іх у яго нарадзілася пяцёра. Ды яшчэ тры дачкі.
І хоць лёс раскідаў некалі вялікую сям’ю Ківачукоў па розных кутках адной тады яшчэ вялікай краіны з назвай Савецкі Саюз: Ануфрый аказаўся ў Данбасе, Ніна — у Алушце, Вера — у Малдове, астатнія пусцілі карані на Маларытчыне (Марыя — у Чарнянах, Іван з Пятром — у Арэхаве, а Аляксей з Грышам — на сваёй маленькай радзіме ў Мельніках) — усе яны атрымалі (хто вышэйшую, а хто сярэдне-спецыяльную) адукацыю і сталі годнымі людзьмі. Пётр Ківачук пасля заканчэння Брэсцкага інжынерна-будаўнічага інстытута доўгі час працаваў інжынерам-будаўніком у калгасе “Зара”, а пасля старшынёй сельскага Савета. Трэба сказаць, што гэта ў многім дзякуючы яму Арэхава газіфікавалі ды і ў плане добраўпарадкавання вёскі тады зрабілі нямала. Яшчэ адзін з Ківачукоў, Іван, больш за 20 гадоў узначальваў калгас “Зара”. Варта адзначыць, што гаспадарка пад яго кіраўніцтвам хоць і не знаходзілася ў ліку лідараў, затое была моцным серадняком. Мне асабіста дагэтуль незразумела, чаму яго за год да выхаду на заслужаны адпачынак вызвалілі ад займаемай пасады. Справы ж у гаспадарцы не палепшыліся, наадварот — сталі намнога горшыя.
Падобная сітуацыя склалася і ў СВК “Хаціслаўскі”, калі свае пасады (нехта па асабістым жаданні, а нехта па прапанове кіраўніцтва гаспадаркі) адразу пакінулі некаторыя галоўныя спе­цыялісты і спецыялісты сярэдняга звяна. Сярод апошніх быў і брыгадзір трэцяй паляводчай брыгады Аляксей Ківачук. Яму, праўда, пашанцавала больш, чым брату, бо ён на той момант некалькі месяцаў быў ужо на пенсіі, як гавораць, сацыяльна абаронены. Толькі гэта не змяншала яго перажыванняў за становішча спраў у гаспадарцы. Як прызналася падчас сустрэчы яго жонка Ева Сямёнаўна, Аляксей Васільевіч доўга яшчэ не мог прыйсці ў сябе пасля прапановы кіраўніка СВК напісаць заяву “па асабістым жаданні”. І гэта падчас веснавой сяўбы, калі вопытныя спецыялісты, якія не толькі ўмелі арганізаваць работу, але і ведалі кожны ўчастак, кожны ўзгорак і лагчынку ў гаспадарцы, былі на вагу золата?! Такі ўчынак старшыні быў не зусім зразумелы, але ён не стаў высвятляць яго прычыну і, хоць і няпроста было гэта зрабіць, звольніўся з гаспадаркі. Супакойвала тое, што прапанова такая паступіла не аднаму яму, а і яго сябру, таксама брыгадзіру Мікалаю Герасімуку. Удваіх, маўляў, і непрыемнасці лягчэй пераносіць. А па сут­насці, на першым часе не было і дня, каб Аляксей Ківачук не выбягаў з двара на вуліцу паглядзець, куды пайшла тэхніка. Што ў гэты час адбывалася ў яго на душы, можна толькі здагадвацца. Я ж мяркую, што брыгадзіра, як і яго калегу, хвалявала адно пытанне: як магло стацца, што людзі, якія практычна ўсё сваё жыццё аддалі калгасу і працы на зямлі, аказаліся непатрэбнымі яму? Тым больш, што хаціслаўскія аксакалы сельгасвытворчасці не супраць былі яшчэ папрацаваць, а значыць і прынесці нейкую карысць гаспадарцы.
Між іншым, у жыцці Аляксея Ківачука ўсё магло скласціся не так, як атрымалася. Успамінаючы гады маладыя і пачатак сваёй працоўнай біяграфіі, колішні брыгадзір распавёў пра тое, як у пачатку шасцідзясятых гадоў мінулага стагоддзя лёс закінуў яго ў Данбас. Там, на шахце ў Данецку працаваў яго брат Ануфрый. А ў калгасе, куды ён прыйшоў на працу пасля заканчэння Маларыцкага СПТВ, якія заробкі былі? Вось і вы­рашыў ён паспрабаваць сябе у шахцёрскай справе. Трэба сказаць, што ў яго гэта нядрэнна атрымлівалася. Ды толькі прыйшоў час у арміі служыць. Пасля дэмбелю ён прыехаў у Мельнікі і пайшоў у калгас. Ды як аказалася, ненадоўга. Недзе праз год, калі ажаніўся з мясцовай дзяўчынай з рэдкім імем Ева, развіталіся з вясковым жыццём і ўжо ўдваіх адправіліся ў Данбас: у буйным прамысловым рэгіёне і з работай было лягчэй, і аплачвалася яна не так, як у сельскай гаспадарцы. Тады, праўда, Аляксей уладкаваўся працаваць кранаўшчыком – гэтую спецыяльнасць ён набыў падчас службы ў арміі. І ўсё быццам складвалася добра, ды толькі ад лёсу, як гавораць, не ўцячэш…
А на Маларытчыне тым ча­сам распачалася мелія­рацыя. Не абышла яна бокам і калгас “Запаветы Леніна”, у якім на той момант адбылося адчувальнае абнаўленне машынна-трактарнага парка. Пра ўсе гэтыя калгасныя навіны ў адной з тэлефонных размоў Аляксею распавёў брат Іван, які быў сакратаром партыйнай арганізацыі гаспадаркі і загадчыкам гаража ў адной асобе. Ён і прапанаваў вярнуцца на маленькую радзіму, маўляў, трактар новы атрымаеш.
— Спакусіў брат новай тэх­нікай, — распавядаў падчас нядаўняй сустрэчы Аляксей Васільевіч. – І мы вярнуліся ў Мельнікі.
Вярнуліся, каб ужо назаў­сёды пусціць свае карані на бацькоўскай зямлі.
З гэтага моманту і пачынаецца механізатарска-брыгадзірская “эпапея” Аляк­сея Ківачука. Некалькі гадоў вясной і восенню ён працаваў на трактары, а летам — перасядаў на камбайн. А ў хуткім часе руп­ліваму механізатару, які на той час паспеў ужо атрымаць дыплом механіка ў Пружанскім сельскагаспадарчым тэхнікуме, кіраўнік гаспадаркі прапанаваў пасаду брыгадзіра трактарнай брыгады і намесніка брыгадзіра паляводчай у адной асобе. Вядома ж, ён мог адмовіцца, але не стаў гэтага рабіць. Так у падначаленні Аляксея Ківачука аказалася да 70 механізатараў і каля 40 трактараў: МТЗ, гусенічныя, Т-74.
Кіраваць калектывам, у якім шмат трактарыстаў было старэйшых і з большым вопытам работы, для маладога брыгадзіра было няпроста. Але ён змог арганізаваць працу механізатараў і замацаванай за імі тэхнікі. Займаліся таксама рамонтам няспраўных трактароў. Калі ж у брыгаду паступалі новыя, без яго згоды ніводны не размяркоўваўся. Гэта гаварыла пра тое, што меркаванне брыгадзіра тут было не апошняе, што кіраўніцтва гаспадаркі з ім лічыцца і давярае яму. Аднак праз 4 гады брыгадзірства Аляксей Ківачук прыйшоў да старшыні калгаса і папрасіў яго перавесці назад, у механі­затары.
Пра той свой учынак сёння Аляксей Васільевіч гаворыць так:
— Не паладзіў з брыгадзірам паляводчай брыгады. Хоць мы з дзяцінства былі сябрамі з Мікалаем Герасімуком, у вырашэнні некаторых пы­танняў у нас былі разы­хо­джанні…
Леанід Ляонаў пайшоў яму насустрач. Ды, як аказалася, толькі для таго, каб праз 3 гады прапанаваць яму ўзначаліць трэцюю трактарна-паляводчую брыгаду. Аляксей Ківачук зноў пагадзіўся з прапановай кіраўніка, хоць добра ведаў, што працаваць давядзецца ўдвая больш. Брыгадзірам трактарнай брыгады ўзяў да сябе брата Грышу. Так і працавалі ў адной запрэжцы да 2005 года.
Тыя гады, напоўненыя працоўным энтузіязмам і добрым такім саперніцтвам паміж брыгадамі, Аляксей Васільевіч успамінае з асаблівай цеплынёй. Магчыма таму, што старшыня калгаса Леанід Ляонаў не заціскаў спецыялістаў, даваў ім больш свабоды ў дзеяннях і вырашэнні вытворчых пытанняў. Кожны з іх займаўся сваёй справай: арганізоўваў работу падначаленых, размяркоўваў па ўчастках тэхніку і людзей. А непасрэдным кіраўніком брыгадзіраў быў галоўны аграном. З ім яны стасоўвалі ўсе свае планы, праводзілі асноўныя сельскагаспадар­чыя кампаніі, пасля падводзі­лі вынікі зробленага. Яму не сорамна за сваю брыгаду, якая нароўні з астатнімі таксама неаднойчы выходзіла пераможцай унутрыкалгаснага спаборніцтва. Галоўнае, што і работа, і ўшанаванне лепшых праходзілі ў добра­зычлівай атмасферы. Не было ніякай зайздрасці.
А высокія ўраджаі сельгас­культур, якімі тады славіўся калгас “Запаветы Леніна”, на думку брыгадзіра, сталі магчымымі, дзякуючы таму, што добра працавалі з арга­нікай, ды і апрацоўка глебы была на вышэйшым узроў­ні.
— І нейкая неймаверная адданасць усіх рабоце, — дадае Ева Сямёнаўна. Жанчына сама 22 гады адпрацавала даяркай, і, як ніхто, бадай, ведае, як цяжка быць жонкай брыгадзіра, які для яе і дзяцей ператварыўся ў кватаранта. — Ён жа ў 7 гадзін раніцы ішоў з хаты, а вяртаўся, здаралася, і ў 12 ночы, і пазней. Мы ж дом не маглі дабудаваць. Давялося мне ісці да старшыні, каб адпусціў мужа ў водпуск. У адваротным выпадку прапанавала забраць яго да сябе…
Зараз, вядома ж, так ніхто не працуе. А ім і ноччу дзяжурыць даводзілася: то ў полі падчас жніва, то на торфапляцоўцы. Варта ска­заць, што за час работы брыгадзірам Аляксей Ківачук “з’ездзіў” аж 4 матацыклы…
Аднак цяпер усё гэта: і напружаныя працоўныя будні, і нарады, і ўсё тое, чым жыў брыгадзір столькі гадоў, — ужо гісторыя. І дом Ківачукі пабудавалі, і траіх дзяцей выгадавалі, і пяцёра ўнукаў дачакаліся. Ды толькі брата Грышы, на жаль, нядаўна не стала. Але жыццё працягваецца. Аляксей Васільевіч не можа сядзець дома склаўшы рукі. У першыя гады пасля звальнення з гаспадаркі летам працаваў у брата Івана, які стаў фермерам, на камбайне. Не адмаўляў і старшыні СВК, калі той прасіў пабыць адказным на жніве ці сяўбе. І цяпер працуе. Вартаўніком на пілараме. Ну, не можа ён без работы і ўсё тут…
Надзея ЯЦУРА.
НА ЗДЫМКУ: Аляксей Ківачук.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 8.11.2014 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


http://tmtravel.com.ua/

onlyyou.od.ua

ここで読みます ac-sodan.info