“Не сумуйце, сябры, я іду ў салдаты…”

Кожны раз, калі перад цырымоніяй урачыстых провадаў прызыўнікоў у рады Узброеных Сіл краіны ўглядаешся ў сур’ёзныя твары хлопцаў-навабранцаў, у заклапочаныя, з якіх не-не ды і пабяжыць сляза, вочы іх матуль, міжволі адчуваеш хваляванне. Разумееш, як нялёгка хлопцам развітвацца з домам, сябрамі, каханымі, з прывычным жыццём. І ў той жа час яскрава адчуваюцца ўся важнасць і значнасць падзеі для тых, хто пачынае свой шлях у сапраўдныя мужчыны. Нездарма раздзяліць урачыстасць моманту з прызыўнікамі заўжды прыходзяць прадстаўнікі ўлады, грамадскіх аб’яднанняў, духавенства, родныя і сябры.
Удачы, лёгкай службы, справядлівых камандзіраў, верных сяброў, мудрасці, цярплівасці, вытрымкі жадалі заўтрашнім салдатам намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Сяргей Строк, ваенны камісар раёна Алег Шышацкі, першы сакратар РК ГА “БРСМ” Аляксей Дзямінскі, благачынны цэркваў раёна айцец Віктар.
Нашы продкі, як гучала ў выступленнях, не раз сустракалі ворага, давалі яму адпор. Умець абараніць сваю краіну – абавязак кожнага мужчыны. І каб была моцнай армія дзяржавы, трэба дастойна прайсці важны этап у жыцці кожнага маладога чалавека, сур’ёзную школу, якая вучыць самастойнасці, адказнасці, дапамагае па-іншаму асэнсаваць многія каштоўнасці, стаць больш прыстасаваным да жыцця.
Стойка спраўляцца з усімі цяжкасцямі, апраўдаць давер родных і землякоў паабяцаў ад усіх прызыўнікоў Арцём Ведзіянцаў.
Кульмінацыяй урачыстасці стала ўручэнне павестак. Іх атрымалі 48 юнакоў. Служыць яны будуць у пагранічных войсках, войсках МВД, супрацьпаветранай абароны, артылерыі, сухапутных войсках у гарадах Брэсце, Бярозе, Мінску, Слоніме, Слуцку. Першая група навабранцаў адправіцца ў часці ўжо 14 лістапада.
Музычнымі віншаваннямі падтрымалі прызыўнікоў салісты гарадскога Дома культуры. А фінальная песня ў выкананні Аляксея Пішчыка стала для юнакоў своеасаблівым наказам у дарогу.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: у час уручэння павестак.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 12.11.2014 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий