“Тут усё маё, і мы адсюль родам…”

Роза Смаль нарадзілася ў вёсцы Высокае, жыве ў вёсцы Ужова, дзе яе сям’і выдзелілі дом, пабудаваны згодна з прэзідэнцкай праграмай. Кіламетровую адлегласць паміж гэтымі населенымі пунктамі раз­дзяляе Высокаўская ферма СВК “Чырвоны партызан”, дзе Роза працуе жывёлаводам вось ужо 18 гадоў. Як кажуць, дзе нарадзілася, там і спатрэбілася.
Тут сапраўды маляўнічыя мясціны: побач з домам палі гаспадаркі, на якіх вырошчваюць добрыя ўраджаі, вакол лес, рачулкі і каналы – аблюбаваныя месцы ціхага адпачынку мясцовых жыхароў. Прыгожыя бярозкі паабапал дарогі перад Высокім, куды Роза пасля ранішніх клопатаў на ферме адпраўляецца амаль кожны дзень праведаць маці, зачароўваюць і хвалююць душу. Усё гэта і ёсць маленькая радзіма, якая нікуды далей аднойчы не адпусціла выпускніцу мясцовай школы.
— Мая маці, — расказвае Роза, — калісьці будавала Высокаўскую ферму, а я, як вырасла, прыйшла сюды працаваць жывёлаводам.
— Праца на ферме ніколі лёгкай не была, так? – пытаюся ў жанчыны.
— Прывыкла. Люблю жывых істот. Дзяцей, а ў мяне чацвёра хлопчыкаў-школьнікаў, ранкам да аўтобуса праводжу, а сама — на ферму. Хоць да яе, як кажуць, рукой падаць, аднак паспяваю палюбавацца прыроднай прыгажосцю. Ранкі ж, асабліва летам, вельмі прыгожыя: немагчыма не радавацца кожнаму ўзыходу сонца.
Роза даглядае за цяляткамі ад 10-дзённага ўзросту да 4 месяцаў. Яе стараннасць адзначыла загадчыца фермы Таццяна Бурштын. А клопатаў на гэтым участку хапае: гэта і выпойванне цялятак малаком, і чыстка кармушак, і кармленне, і падсціланне. Нялёгка, бо ручной працы шмат. Але Роза задаволена, што, прыйшоўшы дамоў, можна з лёгкасцю ўздыхнуць: у доме ўсе гарадскія выгоды – вада, газ. Цёпла і светла.
— Дзеці мае, асабліва старэйшыя, кажуць, што ў гора­дзе жыць не захочуць. Яны любяць вясковую цішыню. Старэйшы, сямікласнік, так і зазначыў: вырасту — стану фермерам. Буду разводзіць розную птушку. Дома яны любяць даглядаць за хатняй гаспадаркай, асабліва за птушкай. А яшчэ вельмі любяць рыбачыць – дзядуля калісьці навучыў.
Хто ведае, мабыць, з часам зменяцца гэтыя дзіцячыя мары. Аднак падмурак для іх ажыццяўлення моцны – на фермах працуюць і маці, і бацька, а што значаць родная зямля і свежы ветрык бяскрайніх прастораў – жывыя крыніцы сілы, прыгажосці! Вельмі добрыя мары ў сям’і Смаль!
Ніна СВІЦЮК.
НА ЗДЫМКУ: жывёлавод СВК “Чырвоны партызан” Роза СМАЛЬ.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 15.11.2014 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


zilla credit mmgp

здесь www.xn----7sbajornvhu8c.com.ua

eurobud.com.ua/metallocherepitsa/