Шлях у сапраўдныя мужчыны

Ля пляцоўкі перад уваходам у ГДК райцэнтра – некалькі невялічкіх груп людзей. Тут — мужчыны і жанчыны розных узростаў, а таксама — дзеці. Усе яны гучна і з веданнем справы абмяркоўваюць важнае і надзённае пытанне: будучая служба ў арміі іх сыноў, унукаў, братоў у сучасных умовах. У кожнага свае аргументы, факты і перакананні. Людзі аналізуюць, параўноўваюць, праводзяць паралелі, спрачаюцца, даказваюць сваю думку. Але часу для гэтага малавата. На гадзінніку 15.00. У вялікай зале Дома культуры пачынаецца традыцыйная цырымонія ўрачыстых провадаў прызыўнікоў у рады Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь “Гонар – Радзіме служыць”. Яго вядучая, Вольга Табачкоўская, аб’яўляе аб пачатку мерапрыемства. Адчуваецца важнасць падзеі і яе значнасць. У зале – прадстаўнікі мясцовай улады, кіраўнікі грамадскіх аб’яднанняў, прызыўнікі, іх бацькі, родныя і знаёмыя. Да будучых абаронцаў Айчыны з цёплымі словамі наказу на дарогу звярнуліся: Пётр Губей, старшыня раённага Савета дэпутатаў; Валянцін Абрамук, начальнік групы прызыву на ваенную службу раённага ваеннага камісарыята; Юрый Варанчук, першы сакратар РК ГА “БРСМ”; Сяргей Папко, старшыня раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз афіцэраў”;  айцец Мікалай, благачынны цэркваў раёна. Усе яны гаварылі аб тым, што служба ў арміі – ганаровы і адказны абавязак кожнага мужчыны. Менавіта на яго прыродай ускладзена абараняць сваю сям’ю, жыллё, Радзіму. Армія, як адзначалі выступоўцы, неабходны этап у жыцці кожнага маладога чалавека, сур’ёзная школа, дзе юнак становіцца  сапраўдным мужчынам. Тое, як пройдзе гэтую школу салдат, залежыць толькі ад яго самога. Служба ва Узброеных Сілах загартоўвае характар чалавека, выпрацоўвае жорсткую самадысцыпліну. І тыя, хто служыў у арміі, больш прыстасаваныя да ўмоў жыцця і стойкія да розных няўдач. У адрас заўтрашніх салдат было сказана многа шчырых пажаданняў.

Сардэчныя словы навабранцам гучалі і з вуснаў Ганны Байдук, маці прызыўніка Алега. Ганна Іванаўна пераканана, што іх, хлопцаў, сёння паклікала Радзіма, а не ваенкамат. Таму яны павінны годна выканаць свой грамадзянскі абавязак і стаць сапраўднымі абаронцамі той краіны, у якой нарадзіліся і выраслі, дзе прайшло іх шчаслівае дзяцінства. Потым Мікалай Бялкоў ад імя ўсіх прызыўнікоў  запэўніў прысутных, што хлопцы Маларытчыны  апраўдаюць ускладзены на іх высокі давер. “Нікому не будзе сорамна за нас, дзе б мы ні служылі”, — зазначыў юнак.
Надыходзіць куль­мінацыйны і доўгачаканы момант свята: маёр Абрамук кожнаму прызыўніку на сцэне пад апладысменты ўручае павестку.
-Вясенне-летні прызыў 2010г. на Маларытчыне праходзіць у зладжаным рытме, — адзначае Валянцін Іванавіч. – На сапраўдную воінскую службу ў часці будзе адпраўлена 50 чалавек. Калі параўноўваць з аналагічным перыядам мінулага года, то гэта на 8 чалавек  менш. Нашы хлопцы свой грамадзянскі абавязак будуць выконваць у асноўным у Брэсце, Смаргоні, Слоніме, Гомелі, населеным пункце Цэлі і інш. Будучых абаронцаў чакае 38-ая асобная мабільная брыгада, а таксама войскі МУС, органы пагранічнай службы… Ні для каго не з’яўляецца сакрэтам, дзе ён будзе служыць і кім.
Што на душы ў прызыўніка, які толькі што атрымаў павестку? За адказам мы звярнуліся да Андрэя Васільева.
-Многа эмоцый і хваляванняў, — заўважае юнак. – На нас ускладзена вялікая місія.  Я лічу, што служба ў арміі – канстытуцыйны абавязак, неад’емная частка сапраўднага мужчыны, лепшы спосаб выпрабаваць сябе, праверыць, на што ты здатны. Зусім не разумею тых, хто па розных прычынах ухіляецца ад  гэтага. Цяжкасці, калі яны ўзнікаюць, трэба вучыцца пераадольваць. Кожны хлопец, калі ў яго няма медыцынскіх супрацьпаказанняў, павінен абавязкова адслужыць у арміі на карысць сваёй Радзімы.
Хочацца дадаць на гэты конт і такое меркаванне, якое мімаволі пачуў ад аднаго дзядулі. Служба ў арміі – пэўны этап   эвалюцыйнага развіцця мужчыны і адзін з самых галоўных пунктаў на шляху да станаўлення і фарміравання сталага і самастойнага чалавека. Не трэба штучна пазбаўляць гэтага абавязку і права.
Удачы і лёгкай службы ўсім прызыўнікам Маларытчыны!
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымках: моманты ўрачыстых провадаў у армію; прызыўнік Андрэй Васільеў з маці.
Фота аўтара.

Добавить комментарий


кредит наличными под залог недвижимости

Сashbery mmgp

granit-sunrise.com.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!