У атмасферы творчасці

Што такое творчасць? Шмат­значнае і ёмістае пы­танне, і кожны на яго адкажа па-свойму. Адны пад увагу пры гэтым бяруць свой узрост, другія — сацыяльнае становішча, на­бытую прафесію, трэція — перакананні і погляды на жыццё. Калі ж спытаць у выкладчыкаў і вучняў Маларыцкай дзіцячай школы мастацтваў, то ў большасці выпадкаў адказ будзе такім: «Гэта – стан душы!» Што­дзённае знаходжанне ў атмасферы творчасці і з творчасцю на кожным кроку.
А што можа быць незвычайнага ў рэпетыцыях, выступленнях? Кожны дзень неабходна старанна шліфаваць свае нумары на музычным інструменце. Аднастайна, будзённа, неяк шэра. Што ж тут цікавага?
— Каб зразумець сапраўдную сутнасць мастацтва, гэтым неабходна проста жыць, — кажа Ірына Пятрухіна, дырэктар. — Свет жа мастацтва, у прыватнасці, му­зыкі, з’яўляецца надзвычай гарманічным, чароўным, прываблівым. Ён уздзейнічае на любога чалавека. Праўда, тады, калі ігра прыгожая, яна выклікае станоўчыя эмоцыі, зачароўвае.
Сваю гісторыю Маларыцкая дзіцячая школа мастацтваў бярэ ў 1964г. як філіял Кобрынскай музычнай школы. Тады яе наведвала толькі 20 чалавек. Афіцыйна ўстанова свае дзверы адкрыла 1 верасня 1965 г. з колькасцю 67 навучэнцаў. Пад яе быў перададзены будынак Дома піянераў. У 1969 г. у школе ўжо займалася 100 чалавек па класе фартэпіяна, баяна і акардэона. Важным стаў 1973 г., калі адкрыліся філіялы ў вёсках Олтуш і Макраны. 1 верасня 1999 г. установа атрымала статус школы мас­тацтваў, а ў 2010 г. музычныя школы вёсак Олтуш, Хаціслаў, Чарняны былі рэарганізаваны ў філіялы Маларыцкай дзіцячай школы мастацтваў.
У розныя гады школу ўзначальвалі: Л.П. Віна­градаў, У.П. Шагун, М.С. Юрко, Л.Ф. Несцераў. З 1988 г. дырэктарствуе Ірына Пятрухіна.
— Сёння ў школе мастацтваў да эстэтыкі, суладнасці, гар­моніі і творчасці далучаецца 360 дзяцей на інстру­ментальным, харэа­графічным, выяўленчым, эстрадным вакальным і тэатральным аддзяленнях, — кажа Ірына Эдуардаўна. — З 1 верасня 2011 г. наша школа першая на Брэстчыне адкрыла тэатральнае аддзяленне. Ва ўстанове цяпер функцыянуе 20 вучнёўскіх і 6 педагагічных калектываў, з іх 7 — у філіялах. Два калектывы маюць званні. Гэта — узорны дзіцячы баянны аркестр і народны аркестр народных інструментаў. Для задавальнення попыту школа аказвае 13 відаў платных паслуг. На пазабюджэтнай форме навучання займаецца 150 чалавек.
— Значная частка поспеху залежыць ад калектыву. Які ён у вас?
— У школе мастацтваў цяпер працуюць 42 педагогі, — гаворыць Ірына Пятрухіна. — У нас сабраўся калектыў аднадумцаў, прафесіяналаў, майстроў сваёй справы. Гэта не проста словы дзеля слоў. Уся наша плённая праца пацвярджаецца вынікамі: граматамі, дыпломамі, па­дзякамі, прывезенымі з абласных, рэспубліканскіх, міжнародных конкурсаў і фестываляў. Скарбонка нашых дасягненняў папаў­няецца пастаянна. Напрыклад, толькі за апошнія 5 гадоў у творчых спаборніцтвах рознага ўзроўню прынялі ўдзел 522 вучні. Педагогі і вучні ўзнагароджаны 75 дыпломамі, 70 граматамі, 2 Гран-пры, 37 Пісьмамі падзякі, 45 спецыяльнымі прызамі. У скарбонцы ўзна­гарод – стыпендыя спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Акрамя таго, школа стала пераможцай у спаборніцтве сярод устаноў культуры Брэсцкай вобласці за дасягнутыя высокія вынікі ў сацыяльна-эканамічным развіцці за 2011 г., узнагароджана Ганаровым дыпломам і занесена была на абласную Дошку пашаны.
Наш калектыў у першую чаргу працуе не дзеля перамог на спаборніцтвах рознага ўзроўню. Мы імкнемся даць вучням глыбокія і грунтоўныя веды, выпрацоўваем і трывала замацоўваем набытыя ўменні, навыкі, далучаем да прыгожага свету песні, музыкі, танца… Калі заўжды старанна і добрасумленна ставіцца да сваіх абавязкаў, то, напэўна, заваяваныя перамогі на творчых спаборніцтвах – заканамерны і прагназуемы вынік.
— Асобы гонар любой школы – яе выпускнікі…
— Так. Нам ёсць кім ганарыцца. За 45 выпускаў нашу ўстанову адукацыі закончыла больш за тысячу чалавек. Больш за 200 вучняў паступілі і працягвалі вучобу ў вышэйшых навучальных установах культуры. 25 выпускнікоў цяпер працуе ў нашай школе.
— Ірына Эдуардаўна, чым жыве сёння школа мастац­тваў?
— Калі сказаць коратка, то стратэгію нашага развіцця можна сфармуляваць так: замацаваць атрыманыя поспехі і не спыняцца на дасягнутым! Хочацца думаць, што і са сцен нашай установы выйдуць праслаўленыя майстры сцэны.
* * *
Дарэчы, 21 лістапада ў 16.30 у гарадскім Доме культуры адбудзецца ўрачысты сход і канцэрт, прысвечаны юбілею школы. Уваход – свабодны.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: Ірына Эдуар­даўна Пятрухіна, дырэктар Маларыцкай дзіцячай школы мастацтваў.

Опубликовано в «ГЧ» 19.11.2014 г. 

Добавить комментарий


Профнастил киев читать подробнее
http://avtomaticheskij-poliv.net.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!