Хто са спортам сябруе, таму і шанцуе

Гэта яшчэ раз пацвердзіла традыцыйная раённая спартакіяда сярод работнікаў аграпрамысловага комплексу Маларытчыны, якая прайшла ў мінулы чацвер у фізкультурна-спартыўным комплексе “Жамчужына”
Адкрываючы спаборніцт­вы, начальнік райсельгасхарчу Валянцін Зайчук адзначыў, што праводзіць спартакіяду напярэдадні Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК, калі ўшаноўваюць сельгас­вытворцаў, стала добрай традыцыяй. А яшчэ і выдатнай магчымасцю для аграрыяў паказаць свае спартыўныя здольнасці. Першы намеснік старшыні райвыканкама пажадаў удзельнікам спаборніцтваў удачных выступленняў і выказаў надзею, што на гэтай ніве іх дасягненні будуць не горшыя, чым на хлебнай.
Спаборнічалі ўдзельнікі каманд у шашках,7-мет­ровых штрафных ударах у гандбольныя вароты, настольным тэнісе, дартсе, эстафеце па плаванні, кідках у баскетбольную карзіну, більярдзе. А кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў – у дартсе і стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі.
На жаль, мне асабіста ацаніць напал барацьбы ва ўсіх відах спаборніцтваў не атрымалася. Таму што прысутнічаць і ў спартыўным комплексе, і ў Доме культуры, і ў стралковым ціры, дзе ўдзельнікі спартакіяды практычна адначасова высвятлялі адносіны ў розных відах, было проста немагчыма. І ўсё ж.
У ціры, дзе званне лепшага стралка з пнеўматычнай вінтоўкі аспрэчвалі кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў, асобага напружання не адчувалася. Хоць хваляваліся ўсе ўдзельнікі. Самым “смелым” і, як аказалася, трапным, стаў старшыня СВК “Гвозніца” Іван Цымбаліст. Ён адстраляўся першым і з пяці заліковых выстралаў набраў 43 ачкі. Ды толькі, як гаворыць народная прымаўка, адзін у полі не воін. Так атрымалася і з перамогай кіраўніка з СВК “Гвозніца”, якая стала практычна адзінай і вялікага ўплыву на агульнакамандны залік не аказала. У выніку каманда гаспадаркі заняла апошняе месца.
А вось другое месца кіраўніка СВК “Ляхаўцы” Юрыя Ківачука, дарэчы, ляўшы, які “настраляў” усяго на 2 ачкі менш за пераможцу, дапамагло камандзе стаць “бронзавым” прызёрам спартакіяды. Работнікі гэтага сельгаспрадпрыемства таксама паказалі добрыя вынікі ў настольным тэнісе, 7-метровых штрафных ударах, у эстафеце па плаванні, а Святлана Канановіч стала першай у шашках.
Трэцім з 39 ачкамі ў спаборніцтвах па стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі і першым ў дартсе стаў старшыня СВК “Чырвоны партызан” Сяргей Сцепанюк. Як і належыць кіраўніку, ён унёс важкі ўклад у агульную скарбонку. У выніку – у гаспадаркі пятае месца ў агульнакамандным заліку.
У шасцёрку лепшых увайшла і каманда СВК “Арэхава”. Варта адзначыць, што свой уклад у гэтае дасягненне разам з прызёрамі ў дартсе Раісай Луцык і Леанідам Капанькам, унёс таксама кіраўнік гаспадаркі Мікалай Пакроўскі, які стаў трэцім сярод кіраўнікоў у дартсе і чацвёртым у стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі.
З чацвёртым вынікам у шасцёрку мацнейшых увайшла таксама каманда СВК “Дарапеевічы”, прадстаўнікі якой — Сяргей Бледай і Даніла Панфілаў — сталі першымі ў настольным тэнісе і дартсе.
Другое месца ў агульнакамандным заліку за спартсменамі з СВК “Рыта”, якія добра згулялі ў шашкі, прабілі штрафныя ўдары па варотах і выканалі кідкі ў баскетбольную карзіну, у выніку набралі 81 ачко.
Ну а пераможцай спар­такіяды з 86 ачкамі стала каманда СУП “Са­вушкіна”. Варта адзначыць, што ў олтушцаў, як і чакалася, на вышыні аказаліся не толькі плыўцы (адзін Сяргей Яцура чаго варты), якія і святкавалі перамогу (не лішнім будзе сказаць, што менавіта эстафета па плаванні сабрала найбольшую колькасць балельшчыкаў). Першыя месцы ў работнікаў СУП “Савушкіна” таксама ў шашках і ў кідках у баскетбольную карзіну сярод мужчын, прызавыя ў настольным тэнісе сярод мужчын і жанчын, у більярдзе. І гэта справядліва. Бо ў гаспадарцы са спортам сябруюць па-сапраўднаму, а не ад выпадку да выпадку. Вось і падчас спартакіяды, у той час, як іншыя кіраўнікі, як гавораць, “адстраляўшыся”, вырашалі нейкія свае пытанні, ці, уладкаваўшыся на лаўках, хварэлі за сваіх, дырэктар гэтага сельгас­прадпрыемства Сяргей Гусак, яго намеснік Іван Мелянчук і галоўны спецыяліст па кормавытворчасці Сяргей Яцура амаль гадзіну спаборнічалі паміж сабой у кідках у баскетбольную карзіну…
І яшчэ. Я разумею, што сельгаспрадпрыемствы нашы не такія багатыя, каб забяспечваць удзельнікаў спаборніцтваў спартыўнай формай, а вось майкі з назвай каманды, здаецца, абыдуцца не так ужо і дорага. Ну хоць бы такія, як у СУП “Савушкіна”…
Надзея ЯЦУРА.
На здымках: на агнявым рубяжы старшыня СВК “Чырвоны партызан” Сяргей Сцепанюк; званне мацнейшага аспрэчваюць більярдысты; лепшага стралка старшыню СВК “Гвозніца” Івана ЦЫМБАЛІСТА ўзна­гароджвае старшыня РК прафсаюза работнікаў АПК Віктар Марушаў.
Фота Алега Крэмянеўскага.

Опубликовано в «ГЧ» 12.11.2014 г.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!